29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пытанняў больш, чым адказаў: што мы ведаем пра кітайскую вакцыну ад COVID-19, якой хочуць прывіваць беларусаў

10
Пытанняў больш, чым адказаў: што мы ведаем пра кітайскую вакцыну ад COVID-19, якой хочуць прывіваць беларусаў

Звесткі ад стваральнікаў Coronavac нярэдка зазнаюць сумневы.

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін падчас нядаўняй размовы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб гатоўнасці Кітая пастаўляць у Беларусь сваю вакцыну ад каранавіруса. Такім чынам у краіне можа з'явіцца альтэрнатыва расейскаму «Спадарожніку V».

Што за кітайская вакцына ад COVID-19, наколькі яна эфектыўная і дзе ўжываецца, высвятляла «Еўрарадыё».

Што за Coronavac

У Кітаі распрацоўваюцца некалькі вакцын, аднак цяпер найбольш актыўна на замежныя рынкі «праштурхоўваецца» Coronavac ад кампаніі Sinovac.

У адрозненне ад большасці іншых аналагаў (ад той жа Pfizer або Moderna) Coronavac распрацаваная паводле «старой схемы» - гэта інактываваная вакцына. Кажучы максімальна проста, большасць вакцын распрацоўваліся на аснове «забітых» вірусных часціц. Яны ўводзяцца ў арганізм, пасля чаго выпрацоўваюцца антыцелы. Сучасныя ж даследаванні выкарыстоўваюць элементы РНК (макрамалекул).

Спрэчкі аб тым, ці дастаткова эфектыўныя вакцыны на базе РНК або лепш выкарыстоўваць інактываваныя, вядуцца даволі доўга. Але адказаць на гэтае пытанне змогуць толькі час і маштабныя клінічныя выпрабаванні.

Якая эфектыўнасць у вакцыны?

Ніхто не ведае. Як і ў выпадку з расейскім «Спадарожнікам», кітайскія распрацоўшчыкі досыць закрытыя ў сваёй працы. Звесткі ад стваральнікаў Coronavac нярэдка зазнаюць сумневы: няма ўпэўненасці ў якасці выпрабаванняў, якія праводзіліся, ды і агулам у дакладнасці звестак.

Першапачаткова заяўлялася аб эфектыўнасці вакцын на ўзроўні блізу 80%. Але потым падчас выпрабаванняў у розных краінах пачалося дзіўнае.

У пачатку студзеня Бразілія абвясціла, што Coronavac мае эфектыўнасць усяго 50,38%. Гэтыя звесткі былі атрыманыя пасля выпрабаванні на 12,5 тысячы чалавек. У той жа час абаронцы вакцыны апелявалі да Турцыі: маўляў, там заяўлена аб эфектыўнасці 91,25%. Нюанс: пасля прамежкавага (!) аналізу 29 выпадкаў (!), заснаванага на звестках толькі 1322 удзельнікаў. Наўрад ці такое даследаванне можна назваць хоць колькі-небудзь дакладным.

Цяпер прадаўжаецца трэцяя фаза выпрабаванняў вакцыны. У той жа Турцыі, напрыклад, яе ўжо дазволілі ўжываць у выключных выпадках. Але іншыя краіны не спяшаюцца: так, амерыканская FDA чакае канца выпрабаванняў і толькі пасля гэтага пачне сваю праверку.

«Палітычная воля» vs. рэальнасць

Пры наяўнасці «палітычнай волі» Беларусь зможа атрымаць і выкарыстоўваць Coronavac да канца клінічных выпрабаванняў і без адабрэння САЗ. Далей усё будзе залежаць ад таго, ці гатовыя асабіста вы пайсці на рызыку.

Але ёсць і іншы нюанс: Кітай актыўна прасоўвае гэтую вакцыну ў шэраг досыць населеных краін свету, уключаючы тую ж Бразілію. Пры гэтым кампанія Sinovac гатовая вырабляць толькі 300 мільёнаў доз на год. Улічваючы, што кожнаму трэба па дзве прышчэпкі, гэтага выстарчыць 150 мільёнам чалавек - гэта крыху больш за 10% насельніцтва самога Кітая. З улікам такой абмежаванай колькасці доз ці атрымае Беларусь дастаткова для маштабнай вакцынацыі? Выклікае сумнеў.

А якія яшчэ ёсць вакцыны з Кітая?

Як мінімум дзве інактываваныя вакцыны ад каранавіруса вырабляе кітайская Sinopharm. Адна з іх знаходзіцца цяпер у трэцяй фазе клінічных выпрабаванняў, звесткі аб эфектыўнасці - блізу 80%, аднак якасць даследаванняў таксама выклікае пытанні.

Распрацоўваюць кітайскія фармкампанія і некалькі іншых вакцын, але яны пакуль не ўжываліся хоць колькі-небудзь шырока, і меркаваць пра іх нельга.

Навошта Кітаю столькі вакцын?

Ратаваць свет - справа высакародная, ды і ўласныя 1,4 мільярда насельніцтва трэба неяк зберагчы. Але пакуль што ўлады КНР актыўна прасоўваюць свае распрацоўкі ў іншыя краіны.

Напрыклад, афіцыйны Пекін ужо прапанаваў пазыку на мільярд даляраў для краін Лацінскай Амерыкі на набыццё вакцыны. Фактычна, гэта тыя ж звязаныя крэдыты, якія выдатна знаёмыя Беларусі. Такія ж пазыкі прапаноўваліся і краінам Афрыкі.

Рынкі краін Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі - прынадны кавалак: насельніцтва велізарнае і вакцын трэба нямала. Такім чынам, можна зарабіць. І - у тэорыі - атрымаць дадатковыя палітычныя балы. Магчыма, плануе КНР і экспансію на еўрапейскія рынкі - ва ўсякім выпадку, ужо вядома аб магчымых пастаўках вакцын ва Украіну. Пры гэтым Еўразвяз пакуль не спяшаецца з ухваленнем вакцын з Паднябеснай.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках