4 сакавiка 2021, Чацвер, 2:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Асяроддзе Лукашэнкі пачне масава разбягацца, ратуючыся»

69
«Асяроддзе Лукашэнкі пачне масава разбягацца, ратуючыся»
ФОТА: УЛАДЗІМІР ЦВІРКА

Падзеі ў Беларусі развіваюцца паводле рэвалюцыйнага сцэнару.

Вядомы расейскі эканаміст, намеснік дырэктара Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных дачыненняў Расейскай Акадэміі навук Яўген Гонтмахер напісаў у артыкуле для «Московского комсомольца» аб тым, што беларуская рэвалюцыя развіваецца паводле сваіх прынцыпаў і канонаў і ламае сённяшнія сцэнары Крамля ў Беларусі.

«Пратэст перайшоў у наступную стадыю: расцёкся па дварах, мікрараёнах, хутка фарміруецца андэграўнд сацыяльнага і культурнага жыцця. Узнікае паралельная рэальнасць: удзень людзі робяць выгляд, што вучацца і працуюць, а вечарам і ўночы, у сацыяльных сетках жыццё ідзе так, як быццам «лукашызму» ўжо няма. Пры гэтым улады не разумеюць, што рабіць, бо ўсіх «не пералавіла». Гэта вельмі нагадвае польскія 70-80-я гады мінулага стагоддзя, якія скончыліся крахам «сацыялістычнай сістэмы» ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе, а затым і распадам СССР.

Але, у адрозненне ад Польшчы, такое суіснаванне можа працягвацца не гадамі, а хутчэй за ўсё толькі месяцамі, таму што ёсць інтэрнэт. Яго адключэнне на працяглы тэрмін тэхнічна сабе даражэйшае для цяперашняга беларускага рэжыму, бо пазбаўляе яго магчымасці развіваць «лічбавы ГУЛАГ», а таксама проста абрыне фінансавую сістэму і рэшткі экспартнага сектара эканомікі», - адзначае экспэрт.

Яўген Гонтмахер называе два важныя чыннікі, якія прывядуць да яшчэ больш моцнай міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і адмовы кіраўніцтва Расеі нават ад фармальнай падтрымкі дыктатара.

«Першы з гэтых чыннікў - паступовае змяненне стаўлення беларусаў да Расеі... Сацыялогія паказвае, што стаўленне да Расеі паступова пагаршаецца. Прычына - дэманстратыўная (хай і млявая) падтрымка Масквой Лукашэнкі.

Другі чыннік - гэта пазіцыя Еўразвязу і ЗША. З іх боку ўжо былі ўведзеныя першыя пакеты санкцыяў у дачыненні да фізічных асоб і некаторых беларускіх прадпрыемстваў... З вялікай дзеллю імавернасці можна меркаваць, што сітуацыя будзе станавіцца больш жорсткай і праз змену палітыкі Еўрасаюзу, і прыходу да ўлады прэзідэнта Байдэна.

Хачу нагадаць, што Кангрэс ЗША пераважнай большасцю галасоў прыняў «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі», які дае магчымасці прэзідэнту ўводзіць новыя санкцыі і не прызнае ўключэнне Беларусі ў «саюзную дзяржаву» з Расеяй. Наўрад ці можна сумнявацца, што новая амерыканская адміністрацыя гэтым не скарыстаецца. А гэта немалаважны сігнал і для Еўразвязу, які павольна, але паслядоўна робіць больш жорсткай сваю палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Мабыць, у найбліжэйшыя месяцы варта чакаць наступнай хвалі санкцый, якія могуць не абмежавацца адключэннем SWIFT. Міністр замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас нядаўна згадаў і аб увядзенні эмбарга на закупку ў Беларусі яе асноўных экспартных тавараў - нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Такога тыпу санкцыі ў нядаўнія часы выкарыстоўваліся толькі супраць Ірана ў сувязі з яго ядзернай праграмай і нанеслі велізарную шкоду гэтай краіне, вымусіўшы яе пайсці на адчувальныя палітычныя саступкі.

У выпадку з Беларуссю такія санкцыі імгненна абрынуць яе эканоміку... Ці возьме на сябе Расея функцыі кампенсаваць гэтую шкоду, калі Лукашэнка будзе па-ранейшаму ўтрымліваць уладу? Рэч тут не толькі ў велізарных незваротных фінансавых выдатках (гаворка пойдзе пра дзясяткі мільярдаў даляраў), але і ў чарговым вітку напружанасці паміж Расеяй і Захадам», - адзначае экспэрт.

Пры гэтым падзеі ў Беларусі будуць развівацца паводле сапраўды рэвалюцыйнага сцэнару, у выніку чаго рэжым Лукашэнкі будзе зрынуты, упэўнены спецыяліст.

У сувязі з гэтым ён раіць расейскім уладам «перайсці ад чакальнай да актыўнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі» і наладзіць кантакты з сапраўднымі лідарамі беларускага грамадства.

«Важным было б і публічнае выказванне салідарнасці выбітных расейскіх спартоўцаў тым беларускім калегам, якія трапілі пад каток цяперашніх рэпрэсіяў», - адзначае экспэрт.

Эканаміст звяртае ўвагу на пераходны характар тых сіл і структур, якія зараз прызнаныя Еўразвязам у якасці прадстаўнікоў беларускага народа. «Таму вельмі важнае наладжванне прамых кантактаў з людзьмі, якія патэнцыйна могуць стаць лідарамі новай Беларусі. У іх ліку нямала тых, хто арыштаваны. Трэба зрабіць усе магчымае для таго, каб яны былі на свабодзе», - піша Гонтмахер.

«Зразумела, што ў Лукашэнкі такія крокі выклічуць істэрыку. Але, атрымаўшы такія недвухсэнсоўныя знакі страты ім расейскай падтрымкі, яму дзявацца будзе няма куды, акрамя як сабраць рэчы на выхад. Тым больш, што яго асяроддзе ў такім выпадку пачне масава разбягацца, ратуючыся», - адзначае экспэрт.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».