29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі

8
Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі

Пары з Ірана дапамаглі палякі.

Маладая жанчына па імі Неда і яе муж Абузар сядзяць пад дрэвам дзесьці непадалёк ад беларуска-польскай мяжы, галодныя, змёрзлыя, у стане поўнага адчаю, паведамляе DW.

«Тыдзень таму я страціла прытомнасць, страціла шмат крыві і ў выніку пазбавілася дзіцяці», - распавядае Неда. Дзесяць дзён таму яны з мужам прыбылі ў Польшчу з Менска ў надзеі неўзабаве адправіцца далей, у бок Нямеччыны.

Пару дзён таму іх чарговым разам выправадзілі з тэрыторыі Беларусі.

«Беларускія паліцыянты забралі ў нас грошы на куплю ежы і SIM-карты, але так нічога нам і не прынеслі», - абураецца муж Неды. Затым, з ягоных слоў, сілавікі спустошылі іх кішэні і ўначы сілай адвезлі да польскай мяжы. З тых часоў пара застаецца пад гэтым дрэвам - ім больш няма куды ісці.

Дапамога валанцёраў

Карэспандэнт DW даведаўся пра гэтую сям'ю дзякуючы мясцовым актывістам.

Кася - адна з тых, хто дапамагае нелегальным мігрантам, якія апынуліся тут. Уначы, калі да валанцёраў паступіла паведамленне аб іранскай пары, ёй давялося пакінуць дзяцей дома і адправіцца да іх насустрач. Пара была «ў вельмі цяжкім стане», узгадвае актывістка. Абодва размаўляюць на фарсі і ламанай ангельскай, таму для стасункаў давялося выкарыстоўваць прыкладанні для перакладу на смартфонах.

Помста Лукашэнкі

У траўні беларускі дыктатар Лукашэнка ў адказ на ўзмацненне жорсткасці заходніх санкцый заявіў, што Менск больш не будзе ўтрымліваць бежанцаў ад далейшага руху ў краіны Еўразвязу. Пасля гэтага імкліва ўзмацнілася плынь нелегальных мігрантаў у Еўропу. Гаворка ідзе пра тысячы мігрантаў, у асноўным з краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

Еўрапейскія ўлады мяркуюць, што Менск наўмысна забяспечвае ўмовы для ўвозу нелегальных мігрантаў у краіну і незаконна перапраўляе іх да межаў з краінамі - чальцамі ЕЗ.

У жніўні Польшча, Літва, Латвія і Эстонія абвінавацілі Беларусь у выкарыстанні нелегальных мігрантаў як зброі ў так званай гібрыднай вайне супраць ЕЗ. Прэм'ер-міністры гэтых краін у супольнай заяве заклікалі ААН ужыць захады супраць беларускага кіраўніцтва за заахвочванне замежнікаў да незаконнага пераходу межаў Еўразвязу.

Надзвычайнае становішча

У сувязі з наплывам бежанцаў Польшча 2 верасня ўвяла надзвычайнае становішча і стварыла ахоўную прымежную зону. Гэта тэрыторыя шырынёй 3 км і даўжынёй 418 км - уздоўж усёй беларускай мяжы.

У сувязі з прытокам бежанцаў Польшча плануе ўзвесці на мяжы з Беларуссю спецыяльную загароду. Адпаведны законапраект парламент ухваліў 14 кастрычніка. Дакумент прадугледжвае ўзвядзенне мура коштам 353 мільёны еўраў, які павінен быць абсталяваны датчыкамі руху. Праект закона прадугледжвае, што ніхто не зможа набліжацца да новай памежнай загароды бліжэй, чым на 200 метраў.

Польскія памежнікі публікуюць у Twitter відэазапісы, якія даводзяць, што Лукашэнка рыхтуецца пусціць праз мяжу яшчэ больш людзей.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках