28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры, якія прадаюцца ў Беларусі?

28
Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры, якія прадаюцца ў Беларусі?

Самая дарагая нерухомасць чакана выявілася ў сталіцы.

Каб убачыць інтэр'еры кватэр заможных людзей у краіне, сёння зусім не абавязкова мець іх у ліку сваіх знаёмых ці напрошвацца ў госці. Intex-press вывучыла аб'явы аб продажы другаснай нерухомасці на адным з папулярных сайтаў і абрала самыя дарагія кватэры ў абласцях.

Менская вобласць: шасціпакаёвая кватэра ў цэнтры Менска – 3 700 000 рублёў

Самая дарагая нерухомасць чакана выявілася ў сталіцы. Гэта шасціпакаёвая кватэра плошчай, большай за 300 квадратных метраў з чатырма санвузламі, дызайнерскім інтэр'ерам і люстрамі з чэшскага крышталю. У аб'яве гаворыцца, што ў гэтай кватэры з зіхатлівай пазалотай коштам 1,5 млн даляраў у эквіваленце ўладальнік жыў не больш за тры месяцы ў годзе.

Берасцейская вобласць: пяціпакаёвая кватэра ў Берасці - 724.000 рублёў.

Нерухомасць у рэгіёнах, нават самая дарагая, апынулася раз у пяць таннейшай, чым у сталіцы. Да прыкладу, за самую дарагую кватэру ў Берасцейскай вобласці, якая знаходзіцца ў Берасці, просяць «усяго» 293 тысячы даляраў у эквіваленце. За гэтыя грошы прапануюць жыллё плошчай амаль 180 «квадратаў» «у выдатным доме ў самым цэнтры Берасця ў паркавай зоне», у якім «зроблены якасны рамонт з імпартных матэрыялаў».

Гарадзенская вобласць: трохузроўневая кватэра ў цэнтры Гародні – 716 900 рублёў

За 290 тысяч даляраў у эквіваленце можна набыць трохузроўневую кватэру ў гістарычным цэнтры Гародні плошчай каля 150 квадратных метраў з персанальным парковачным месцам і ўласнай прыдамавой тэрыторыяй. У кватэры пяць пакояў з трыма санвузламі, абсталяваная кандыцыянерамі і сістэмай відэаназірання. Пры гэтым знаходзіцца жыллё ў доме 1876 года пабудовы.

Гомельская вобласць: двухузроўневая кватэра з аховай – 640 000 рублёў

У Гомелі за 259 тысяч даляраў у эквіваленце выстаўленая на продаж пяціпакаёвая двухузроўневая кватэра ў доме з падземным паркінгам (і ўласным парковачным месцам) і аховай. У кожным пакоі ўсталяваныя кандыцыянеры, у ванным пакоі - джакузі. Уладальнік гатовы разгледзець варыянт продажу толькі аднаго з паверхаў.

Магілёўская вобласць: «траячка» ў два паверхі ў Магілёве – 480 000 рублёў

Кватэру ў два паверхі прадаюць і ў Магілёве, прычым, значна танней, чым у Гомелі. Праўда, пакояў у ёй усяго тры (агульная плошча амаль 150 квадратных метраў), і мэблі, мяркуючы па фота, практычна няма.

Віцебская вобласць: двухузроўневая кватэра з камінам у Віцебску – 408 000 рублёў

У Віцебску двухпавярховая кватэра прыкладна той жа плошчы прадаецца яшчэ за меншыя грошы - 165 тысяч даляраў у эквіваленце. У гэтай кватэры ёсць сапраўдны камін. Уладальнікі гатовыя пры неабходнасці пакінуць пакупнікам усю мэблю «за выключэннем дарагіх сэрцу асабістых рэчаў», але ці давядзецца за гэта даплачваць, не паведамляецца.

Баранавічы: чатыры пакоі ў цэнтры і гараж побач з домам – 190 500 рублёў

У Баранавічах самае дарагое жыллё каштуе ў разы танней, чым у абласных цэнтрах і сталіцы. За чатырохпакаёвую кватэру плошчай блізу 95 квадратных метраў на вуліцы Камсамольскай у самым цэнтры Баранавічаў просяць блізу 77 тысяч даляраў у эквіваленце. У аб'яве гаворыцца, што кватэру можна купіць як з гаражом, які знаходзіцца «ў дзвюх хвілінах ад дома», так і асобна.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках