19 красавiка 2024, Пятніца, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белыя халаты»: Медыкі кінутыя на амбразуру

19
«Белыя халаты»: Медыкі кінутыя на амбразуру

Сітуацыя з каранавірусам у краіне набліжаецца да патавай.

«Цяпер усё больш медыкаў вывучаюць замежныя мовы і застаюцца на «нізкім старце» перад міграцыяй. Медыкі не вытрымліваюць нагрузак, таму прымаюць рашэнне сысці з прафесіі або зʼехаць з краіны».

Пра тэндэнцыі ў медычнай сферы распавядаюць адміністратары тэлеграм-каналу «Белыя халаты», з якімі мы размаўляем на ўмовах поўнай ананімнасці. «БХ» ужо былі аднойчы захопленыя, ім у бот дагэтуль паступаюць пагрозы, а простым медыкам «зверху» рэкамендуюць не падпісвацца на канал. На пачатку кастрычніка «БХ» прызналі экстрэмісцкім, і цяпер любое згадванне назвы і распаўсюд інфармацыі пагражае штрафамі і арыштамі. Але менавіта ў «БХ» ідуць па праўдзівую інфармацыю пра тое, якімі тэмпамі беларусаў забівае каронавірус – і як гэта хавае Міністэрства аховы здароўя, пра тое, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія медыкі, і ці зможа пераламіць сітуацыю нешта, акрамя сурʼёзнай рэформы сферы аховы здароўя.

Канал вядуць рэальныя беларускія медыкі, якія бачаць сітуацыю на ўласныя вочы і вачыма калег, а большая частка інфармацыя верыфікуецца – праўда, распавесці пра метады праверкі немагчыма, гэта небяспечна для ўдзельнікаў.

«А піку мы яшчэ нават не прайшлі!»

«Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі набліжаецца да патавай. Поўная адсутнасць захадаў стрымлівання, фактычны правал кампаніі вакцынацыі, хлусня ў афіцыйнай ковіднай статыстыцы, непадрыхтаванасць шматлікіх лячэбных установаў да працы з павышанымі нагрузкамі, небяспечная легкадумнасць большасці беларусаў у пытаннях асабістай абароны, адток кадраў з медыцыны – усё гэта прывяло да таго, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю.

Рост колькасці хворых не супастаўны з лічбамі, якія публікуюцца Міністэрствам аховы здароўя. Паводле нашых звестак, у дні, калі Міністэрства аховы здароўя паведамляе аб 1900 і больш хворых, у адным толькі Менску станоўчых тэстаў ПЛР на COVID можа налічыцца такая ж колькасць.

Колькасці памерлых ад COVID у рэспубліцы супастаўныя з лікам памерлых у адной больніцы Менску. Цяпер сітуацыя ўжо нашмат горшая, чым у мінулыя хвалі, а піку мы яшчэ нават не прайшлі.

Ковідныя стацыянары перапоўненыя, пры гэтым шпіталізуюць пераважна цяжкіх пацыентаў – значыць, шмат хто хварэе дома.

Для працы мабілізуюць рэзервы: выклікаюць медыкаў з курсаў, адпачынкаў, здымаюць з вучобы шасцікурснікаў медуніверсітэтаў. Не зразумелая сітуацыі з выплатамі надбавак: многія медыкі іх не маюць або атрымліваюць мінімальныя сумы. Сістэмы кіслародазабеспячэння функцыянуюць у напружаным рэжыме, кіслародных пунктаў не хапае. Не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, перыядычна ўзнікае недахоп рэактываў для выканання шэрагу аналізаў крыві, не хапае некаторага медабсталявання (катэтараў, інфузаматаў), а дыягнастычнае абсталяванне працуе з павышанай нагрузкаю і ламаецца.

Да ўсяго гэтага дадаецца хлусня ў статыстыцы, недавер людзей да вакцынацыі, ігнараванне маскавага рэжыму і захадаў сацыяльнага дыстанцыявання. Становіцца зразумела, што без паўнавартаснай рэформы медычнай сістэмы вырашыць большасць праблемаў немагчыма».

«Гэтыя лічбы ўсяляюць падманны аптымізм»

«Нас палохае, з якой лёгкасцю Міністэрства аховы здароўя фальсіфікуе статыстыку захворвання і смяротнасці ад каронавіруса. Гэтыя лічбы ўсяляюць у людзей, якія вераць міністэрству, падманны аптымізм і ілжывую ўпэўненасць, што хвароба не страшная, што можна не вакцынавацца, што гэта «як грып». Міністэрства аховы здароўя пачало агітаваць за вакцынацыю, але працягвае публікаваць непраўдзівыя лічбы, а просты чалавек глядзіць на гэта і пытаецца сябе: «Калі людзей хварэе так мала, навошта мне маска/вакцына/адмова ад паходу ў кіно?»

Сумленная статыстыка паказала б усю складанасць сітуацыі, дапамагла б задумацца аб вакцынацыі, прадэманстравала б, што дзяржава ў адным чоўне з народам.

Чаму хаваецца статыстыка? Можам толькі выказаць здагадку: медычная сістэма, як і любая дзяржаўная сістэма, пабудаваная паводле прынцыпу вертыкалі: над працаўніком ёсць начальнік, над начальнікам – зноў начальнік. І кожны наступны начальнік патрабуе ад папярэдняга пэўных паказчыкаў з выкананнем нарматыву. Лічбы пачынаюць карэктаваць перад падачаю наверх. Гэтая сістэма пабудаваная на страху і падпарадкаванні ніжэйшых вышэйшым».

«Сітуацыя ў медыцыне Беларусі пагаршаецца»

«Апошні год змяніў сістэму аховы здароўя, і не ў лепшы бок. Па-першае, пандэмія трымае яе ў пастаянным напружанні, гэта вядзе да ператамлення і выгарання медыкаў. Па-другое, адметнай прыкметай апошняга года ў медыцыне Беларусі стала вялікая страта высокапрафесійных медработнікаў».

Адной з прычынаў страты медыкаў стала смяротнасць ад каранавіруса. На гэты момант вядома пра як мінімум 200 медычных работнікаў, загінулых ад COVID. Афіцыйных лічбаў Міністэрства аховы здароўя не паведамляе, уся інфармацыя збіраецца літаральна па драбках: калегамі і роднымі загінулых медыкаў і неабыякавымі беларусамі.

«Акрамя гэтага, медыкі зʼязджаюць з краіны, а некаторыя нелаяльныя да ўладаў звольненыя. Тыя, хто застаўся, працуюць з каласальнымі нагрузкамі. Гэтая праблема была актуальная заўсёды, кожнаму медыку знаёмы анекдот, што на адну стаўку няма чаго есці, а на дзве – няма калі. Але з прыходам каронавіруса і адтокам кадраў сітуацыя моцна пагоршылася. Цяпер медыкі выконваюць жахлівыя, не супастаўныя з працоўнымі нормамі абʼёмы працы.

Мы рэгулярна маніторым сітуацыю з вакансіямі ў розных лячэбных установах і бачым, што колькасць свабодных працоўных месцаў адно расце».

Колькасць вакансіяў для медычных работнікаў, паводле звестак дзяржаўнай службы занятасці, сапраўды, няспынна павялічваецца. На сёння ў Беларусі адкрытыя вакансіі для практычна 3000 дактароў-спецыялістаў, 3000 медсясцёр і 1000 фельчараў.

«Медыкі з прафесійнага гледзішча былі гатовыя да пандэміі, але чалавечы рэсурс вычарпальны, і медыкі не могуць толькі сваімі сіламі закрыць усе патрэбы. Таксама абмежаваны і ложкавы фонд, і дыягнастычныя магчымасці, і колькасць кіслародных пунктаў, і колькасць месцаў у рэанімацыі, і апараты ШВЛ і экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі.

У першую хвалю ўсё было не так дрэнна, бо валанцёры ByCOVID19 і звычайныя людзі дапамагалі забяспечваць медыкаў сродкамі абароны, кіслароднымі канцэнтратарамі, пульсаксіметрамі, ежай і вадою. Цяпер кожная такая ініцыятыва будзе пераследвацца ўладамі. Фактычна медыкі кінутыя на амбразуру».

«Спадзявацца на лепшае, рыхтавацца да горшага»

«Не выглядае на тое, што чацвёртая хваля, выкліканая штамам дэльта, пройдзе з мінімальнымі ахвярамі. Акрамя высокай смяротнасці ад каронавіруса, пандэмія шмат чаго скрала ў пацыентаў з іншымі захворваннямі».

У верасні Міністэрства аховы здароўя апублікавала статыстычны зборнік са звесткамі аб смяротнасці ў 2020 годзе. Агульная смяротнасць вырасла ў 1,7 разу. Напрыклад, ад ішэмічнай хваробы сэрца ў 2020 годзе паміралі ў 2,5 разы часцей, чым у 2019-м. Калі гэтыя лічбы пачалі публікавацца ў медыях, зборнік прыбралі з агульнага доступу.

«Як мантру мы паўтараем: насіце маскі, каб закрывалі нос і рот, вакцынуйцеся, пазбягайце месцаў вялікай колькасці людзей, мыйце старанна рукі, навучыце гэтым правілам сваіх родных і блізкіх. Толькі так, супольнымі намаганнямі, мы можам запаволіць пандэмію, даць нашай медычнай сістэме магчымасць трохі аднавіць рэсурс».

«Усё псуе катастрафічна нізкі ўзровень даверу да афіцыйных уладаў»

«Паспяховай кампанію вакцынацыі не назавеш, і на гэта ёсць прычыны.

Па-першае, непразрыстасць. У 2021 годзе мала сказаць чалавеку: «Трэба вакцынавацца, інакш памрэш!» Каб кожны ўсвядоміў неабходнасць вакцынацыі, важна даць максімальна вычарпальную, напісаную даступнай мовай інфармацыю аб вакцынах, аб поствакцынальных рэакцыях, аб тым, як будзе арганізаваная вакцынацыя ў краіне, і гэтак далей.

У Беларусі ж аб вакцынацыі ў большай ступені распавядалі незалежныя крыніцы, асобныя медыкі, тэлеграм-каналы, пакуль Міністэрства аховы здароўя ўпарта паўтарала завучанае «Трэба вакцынавацца!».

Цяпер Міністэрства пачало выпускаць відэаролікі, якія агітуюць людзей прышчапіцца, некаторыя прадпрыемствы пачалі прапаноўваць супрацоўнікам бонусы за пройдзеную вакцынацыю, і гэта, магчыма, паскорыла тэмпы вакцынацыі, але ўсё псуе катастрафічна нізкі ўзровень даверу да ўладаў.

Па-другое, нягледзячы на тое, што ўлады ледзь не ў кожным сваім паведамленні аб вакцынацыі кажуць, што ў Беларусі «вакцынацыя не абавязковая», яна, дэ-факта, абавязковая. Мы ведаем пра сітуацыі, калі работнікаў не дапускаюць без прышчэпкі на працу, калі ўжываюць санкцыі, калі «зверху» спускаецца ўказанне аб колькасці прышчэпленых у арганізацыі не менш за 70 %. Усё гэта не спрыяе даверу да вакцынацыі, бо людзі прызвычаеныя: калі прымушаюць – значыць, дрэннае.

Прымусовая вакцынацыя адназначна адштурхне людзей ад рашэння прышчапляцца. Магчыма, часовая захада ў выглядзе нядопуску непрышчэпленых у месцы грамадскіх забаваў, у кавярні, рэстараны, самалёты і гэтак далей, можа быць дзейснай на той час, пакуль у краіне нізкі адсотак імунізаваных – так можна стрымаць рост колькасці новых заражэнняў».У ЗША былі апублікаваныя звесткі, якія паказалі, што 99,5 % асобаў памерлых ад Covid-19 за апошнія 6 месяцаў не былі вакцынаваныя. Днямі апублікаванае даследванне з Вялікай Брытаніі, якое таксама паказала высокую эфектыўнасць поўнай вакцынацыі ў папярэджванні смяротнасці.

«Увесь свет ужо прыходзіць да новай нормы, што свабодна падарожнічаць і наведваць грамадскія месцы можна чалавеку прышчэпленаму.

Каб кампанія вакцынацыі стала паспяховай, трэба публікаваць напісаную даступнай мовай інфармацыю аб вакцынах, пачаць рэгістраваць, даследаваць і адкрыта паказваць вынікі назіранняў аб узніклых поствакцынальных рэакцыях, стварыць інфармацыйны партал, дзе людзі змогуць атрымаць адказы на свае пытанні са спасылкамі на аўтарытэтныя крыніцы, цярпліва тлумачыць. Адназначна прасуне вакцынацыю наперад закупка вакцынаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце і ўхваленыя Сусветнай арганізацыяй здароўя».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках