29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FAZ: На Балтыцы разыгрываецца эндшпіль канфлікту вакол «Паўночнага струменю - 2»

3
FAZ: На Балтыцы разыгрываецца эндшпіль канфлікту вакол «Паўночнага струменю - 2»

«Газпром» імкліва губляе ўплыў.

Але вызначыцца ўсё не ў бурных тэрытарыяльных водах Даніі, а за пісьмовымі сталамі палітыкаў, адвакатаў і старшыняў канцэрнаў у Вашынгтоне ці Берліне. А вось Маскве, рухаючай сіле трубаправода коштам 10 мільярдаў еўраў, застаецца роля назіральніка. Пад ціскам Еўрапейскага Звязу ўплыў найбуйнейшага пастаўшчыка газу на рынкі Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй і Заходняй Еўропы імкліва змяняецца - і ў асноўным не на карысць Уладзіміра Пуціна, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung (пераклад - inosmi.ru).

Паводле звестак «Газпрома» імпарт расейскага газу ў Еўропу і Турцыю скараціўся летась на 14% са 198 да 170 мільярдаў кубічных метраў, то бок, дасягнуў узроўню 2015 года. Прычына ў зніжэнні попыту праз пандэмію каранавіруса. Тым не менш галоўны экспарцёр газу Расеі пацярпеў больш за іншых. Аналітыкі кампаніі Rystad Energy ацанілі агульнае зніжэнне попыту ў Еўропе на 7%, у Нямеччыне, паводле звестак «Рабочай групы ў энэргетычных балансах» (Arbeitsgemeinschaft Energiebilanzen), яно было напалову меншым. Але нават там, дзе попыт павысіўся, прыбытку ён «Газпрому» не прынёс, напрыклад, у Турцыі, а гэта найбуйнейшы пасля Нямеччыны імпарцёр расейскага газу.

За год Турцыя скараціла імпарт газу і дыверсіфікавала крыніцы паставак. Таму «Газпром» не разлічвае на хуткае аднаўленне попыту і пасля заканчэння пандэміі. Да канца снежня ў Еўропу неабходна экспартаваць 183 мільярды кубічных метраў, каб кампенсаваць страты абарачэння хоць бы напалову.

Прычына таго, што адбываецца палягае ў змяненні крыніц і шляхоў паступлення газу. У пачатку года стаў паступаць першы газ з Азербайджана праз Турцыю, Грэцыю і Албанію аж да Італіі. У харвацкім Крке ў пачатку студзеня ўпершыню прышвартаваўся танкер са звадкаваным газам (ЗПГ). ЗПГ мяняе газавую гаспадарку ў Прыбалтыцы. Праз адкрытыя ў 2020 годзе тэрміналы на Балтыцы рэгазіфікаваны ЗПГ ідзе з Эстоніі ў Фінляндыю. З тых часоў фіны скарацілі закупы ў Расеі на траціну. Пастаўкі ЗПГ з Алжыра ці Амерыкі і ў Турцыі адыгрываюць усё больш важную ролю.

Аднак ЗПГ - палка з двума канцамі: танкеры можна хутка адправіць туды, дзе кошты растуць. Гэта можа здарыцца як праз нечаканае пахаладанне, як нядаўна ў Японіі, так і праз больш паспяховае развіццё эканомікі, як у некаторых частках Азіі. Рабіць стаўку на танны звадкаваны газ як на канкурэнта трубаправоднага газу рызыкоўна. Нізкі попыт на яго ў Нямеччыне, які пацягнуў прыпыненне будаўніцтва тэрмінала ў Вільгельмсхафене, паказвае, што не ўсё, на чым напісана «ЗПГ», прывабнае. Незразумела таксама, наколькі доўга прыхільнік аховы навакольнага асяроддзя і клімату Джо Байдэн дазволіць амерыканскім кампаніям весці здабычу сланцавага газу.

Вядома таксама, што Турцыя збіраецца распрацоўваць новыя радовішчы газу, Польшча будуе трубаправод для газу з Нарвегіі, а Амерыка прасоўвае праект трубаправода з Усходняга Міжземнамор'я праз Грэцыю ў Паўднёва-Усходнюю Еўропу. У Румыніі новы ўрад можа паспрыяць рэалізацыі праекта «Нептун», мэта якога - распрацоўка газавых радовішчаў на Чорным моры.

Еўропа эмансіпуецца ад Расеі. «Газпром» шмат у чым саступіў, а давядзецца саступіць яшчэ больш. Тэрмін дзеяння доўгатэрміновых дамоваў з Польшчай і Украінай ужо скончыўся, у Славаччыне і Баўгарыі гэта адбудзецца найбліжэйшымі гадамі. Там паступова ўкараняюцца прававыя і рэгуляцыйныя ўстаноўкі ЕЗ, накіраваныя на ўзмацненне празрыстасці і канкурэнцыі. Так узнікаюць новыя рынкі, а разам з імі - і поле дзеяння для новых гульцоў. Гэта можна бачыць на прыкладзе Украіны, якая цяпер рэалізуе сваю патрэбнасць у газе з Захаду. Украіна інтэгруецца ў цэнтральнаеўрапейскі газавы рынак. Траціна яе газасховішчаў ужо арандаваная замежнымі гандлярамі.

Забеспячэнне газам Еўропы стала больш разнастайным, празрыстым і надзейным. Праз рост прапановы гэта паліва нават патаннела. Але гарантыі, што так і застанецца, вядома, няма.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках