18 красавiка 2024, Чацвер, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

133 гады таму нарадзіўся «беларускі Леанарда да Вінчы» Язэп Драздовіч

2
133 гады таму нарадзіўся «беларускі Леанарда да Вінчы» Язэп Драздовіч

Драздовіч - адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

13 кастрычніка 1888 года нарадзіўся Язэп Драздовіч - мастак, этнограф, адзін з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу, піша planetabelarus.by.

Ён з'явіўся на свет на хутары Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. Дзяцінства мастака прайшло ў ваколіцах Галубіцкай пушчы. Сям'я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана страціла бацьку і была вымушаная змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу прафесара жывапісу Івана Трутнева. Там цягам чатырох гадоў асвойваў асновы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага малявання.

Ягоны жыццёвы шлях быў настолькі разнастайны, што аб кожнай з вех можна пісаць асобную кнігу.

Мабыць, у беларускім мастацтве цяжка знайсці такую неардынарную і ўсебакова развітую асобу.

Пісьменнік: бярэцца за напісанне гістарычнага рамана пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які ўпрыгожвае ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзеная і станоўча сустрэтая беларускай грамадскасцю аповесць Язэпа Драздовіча «Вялікая шышка».

Педагог: працаваў настаўнікам малявання ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіцы беларускую школу. У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, Навагрудскай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 года Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстэрню.

Этнограф: Язэп Драздовіч супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўнення экспазіцыі музея ён займаўся раскопкамі гарадзішчаў, збіраў фальклор, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян.

З гэтай мэтай у 1926 году Драздовіч адправіўся ў навукова-творчую экспедыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Навагрудак, Любчу, Мір. У выніку гэтых падарожжаў, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з'явіліся ёмістыя альбомы графікі, якія з'яўляюцца непаўторнай з'явай у беларускім мастацтве.

Мастак-фантаст: у 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя арбіты», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, напрыклад, аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы і кручэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931-1933 гадах Драздовіч прадоўжыў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».

Вечны вандроўнік, ён памёр у дарозе. «Дзядзьку Язэпа», які страціў прытомнасць, знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскую лякарню, дзе праз некаторы час ён сканаў. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліплянах Глыбоцкага раёна. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака, якую выканаў скульптар Алесь Шатэрнік.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках