29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За чатыры секунды ў галаве пранеслася ўсё маё жыццё»

9
«За чатыры секунды ў галаве пранеслася ўсё маё жыццё»
Аляксей Харламаў

Афіцэр са Слоніма распавёў, як ратаваў жаўнера, які выпусціў баявую гранату.

13 кастрычніка Аляксей Харламаў запомніць на ўсё жыццё. У гэты дзень у вайсковай частцы пад Слонімам на палігоне праходзілі заняткі ў агнявой падрыхтоўцы. Падчас выканання практыкавання кідання гранаты вайсковец тэрміновай службы выпусціў яе. У лічаныя секунды старэйшы лейтэнант Харламаў адштурхнуў хлопца ў бяспечнае месца і накрыў яго сваім целам.

Ён распавёў агенцтву «Минск-Новости», як гэта адбылося.

У выніку інцыдэнту афіцэр атрымаў нязначныя траўмы, жаўнер не пацярпеў. У гэтыя дні Харламаў праходзіць лячэнне ў Менску, у галоўным вайсковым шпіталі. Са слоў лекараў, у экстранным аператыўным умяшанні афіцэр не меў патрэбу, усе яго раненні сляпыя, аскепкавыя і не нясуць пагрозы жыццю.

Аляксею 23 гады, нарадзіўся ў Поразаве Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні паступіў у 2015 годзе на агульнавайсковы факультэт Вайсковай акадэміі. У 2019 г. размеркаваўся служыць у 11-ю механізаваную брыгаду.

«13-е чысло хтосьці ўважае для сябе нешчаслівым. Я ж запомню гэты дзень на ўсё жыццё, - кажа Аляксей. - Мяркую, гэты дзень стаў для мяне і яфрэйтара Эдуарда Тарановіча другім днём нараджэння. Раней у такія крытычныя сітуацыі не трапляў. Заўсёды, калі праводжу заняткі ў агнявой падрыхтоўцы, пракручваю ў галаве магчымыя няштатныя сітуацыі і шляхі выхаду з іх. Так мяне ў свой час навучылі камандзіры. Гэта і дапамагло выратаваць жаўнера і не загінуць самому. Як, зрэшты, і захаванне захадаў бяспекі падчас кідання баявых гранат. Сродкі абароны - шлемы, бронекамізэлькі - абавязковы атрыбут на палігоне. Патрабаваннямі бяспекі ні ў якім разе нельга грэбаваць».

Са слоў суразмоўцы, Эдуард Тарановіч - вайсковец добрасумленны, дысцыплінаваны, у лістападзе звальняецца з тэрміновай службы дадому. Разам з іншымі жаўнерамі ён спачатку выконваў трэніровачныя кідкі навучальных гранат. А калі дайшла справа да баявой, мабыць, перахваляваўся, не ўтрымаў у руцэ і выпусціў.

«У яго вачах я ўбачыў страх і разгубленасць, - успамінае афіцэр. - Я ж выразна ўяўляў, што ў такой сітуацыі трэба рабіць. Усё гэта прапісанае ў інструкцыях, рэгламентных дакументах у агнявой падрыхтоўцы. Дык вось, паводле інструкцыі, гранату, якая ўпала, ні ў якім разе нельга падымаць, а паспрабаваць адкінуць нагой у бок. Я так і паступіў.

Але граната не скацілася ў траншэю, таму нам давялося туды скакаць. На ўсё пра ўсё даецца блізу чатырох секунд. За гэта мізэрны час у галаве пранеслася ледзь не ўсё маё жыццё. Адкінуўшы жаўнера ў акоп, я паспяшаўся за ім атуліць яго сваім целам. У момант падзення адбыўся выбух. Аскепкамі пашкодзіла ногі і трохі зачапіла правую руку. Думаю, мне вельмі пашанцавала. Балазе яфрэйтар не пацярпеў. Хлопец вельмі моцна перапалохаўся за мяне».

Харламаў папярэдне прабудзе на лячэнні ў медыцынскім цэнтры блізу двух тыдняў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках