25 красавiка 2024, Чацвер, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітвязня

4
Праваабаронцы: Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітвязня
ФОТА: ВАСІЛЬ ФЯДОСЕНКА/REUTERS

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі адразу 31 чалавека.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў з гэтай нагоды заяву.

Менск, 27 студзеня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў у крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем у выкарыстанні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з выкарыстаннем гвалту супрацоўніку МУС, іншым службовым асобам, што выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), яшчэ раз пацвярджаем сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 г. і адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна гвалтоўна іх спыняць, нават калі яны адбываюцца з парушэннямі працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна весціся толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць у абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “у адказ” з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і задумы на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку на незаконны загад (неабхадная абарона).

Згодна з Інструкцыяй вызначэння паняцця “палітычны зняволены”, гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтых асоб у якасці палітычных зняволеных.

Акрамя таго маніторынг гэтых судовых паседжанняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычным кантэкстам.

Так, да прыкладу, за 8 месяцаў 2019 года ў Менску разгледжаны судамі 13 крымінальных спраў аб аказанні супраціву супрацоўнікам міліцыі і ўжыванні ў дачыненні да іх фізічнай сілы. Тром падсудным прызначанае пакаранне ў выглядзе арышту, іншым – абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Такім чынам, працягласць або ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных сходаў, відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.

У шэрагу выпадкаў судовыя паседжанні былі праведзеныя ў закрыты рэжым: на іх не дапускаліся прадстаўнікі грамадскасці, праваабаронцы і прадстаўнікі СМІ. Прычым рашэнні суда аб правядзенні закрытых паседжанняў не былі абумоўленыя неабходнасцю абароны дзяржаўнай таямніцы ці інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу, непажаданай да публічнага распаўсюду.

Таксама маніторныг судовых паседжанняў засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прызумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед указаных асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (а, b, c, d) Інструкцыяй вызначэння паняцця “палітычны зняволены” мы прызнаем палітвязнямі наступных асуджаных да пазбаўлення волі:

Аляксандр Бабіч, (асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт. 363 КК)

Міхаіл Шабалюк, (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 363 КК )

Аляксандр Французаў, (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Яўген Петрачэнка, (асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Ілля Лабацэвіч, (асуджаны на паўтары гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Алег Яфрэменка, (асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт.364 КК)

Дзмітрый Кулакоў, (асуджаны да трох з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 364 і 369 КК)

Уладзіслаў Макавецкі, (асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Аляксандр Кірыленка, (асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Ягор Храменя, (асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Уладзімір Шустаў, (асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Антон Лакішык, (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Павел Манкіненка, (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Арцём Такарчук, (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Яўген Чарвінскі, (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Ілля Фрэнь, (асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Ілля Туркоў, (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі паводле арт.364 і 342 КК)

Глеб Гатоўка, (асуджаны на чатыры гады пазбаўленян волі паводле арт. 363, 364, 342, 435 КК)

Анатоль Хіневіч, (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення воді паводле арт. 364 КК)

Віктар Акцістаў, (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Дзмітрый Галко, (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Аляксандр Захарэвіч, (асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Андрэй Караленя, (асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 363 КК)

Арцём Паўлечка, (асуджаны на тры гады пазбаўленян волі паводле арт. 364, 342 КК)

Яўген Каліноўскі, (асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364, 342 КК)

Сяргей Рымша, (асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364, 342 КК)

Вітольд Ашурак, (асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342, 364 КК)

Раман Караневіч, (асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Алег Фамін, (асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Аляксандр Губейка, (асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК)

Віктар Барушка (асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі паводле п.5 ч. 2 арт. 147 КК)

Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыю ўказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад вартай з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Беларускі дакументацыйны цэнтр

РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend

Кансультацыйны цэнтр у актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман канстанта»

Беларускі ПЭН-цэнтр

Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»

РГА «Прававая ініцыятыва»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках