29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежныя актывы банкаў Беларусі зайшлі ў мінус

Замежныя актывы банкаў Беларусі зайшлі ў мінус

Санкцыі Еўразвязу дзейнічаюць.

У чэрвені найбуйнейшыя дзяржбанкі Беларусі трапілі пад санкцыі Еўразвязу. Сайт «Банки24» прааналізаваў, як сістэма пражыла цэлы квартал пад ціскам ЕЗ.

Для беларускіх банкаў характэрнае адмоўнае значэнне чыстых замежных актываў. Тое, што чыстыя актывы знаходзяцца ніжэй за нуль, значыць, што валавыя актывы банкаў ніжэйшыя за валавыя пасівы. У гэтым прыкладзе валавыя актывы – гэта патрабаванні банкаў да нерэзідэнтаў Беларусі, а пасівы – абавязальніцтвы перад нерэзідэнтамі.

Асноўную масу замежных актываў банкаў складаюць валюта і дэпазіты. На 1 кастрычніка банкі Беларусі валодалі 532,4 млн USD валюты і 926,9 млн USD дэпазітаў.

У цэлым на справаздачную дату валавыя замежныя актывы сістэмы дасягнулі 1,690 млрд USD. У 2014–2021 гг. памер валавых актываў банкаў вагаўся ў даволі шырокіх межах – ад 1 да 2,3 млрд USD.

У канцы 2 квартала Беларусбанк, Белаграпрамбанк і Белінвестбанк патрапілі пад санкцыі ЕЗ. Кампаніям з Еўразвязу забаранілі набываць, прадаваць, прапаноўваць інвестыцыйныя паслугі і мець справу з пераводнымі каштоўнымі паперамі і інструментамі грашовага рынку з тэрмінам выплаты большым за 90 дзён, калі гэта тычыцца падсанкцыйных суб'ектаў.

У кастрычніку Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра Беларусь. Мяркуючы з яе тэксту, еўрачыноўнікі распрацоўваюць пяты пакет санкцый, які зноў можа закрануць фінансавы сектар краіны. У рэзалюцыі ЕЗ прапануецца ўвод абмежавальных захадаў у дачыненні да металургіі, вытворчасці або апрацоўкі дрэва, хімічнай прамысловасці, усіх дзяржбанкаў і іншых ключавых кампаній у дзяржсектары.

Валавыя пасівы (абавязальніцтвы перад нерэзідэнтамі) банкаўскай сістэмы на 1 кастрычніка дасягнулі 5,318 млрд USD. Аснову пасіваў склалі крэдыты на суму 4,733 млрд USD.

Беларускія банкі раней актыўна прываблівалі сіндыкаваныя крэдыты на Захадзе, каб потым мець магчымасць выдаваць новыя і новыя пазыкі рэальнаму сектару. Пасля ўвядзення еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый гэтыя магчымасці абмежаваныя. Падсанкцыйным банкам застаецца супрацоўніцтва галоўным чынам з Кітаем і Расеяй.

Таксама ў будучыні могуць узнікнуць цяжкасці з вяртаннем пазык еўрапейскім банкам. У ранейшыя часы банкі з Беларусі часцяком перакрэдытоўваліся ў тых самых еўрапейцаў, але цяпер гэта забаронена ЕЗ, калі тэрмін пазыкі перавышае 90 дзён.

Чыстыя замежныя актывы сістэмы на 1 кастрычніка склалі мінус 3,738 млрд USD. У параўнанні з пачаткам 2021 года сума замежных актываў на нета-аснове змянілася мала – на 1 студзеня яна была эквівалентная мінус 3,637 млрд USD.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках