20 красавiка 2024, Субота, 3:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хворых з 25% паразы лёгкіх ужо не кладуць у шпіталь»

29
«Хворых з 25% паразы лёгкіх ужо не кладуць у шпіталь»
ФОТА: REUTERS

Лекары расказалі пра кашмары чацвёртай хвалі каранавірусу ў Беларусі.

Супрацоўнікі менскіх медыцынскіх установаў Беларусі расказалі «Радыё Свабода» шакавальныя факты пра працу падчас эпідэміі COVID-19.

«Чым скончыцца гэты кашмар, ніхто не ведае»

Медыцынская супрацоўніца А. (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі):

«Становішча жудаснае. Толькі ў нашай клініцы за выходныя на мінулым тыдні памерлі 32 пацыенты.

Людзей класці няма куды. У палаце на 6 чалавек знаходзяцца 9. Хто не змясціўся, ляжыць на каталцы. Ужо сказалі, што хворых будуць размяшчаць у аперацыйным блоку, бо там ёсць падводка кіслароду, якога цяпер катастрафічна не стае.

Кіраўніцтва пытаецца: “Чаму ў вас ламаюцца апараты Баброва (выкарыстоўваюць для ўвільгатнення чыстага кіслароду – РС)?” Што на гэта адказваць? Таму што гэта прылады, якім уласціва ламацца?

Даходзіць да таго, што ў працоўным чаце медыкі пішуць: “Можа, у некага будзе лішні кісларод, увільгатняльнік?”

У адной з клінік праз нізкую тэмпературу ноччу падмерзлі клапаны балонаў. Праз гэта адбылася затрымка падачы кіслароду для пацыентаў у рэанімацыі. Пазней у гэтай клініцы ў той самы дзень памерлі 4 чалавекі, сярод іх цяжарная жанчына на апошнім месяцы. Ёй хутка зрабілі кесарава сячэнне, і дзіця выратавалі.

Я не ведаю, тут ужо гаворка ідзе пра халатнасць ці пра мітусню, у якой мы працуем.

Усё замоўчваецца, як быццам сітуацыя “спакойная”. Людзі як хадзілі без маскі, так і прадаўжаюць гэта рабіць. Хворых шпіталізаваць няма куды. У маім аддзяленні заробак застаўся такі, як быў раней: усё роўна, 6 чалавек працуе на ўсіх пацыентаў або 2.

Планавыя аперацыі з хранічнымі захворваннямі адкладаюцца. Нібыта яны не экстранныя. Але не факт, што праз нейкі час яны не стануць экстраннымі.

У нашай клініцы не хапае нават сродкаў індывідуальнай абароны. Абмежаваная колькасць камбінезонаў, аднаразовых шапак. А ў звычайных аддзяленнях выдаюць адну аднаразовую маску на тыдзень.

Персаналу не стае. Пад пагрозай звальнення прымушаюць загадам ісці працаваць – не глядзяць, каму 60 гадоў, каму 20.

Цяпер чакаюць, што прыедзе Піневіч (міністр аховы здароўя Беларусі. – РС). Медработнікаў з дому выклікаюць тэрмінова прыбіраць лісце. Падзялілі тэрыторыю і замацавалі за кожным аддзяленнем. Заданне зверху даюць старэйшай загадчыцы, а яна ўжо нас моліць: прыедзьце, дапамажыце.

Паказушна робіцца ўсё. Звычайна лекары працуюць кожны дзень у брудных зонах і думаюць толькі, каб не запэцкаць гэты камбінезон біялагічным матэрыялам: крывёю, слінай, мачой. Пацыенты – яны ж кашляюць. Усё эканоміцца, але як толькі прыедзе Піневіч, то “вось вам, калі ласка, і маскі, і рэспіратары, і камбінезоны...”»

«Свайго жыцця няма ўвогуле ніякага»

Медыцынская супрацоўніца N. (імя і прозвішча ёсць у рэдакцыі):

«7-дзённую ізаляцыю людзі не выконваюць – ходзяць без масак у крамы, на працу, ездзяць у грамадскім транспарце. Калі раней, у першую хвалю кавіду, хворых яшчэ неяк стараліся правяраць – тэлефанавалі ў дамафоны, то цяпер жа гэтым ніхто не займаецца. Сёння мы абавязаныя раз на тры дні дынамічна назіраць за кавіднымі пацыентамі. Але за валам працы мы гэтага практычна не робім.

Цяпер вельмі шмат маладых з высокай тэмпературай і з 50% паразы лёгкіх. Хворых з 25% ужо не кладуць у лякарню, а адпраўляюць лячыцца дадому, таму што месцаў у лякарні няма.

Што будзе далей – не зразумела. У нас ужо вузкія спецыялісты дапамагаюць у кавідных брыгадах: гінеколаг, уролаг. А пацыенты ўсё дадаюцца і дадаюцца. Дакладна ведаю, што да плато нам яшчэ вельмі далёка. Краю не відаць.

На працу прыходзіш за 2-3 гадзіны да пачатку прыёму пацыентаў, пачынаеш апрацоўваць ўчорашні дзень, заносяцца ўсе звесткі з дакументаў у кампутар, выпісваеш бальнічныя лісткі, потым ездзіш на візіты – спадзяешся на 5 пацыентаў, але пакуль ты ў дарозе, накінуць яшчэ 10.

Бывае, едзеш толькі да аднаго пацыента, у якога быў станоўчы мазок, каб адкрыць самаізаляцыю, а там з пакояў вылазяць, як мурашы, яшчэ 5 хворых ягоных сваякоў.

Я ўжо баюся хадзіць па вуліцах і крамах. Усюды гэтыя пацыенты, спыняюць, пачынаюць браць нейкія кансультацыі.

Каб да чалавека, які проста дрэнна сябе адчувае пры сімптомах, падобных на COVID-19, прыехала брыгада хуткай, неаднаразова даводзілася хлусіць, што сатурацыя (насычанасць крыві кіслародам. – РС) у яго вельмі нізкая. Інакш лекары не адгукнуліся б.

Нам, медыкам, увогуле не даюць аднавіцца. Калі ў стацыянары лекар займаецца канкрэтнай палатай 10 дзён і прыкладна праз 2 дні туды падкладаюць свежага пацыента, то мы штодня кантактуем з 20 такімі. Вірусная нагрузка велізарная.

На днях нарэшце дазволілі выкінуць камбінезон, у якім я ездзіла з верасня – ён ужо ўвесь жоўты і брудны, разыходзіцца на швах. Прычына такой раптоўнай пастановы – прыезд санстанцыі.

Аднак ёсць у нас і такія жанчыны з медперсаналу, якія проста не хочуць абараняцца. Таму што прычоска, прыгажосць, макіяж. Едуць браць мазок у аднаразовым халаце, нават не ў камбінезоне, у звычайнай масцы і ў адной пары пальчатак.

Свайго жыцця няма ўвогуле ніякага. На доўгія адпачынкі не пускаюць. Цяпер ужо ўсе такія выматаныя, што ніхто нічога не хоча. Ні надбавак, проста нічога. Нейкая вялізная катастрофа».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках