19 красавiка 2024, Пятніца, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Сітуацыя з мігрантамі становіцца балючай для беларускіх уладаў

20
Экспэрты: Сітуацыя з мігрантамі становіцца балючай для беларускіх уладаў

Таракан зразумеў, што на яго насоўваецца нешта сур'ёзнае.

Учора стала вядома, што грамадзяне Сірыі, Егіпта, Афганістана, Пакістана, Емена, Ірана і Нігерыі больш не змогуць атрымаць візы ў менскім аэрапорце, як гэта было раней. Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце тураператара «ANEX Tour», а затым яе пацвердзілі ў некалькіх беларускіх турагенцтвах.

Журналісты zerkalo.io запыталіся ў палітычных экспэртаў Ягора Лебядка, Паўла Слюнькіна і Аляксандра Класкоўскага, навошта беларускія ўлады прынялі гэтую пастанову.

«На Лукашэнку насоўваецца нешта сур'ёзнае»

Ягор Лебядок мяркуе, што пастанова аб прыпыненні выдачы візаў у аэрапорце перш за ўсё азначае, што мігранты становяцца нарастаючай праблемай для Аляксандра Лукашэнкі.

- З аднаго боку, ён разумее, што насоўваецца нешта сур'ёзнае: мігрантаў у Менску ўжо дастаткова, яны ўвесь час знаходзяцца ў гандлёвых цэнтрах, сядзяць па звычайных дварах. Рызыка розных эксцэсаў расце, і цалкам імаверна, наяўнасць «гасцей» выклікае сур'ёзную незадаволенасць беларусаў. Гэтую «лавачку» трэба згортваць, асабліва калі ўлічваць, што чаканага эфекту ад міграцыйнага крызісу для Лукашэнкі няма, - мяркуе Лебядок.

Пры гэтым ён дадае, што ў той жа час Лукашэнку трэба «захаваць твар»:

- Цяпер ён не можа так проста скасаваць указ пра бязвізавы рэжым (грамадзянам Ірана, Пакістана і Егіпта пры наяўнасці дзейнай візы ў краіны ЕЗ або Шэнгенскай зоны і зваротных авіяквіткоў з Беларусі віза не патрэбная, - Заўвага. Zerkalo.io), гэта выставіць яго слабым у вачах уладаў іншых краін і сваіх паплечнікаў. Таму застаюцца такія крокі «цішком» без афіцыйных захадаў і заяў - спыненне выдачы візаў у аэрапорце, - дадае экспэрт.

«Гэта можа быць спробай узяць хвалю мігрантаў пад кантроль»

Экс-дыпламат і палітычны аналітык Павел Слюнькін дадае, што рабіць высновы што да пастановы аб скасаванні выдачы візаў у аэрапорце пакуль рана. Яна магла быць тэхнічнай, рыхтавацца даўно і ў іншых умовах, але апынуцца фармалізаванай толькі цяпер.

- Аднак калі яна ўсё ж звязаная з міграцыйным крызісам, мы вельмі хутка гэта зразумеем: важнай і паказальнай будзе колькасць мігрантаў, якіх развярнулі на мяжы, - кажа аналітык.

На думку экспэрта, пастанова аб прыпыненні выдачы візаў для грамадзян Сірыі, Пакістана, Емена, Нігерыі, Егіпта, Ірана і Афганістана магла быць у тым ліку выкліканая з'яўленнем непадкантрольных беларускім уладам хваляў міграцыі з гэтых краін.

- А гэта акурат спроба ўзяць іх пад кантроль. Раней чалавек проста прылятаў у аэрапорт і патрабаваў візу. І такіх людзей у нейкі момант магло стаць занадта шмат. Іх няма дзе размяшчаць, ім даводзіцца адмаўляць. І калі яны прыехалі не ў рамках «арганізаванага тура», а са сваёй ініцыятывы, іх увесь час неабходна вяртаць назад. І ў выніку гэта стварае праблемы для саміх уладаў Беларусі. Цяпер жа такія самастойныя паездкі спыняцца, бо мігрантаў проста не пусцяць на борт самалёта, - мяркуе экспэрт.

«Сітуацыя пачала станавіцца балючай для беларускіх уладаў»

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі таксама мяркуе, што афіцыйны Менск сам пачаў адчуваць праблемы ад міграцыйнага крызісу.

- Гэта адчувалася і з тону нарады, якую нядаўна ў гэтым пытанні правёў Аляксандр Лукашэнка. Ён успомніў, што наступаюць халады, і беларускаму боку давядзецца клапаціцца аб гэтых няшчасных людзях. Акрамя таго, нядаўна польскі бок заявіў, што ён можа стварыць такую сітуацыю, што Беларусь сама стане захлынацца ад мігрантаў, якіх яна накіроўвае да іх. З гэтых заяў можна зрабіць выснову, што жорсткая пазіцыя Польшчы, Літвы і Латвіі ў гэтым пытанні сталася для беларускіх уладаў нечаканай, а вяртанне мігрантаў стала для іх непрыемным сюрпрызам, - мяркуе Класкоўскі.

Аналітык дадае, што, цалкам магчыма, у Менску сталі думаць, што рабіць з людзьмі, якіх «вярнулі» еўрапейскія памежнікі.

- Статыстыкі няма, але здаецца, што ў Беларусі ідзе назапашванне мігрантаў. Гэтых людзей трэба дзесьці размяшчаць і надаваць ім медыцынскую дапамогу. Да таго ж сярод іх могуць быць не самыя бяскрыўдныя суб'екты - у тым ліку і ўдзельнікі баявых дзеянняў. Дзе гарантыя, што яны не стануць дзейнічаць на беларускай тэрыторыі? Я думаю, цяпер улады задумаліся над гэтай сітуацыяй і над тым, як яе развязаць, бо яна пачала станавіцца значна больш балючай, - мяркуе Класкоўскі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках