19 кастрычнiка 2021, aўторак, 18:42
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы зробім так, каб Лукашэнка пачаў захлынацца гэтымі мігрантамі»

33
«Мы зробім так, каб Лукашэнка пачаў захлынацца гэтымі мігрантамі»

Прадстаўнік польскага ўрада распавёў аб сітуацыі на мяжы.

Як плынню мігрантаў праз усходнюю мяжу Польшчы кіруюць беларускія ўлады і як Варшава хоча развязаць мігранцкі крызіс: пра гэта ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» распавёў прэсавы сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.

«Беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у знішчэнні памежных умацаванняў»

- Сёння раніцай вы заявілі, што ў Польшчы затрымалі шпіёна, які працаваў на КДБ Беларусі. Гэта былы спецназавец і памежнік, які цяпер на пенсіі. Звязана гэта з міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы?

- Гэта сакрэтнае следства, таму я не магу паведаміць вам дэталі. Затрыманне беларускага шпіёна адбылося некалькі дзён таму, гэта поспех польскай контрвыведкі і сведчыць аб добрай працы польскіх афіцэраў Агенцтва ўнутранай бяспекі, а таксама аб актыўнасці беларускага боку, якая накіраваная супраць польскіх інтарэсаў. Больш я сказаць не магу.

- Польшча неаднаразова абвінавачвала Беларусь і Расею ў тым, што менавіта яны стварылі крызіс на мяжы. Якія ў вас довады, што гэта правакацыя Менска і Масквы?

- Пра гэта сведчыць карэляцыя фактаў. Першае – гэта выказванні Аляксандра Лукашэнкі, які сёлета некалькі разоў, і ў сакавіку і красавіку, анансаваў пачатак міграцыйнага руху. Ён намякаў, што гэта будзе форма помсты за санкцыі Еўразвязу, за падтрымку апазіцыі. У ліпені адбыўся выбух нелегальных спробаў перайсці польска-беларускую мяжу. У верасні такіх спробаў было 7500. У кастрычніку іх будзе значна больш, гэта я магу сказаць ужо па першых тыднях месяца. І ва ўсёй гэтай міграцыйнай гісторыі бачныя сляды беларускай дзяржавы.

Менавіта беларускія турыстычныя агенцтвы высылаюць запрашэнні патэнцыйным мігрантам. МЗС Беларусі дае ім візы.

Яны начуюць у беларускіх гатэлях, якія кантралююцца дзяржавай. А беларускія памежнікі ўдзельнічаюць у перавозцы гэтых людзей з Менска ці іншых буйных гарадоў на польскую мяжу. І менавіта беларускія сілавікі прыводзяць мігрантаў да мяжы, а часта нават удзельнічаюць у знішчэнні памежных умацаванняў, якія Польшча нядаўна ўсталявала.

З нашага пункту гледжання, удзел у гэтым працэсе беларускай дзяржавы не падлягае ніякім сумневам. Адначасна можна казаць аб дазволе і садзейнічанні расейскага боку. Аб гэтым сведчыць тое, што гэты міграцыйны рух асабліва павялічыўся падчас вучэнняў «Захад-2021». Тады акурат моцна павялічылася дамінаванне Расеі над беларускім бокам, бо расейскія жаўнеры кантралявалі тэрыторыю, дзе адбываліся вучэнні. А гэта перадумова да таго, што Лукашэнка не пайшоў бы на такі міграцыйны крызіс без дазволу Расеі. І самі мігранты таксама кажуць, што трапляюць на мяжу з Польшчай з Расеі.

«Мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману»

- Як такое наогул магло адбыцца? Якім чынам улады Беларусі і Расеі змаглі запрасіць да сябе тысячы розных людзей з іншага рэгіёну свету?

- Здаецца, што спачатку перад беларускімі турфірмамі паставілі задачу - кантакты з некаторымі краінамі, на тэрыторыі якіх ёсць шмат патэнцыйных мігрантаў, якія б хацелі трапіць у Еўразвяз. Там адбывалася вялікая рэкламная кампанія. Ішла рэклама ў сацыяльных сетках або іншых СМІ, папулярных у Іраку, Сірыі і краінах Блізкага Усходу. Арганізоўваліся авіяпералёты з Ірака, са Стамбула. Утварыліся канкрэтныя транспартныя ланцугі, якія дазволілі перавозіць вялікую масу людзей у Беларусь. Але мы ведаем, што мігранты, якія трапляюць у Беларусь, становяцца ахвярамі падману. Ім абяцаюць, што яны лёгка пройдуць з Беларусі ў Нямеччыну або іншыя багатыя краіны Еўропы.

Такое немагчыма арганізаваць без удзелу беларускага дзяржаўнага апарату. Тут былі неабходныя палітычныя кантакты. А цяпер Беларусь ужо фактычна апякуецца гэтымі плынямі.

- Ці можаце вы пацвердзіць існаванне пераходнага лагера на беларускім баку, куды трапляюць уцекачы перад тым, як пачаць пераход мяжы з Польшчай?

- Я магу пацвердзіць, што сапраўды існуе такі спосаб дзейнасці беларускага боку, калі ён спрабуе новых мігрантаў збіраць у канкрэтных месцах, у вялікіх групах. Потым яны дзеляцца на малыя групы. З імі праводзяць інструктаж, дзе прасцей прайсці мяжу. Памежныя службы Польшчы ўжо шмат разоў публікавалі відэа, на якіх бачна, што ролю такіх часовых лагераў выконваюць будынкі, якія звычайна выкарыстоўваюцца беларускімі памежнікамі.

- А што вам кажуць самі мігранты?

- Яны часта кажуць, што беларускі бок іх падмануў. Яны здзіўленыя, што трапілі ў Польшчу. Частка з іх была ўпэўненая, што яны лёгка пяройдуць беларуска-еўрапейскую мяжу, як яны яе называюць, і патрапяць у Нямеччыну. А калі яны бачаць, як ахоўваецца польская мяжа, то адчуваюць сябе ў пастцы. Самі яны не хочуць браць на абардаж мяжу, некаторыя кажуць, што гатовыя нават вярнуцца да сябе дадому. Але часам беларускі бок іх крыху прымушае ісці далей на захад. Гэта значыць, яны цалкам пацвярджаюць удзел беларускага боку ў міграцыйным крызісе.

«Гэта рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей»

- Што цяпер адбываецца каля Горнага Уснара, на польска-беларускай мяжы? Бежанцы з'явіліся там два месяцы таму і жывуць проста ў лесе. Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу CNN казаў, што ім прапанавалі вярнуцца ў Беларусь, каб перажыць зіму. Але яны нібыта адмовіліся і сказалі, што Польшча абяцае ім прытулак.

– Гэты лагер усё яшчэ існуе. Гэтыя людзі прадаўжаюць вандраваць на тэрыторыі Беларусі, я хачу гэта падкрэсліць. Мігранты там знаходзяцца не ў Польшчы, адказнасць за іх ляжыць на ўладах Беларусі. Усе мігранты, якія трапляюць у Беларусь, знаходзяцца там легальна, таму рэжым Лукашэнкі адказвае за лёс гэтых людзей.

Мы ведаем, што гэтая група складаецца пераважна з афганцаў, якія пакінулі Афганістан шмат месяцаў і нават гадоў таму. Спачатку яны знаходзіліся ў Расеі, а ўжо адтуль прыехалі на беларуска-польскую мяжу. На нашу думку, гэтых людзей нельга ўспрымаць як бежанцаў, так кажа міжнароднае права.

- Гэта ўсё яшчэ тыя самыя людзі? Ці туды давозяць новых?

- Не магу сказаць, як сітуацыя выглядае сёння. Польскія памежнікі назіралі, як адну групу беларускія сілавікі замянілі там на іншую. Беларусы апекуюць гэтую групу, прывозяць туды ежу, неабходныя для жыцця ў лесе сродкі, дапамагаюць ім зараджаць тэлефоны, прывозяць цыгарэты і іншыя прадукты.

«Людзей, якім не патрэбная неадкладная медыцынская дапамога, мы вяртаем у Беларусь»

- Беларуская тэлевізія і праўрадавыя СМІ публікуюць відэа з мяжы, на якіх нібыта польскія памежнікі або жаўнеры выганяюць мігрантаў сілай, нацкоўваюць на іх сабак, страляюць у паветра. Што вы на гэта адкажаце?

- Польскія памежнікі прытрымліваюцца нашых правілаў аховы мяжы. Польскія памежнікі і войска не выкарыстоўваюць ніякіх агрэсіўных сродкаў супраць мігрантаў. Але сапраўды, мы рашучыя, таму людзей, якім не патрэбная неадкладная медыцынская дапамога, у каго няма праблем са здароўем, мы іх вяртаем ад нашай мяжы ў Беларусь, каб яны далей былі там легальна.

Я хачу нагадаць, што Польшча не з'яўляецца краінай, куды яны хочуць патрапіць. У пераважнай большасці яны не зацікаўленыя ў тым, каб застацца ў Польшчы, і нават не хочуць падаваць тут заявы на прытулак. Яны разумеюць, што пасля такой заявы яны абавязаныя застацца ў Польшчы на перыяд усёй працэдуры, некалькі месяцаў. А ім гэта не трэба, яны хочуць ехаць далей на захад.

- Але некаторых вы ўсё ж пускаеце да сябе. На якой падставе адбываецца гэты раздзел?

- Польшча затрымала вялікую групу мігрантаў, сярод якіх 45% зацікаўленыя падаць у нас заявы. Тады мы іх прымаем, і яны трапляюць у спецыяльны цэнтр для замежнікаў, дзе яны чакаюць канчатковай пастановы. Але такіх прыкладаў меншасць. Калі яны чуюць, што павінны тады застацца ў нас, то прымаюць пастанову яшчэ раз нелегальна перайсці мяжу, каб патрапіць далей на захад.

- Нямецкая паліцыя паведаміла, што ў Нямеччыну праз Польшчу з Беларусі трапіла ўжо 4300 уцекачоў. Гэта значыць, шматлікія здолелі прайсці мяжу ў абыход польскіх памежнікаў?

- Мне складана назваць нейкія лічбы. Мы ацэньваем шчыльнасць і эфектыўнасць польскай мяжы як высокую, на 90% з нечым. Польскі міграцыйны шлях вядзе таксама праз шлях з Літвы. Гэта значыць, з Польшчы ў Нямеччыну могуць трапляць і мігранты, якія пераходзяць мяжу з Літвой або Латвіяй.

- Хто тыя людзі, якія дапамагаюць мігрантам з Польшчы трапляць у Нямеччыну? Гэта грамадзяне розных краін. Учора падчас уцёкаў кантрабандыстаў у Беластоку адна асоба нават загінула. Хто імі кіруе?

- Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе аб арганізаваных перавозках. Тыя, хто прабіваецца праз мяжу, атрымлівае інструкцыю, дзе шукаць такіх вознікаў. Але іх затрымлівае паліцыя і памежная служба. Усё часцей мы сустракаемся з тым, што кантакт з вознікамі мігрантаў адбываецца як можна далей ад мяжы. Але паводле інфармацыі, якую я маю, злачынныя групы, якія займаюцца зусім іншай дзейнасцю, пачынаюць цікавіцца гэтым шляхам міграцыі з Польшчы ў Нямеччыну. Але ім пакуль моцна перашкаджае надзвычайнае становішча на памежнай тэрыторыі. Такіх людзей значна прасцей выявіць, бо існуе абмежаванне на знаходжанне ля мяжы.

«Цвёрдая пазіцыя па ахове мяжы прынясе эфект»

- Ці разглядае польскі бок магчымасць перамоваў з беларускім бокам? Лукашэнка публічна заяўляў, што ён гатовы сесці за стол перамоваў.

- Мне здаецца, што ўмовы, якія выставіў Лукашэнка, вядомыя. З нашага пункту гледжання, ён спрабуе дэстабілізаваць Еўразвяз, каб прымусіць адмовіцца ад санкцый супраць рэжыму. Таксама Лукашэнка хоча прымусіць прызнаць сябе легітымным кіраўніком Беларусі. Думаю, што ў гэты момант сур'ёзныя палітычныя перамовы немагчымыя. Хоць на нейкім працоўным узроўні мы не выключаем кантактаў з Беларуссю.

- Калі на польска-беларускай мяжы паўстане анансаваная Варшавай загарода і як яна будзе выглядаць?

- Акурат сёння ў Сейме праходзіць прававая дыскусія аб гэтай інвестыцыі. Што тычыцца канкрэтыкі, то мы паведамім пра гэта цягам найбліжэйшых дзён. Пакуль мы аналізуем розныя механізмы, шукаем самыя сучасныя развязанні. Але гэтая ахова значна лепш абароніць нашу мяжу, яна будзе абсталяваная самымі сучаснымі датчыкамі, электронікай, што дазволіць нам лепш сачыць за рухам на мяжы.

- Учора польскія СМІ цытавалі вашы словы, што ўжо вельмі хутка Польшча спыніць плынь мігрантаў з Беларусі. Якім чынам вы хочаце гэтага дамагчыся?

- Магчыма, мае словы памылкова інтэрпрэтавалі. Мы, польскі ўрад, разлічваем, што наша цвёрдая пазіцыя ў ахове мяжы прынясе эфект у выглядзе ціску на рэжым у Беларусі.

Мы хочам стварыць такую сітуацыю, каб Беларусь сама пачала захлынацца ад мігрантаў, якіх яна высылае нам. Мы разлічваем, што гэта прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад сваёй пастановы. Але не думаю, што гэта адбудзецца хутка. Мяркую, што праблемы, звязаныя з міграцыяй, застануцца яшчэ найбліжэйшыя месяцы.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».