19 красавiка 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: Праз дэфекты абсталявання на БелАЭС можа быць выкід чвэрці назапашанай радыеактыўнасці

48
Андрэй Ажароўскі: Праз дэфекты абсталявання на БелАЭС можа быць выкід чвэрці назапашанай радыеактыўнасці
Фота: ТАСС

Выбух трансфарматара не можа быць планавым.

Старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на днях заявіў, што «ніякіх збояў, непаладак, экстраардынарных сітуацый» на БелАЭС няма.

Заяву чыноўніка ад навукі для сайта Charter97.org пракаментаваў вядомы расейскі фізік-ядзернік Андрэй Ажароўскі:

– Я згодны з Уладзімірам Гусаковым, што надзвычайных сітуацый (падкрэслю, асабліва звязаных з выкідамі радыеактыўнасці), відаць, пакуль яшчэ на гэтай электрастанцыі не было. У чым ён не мае рацыю – дык гэта ў тым, што здарэнняў не было.

Важна падкрэсліць, што цяпер ідзе працэс менавіта доследна-прамысловай эксплуатацыі атамнай станцыі, гэта значыць, атамная станцыя не ўведзеная ў эксплуатацыю належным чынам і адбываецца наладка абсталявання і праверка, ці няма там дэфектнага абсталявання.

І мы бачым, што дэфектнае абсталяванне ёсць. Напрыклад, той самы вымяральны трансфарматар напружання, які выйшаў са строю на атамнай станцыі літаральна праз пару дзён пасля таго, як Лукашэнка яе ўрачыста адкрываў. Гэта значыць, нельга сказаць, што гэта была нейкая планавая падзея – выбух трансфарматара, кароткае замыканне і адключэнне энэргаблока.

Вядома, гэта не самая галоўная дэталь гэтай атамнай станцыі, вымяральны трансфарматар напружання, але, тым не менш, сам факт таго, што на АЭС былі ўсталяваныя дэфектныя элементы абсталявання, проста мае месца. Ніхто ніколі не павінен казаць, што гэта быў планавы выбух трансфарматара. Гэта, вядома, хлусня.

– Якія яшчэ чыннікі могуць паказваць на небяспеку БелАЭС?

– Чаго можна яшчэ чакаць? Можна чакаць шмат іншых праблемаў, бо на атамнай станцыі вельмі шмат розных элементаў, якія могуць спрацаваць ці не спрацаваць. Асаблівую заклапочанасць выклікаюць праблемы з корпусам рэактара, які ўдарылі аб слуп пры транспартаванні, і, тым не менш, усталявалі, а таксама праблемы з бакам сістэмы аварыйнай абароны.

Дэфекты могуць выявіцца не адразу, а толькі, калі спатрэбіцца тая самая аварыйная абарона, заліў рэактара вадой з гэтага пабітага аб слуп бака патрубкаў корпуса рэактара, а бак можа быць непрыдатным да працы або патрубкі працякуць.

Варта адзначыць, што пакуль вось гэтыя здарэнні адбываліся толькі на электрычнай частцы атамнай станцыі, і нам нічога невядома пра падобныя падзеі ў самім рэактары, на сістэмах першага радыеактыўнага контуру, на парагенератары. Гэта не азначае, што там усё заўсёды будзе працаваць добра.

Інжынеры добра ведаюць, што большая колькасць адмоваў і праблемаў узнікае пры ўводзе ў эксплуатацыю аб'екта, калі ідзе свайго роду прыцірка, і ў перыяд, калі аб'ект старэе, зношваецца. Я нагадаю, «Расатам» абяцаў, што вось гэты энэргаблок будзе працаваць 60 гадоў. Дэфекты могуць выявіцца не адразу, не ў першыя гады, а пазней, гэта значыць, небяспека безумоўна застаецца.

Спрагназаваць, як канкрэтна можа здарыцца аварыя менавіта на гэтым энэргаблоку, немагчыма. Аднак можна сказаць (і гэта пацвярджае кансэнсус сусветных экспертаў), што магчымыя разбурэнні самога корпуса рэактара, так званыя pressure reactor failure (адмова рэактара пад ціскам – рэд.), гэта значыць, выхад радыеактыўнасці пад ахоўнай абалонкай. Магчымая адмова парагенератара, гэта гучыць не так страшна, як адмова самога рэактара, але, у сутнасці, рэч жахлівая для такога тыпу энэргаблокаў.

Парагенератар – гэта трубчастая канструкцыя, якая з'яўляецца цеплаабменнікам і мяжой паміж першым радыеактыўным і другім нерадыеактыўным контурам астуджэння. У выпадку масавага выхаду з трубчаткі парагенератара змесціва рэактара пад ціскам 16 мегапаскаль выплёўвае ў другі контур, ён разрываецца, ён не разлічаны на такі ціск, і ўся турбінная зала аказваецца запоўненая радыенуклідамі самога рэактара. Я нагадаю, што, паводле еўрапейскіх ацэнак, прыкладна чвэрць назапашанай радыеактыўнасці можа быць выплюнутая. Гэта можа прывесці да сур'ёзнага забруджвання.

– Да якіх экалагічных наступстваў гэта можа прывесці?

– Магчымыя наступствы найбольш цяжкай радыяцыйнай аварыі для розных АЭС, у тым ліку для Астравецкай, былі прааналізаваныя аўстрыйскімі навукоўцамі.

Апублікаванае даследаванне «FlexRisk» – праект, які правёў аналіз найгоршых сцэнарыяў аварый на ўсіх еўрапейскіх станцыях пры розных умовах. Вынік паказаны на мапах: так выглядае магчымае забруджванне тэрыторыі цэзіем-137.

Чырвоны колер на мапе азначае эвакуацыю насельніцтва, жоўты – праблемы з сельскай гаспадаркай, магчымую забарону на сельскагаспадарчую дзейнасці. Гэта значыць, АЭС небяспечная – гэта факт!

Таксама Андрэй Ажароўскі апублікаваў каментар у сваім Facebook, дзе адказаў на заяву Уладзіміра Гусакова, што Беларусі быццам бы патрабуецца другая і трэцяя АЭС:

– Асцярожна заўважу, што Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў – навуковец у галіне аграрнай эканомікі, акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь

Магчыма, ён не вельмі добра разбіраецца ў пытаннях атамнай энэргетыкі

І вельмі верагодна, што падобныя заявы з'яўляюцца часткай інфармацыйнай кампаніі, закліканай адвярнуць увагу ад праблемаў з ужо пабудаваным першым энэргаблокам. А праблемы ёсць – нікуды не дзеліся: сейсманебяспечная абраная пляцоўка, праблемы з радыеактыўнымі адкідамі і адпрацаваным ядзерным палівам. І рызыка радыяцыйных аварый застаецца...

І, галоўнае, пакуль не ясна, што рабіць з лішкам электраэнэргіі – пакуль жа ў Беларусі ўрад абавязвае прадпрыемствы не эканоміць электраэнэргію, а нарошчваць яе спажыванне.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках