29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал ЗША Ходжэс: Захад павінен падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі

8
Генерал ЗША Ходжэс: Захад павінен падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі
ГЕНЕРАЛ-ЛЕЙТЭНАНТ БЭН ХОДЖЭС

ЕЗ мае эканамічныя і дыпламатычныя рычагі ўздзеяння на рэжым.

«Мы, Захад, павінны падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі», - уважае амерыканскі генерал, які наведаў Беларусь у 2018 годзе. Як змянілася яго стаўленне да сітуацыі ў нашай краіне? Што турбуе Пэнтагон у Беларусі і да якіх сцэнароў развіцця падзей трэба рыхтавацца Захаду? Інтэрв'ю «Белсату» з Бэнам Ходжэсам, генерал-лейтэнантам войска ЗША ў адстаўцы. Былы камандуючы сіламі Злучаных Штатаў у Еўропе - цяпер адзін з ключавых экспэртаў у сферы бяспекі ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі.

- Пытанне наконт памежнага крызісу. Як вы ацэньваеце сітуацыю на мяжы Беларусі з Еўрапейскім Звязам у рэчышчы міграцыйнага крызісу, які доўжыцца некалькі месяцаў?

- Гэты міграцыйны крызіс дадае скептычнага стаўлення да рэжыму ў Менску, які жорстка выкарыстоўвае людзей як зброю для дэстабілізацыі Еўрапейскага звязу, Польшчы, Літвы, Украіны, Латвіі. Гэта не адасобленыя падзеі, а частка агульнага сцэнару. Лукашэнка б не рабіў такога без дазволу Крамля. Бо нічога не праляціць праз Беларусь без ведання і дазволу Крамля. З улікам таго, што супрацьпаветраная абарона Беларусі інтэграваная з СПА Расеі, гэтага не магло адбыцца па меншай меры без схаванай падтрымкі Крамля. Я ўважаю, што мы на Захадзе цяпер лепш разумеем жорсткасць рэжыму.

- Што рабіць? Што б вы параілі Еўрапейскаму Звязу?

- Еўрапейскі звяз мае эканамічныя і дыпламатычныя рычагі ўздзеяння, калі ён згуртуе ўсе свае краіны-сябры, каб сказаць Крамлю, што Расея павінна прымусіць Лукашэнку спыніцца. Але гэтага не адбываецца. Польшча, Літва і Латвія адстойваюць суверэнную мяжу Еўрапейскага Звязу. У мяне склалася ўражанне, што яны застаюцца сам-насам, не звяртаючы ўвагі на пэўныя заявы з Брусэлю, бо ніякіх моцных сігналаў не было. Некаторыя людзі ў Польшчы і ў іншых краінах скардзяцца, што Узброеныя сілы Польшчы рэагуюць жорстка, але не ў тым справа. Натуральна, што спрабуюць спыніць крыніцу гэтага працэсу ў Іраку. Еўрапейскі звяз мае дыпламатычную і эканамічную сілу, каб гэтага дасягнуць. Але на працягу папярэдніх некалькіх месяцаў краіны Усходняй Еўропы заставаліся сам-насам з гэтай праблемай.

- Ці мае патэнцыял гэты крызіс, як афіцыйна называюць гібрыдныя дзеянні Лукашэнкі, ператварыцца ў нешта больш небяспечнае - настолькі небяспечнае, каб занепакоіць Пентагон?

- Заўважце, што выкарыстанне ўцекачоў у якасці зброі адбываецца адначасова з цяперашнімі вучэннямі «Захад-2021». Гэта не выпадковасць. Гэта ўсё элементы расейскай вайны новага пакалення. Хтосьці называе яе гібрыднай, іншыя кажуць, што гэта шэрая зона ці дзеянні ніжэй лініі. Гэта дэманстрацыя таго, што расейцы заўжды на вайне. Не толькі ў традыцыйным, кінетычным разуменні, але ў ментальным сэнсе ўвесь час на вайне. Мы - не, таму што не думаем такім чынам, і таму нам цяжка зразумець такую жорсткасць. Але яны робяць гэта без праблем. Мы павінны зразумець, што гэта не жарты, не спаборніцтва. Яны спрабуюць дэстабілізаваць і падарваць усе нашы структуры. Падзяліць хаўруснікаў, каб стварыць праблемы для іх. Гэта вайна. Мы павінны гэта ўсвядоміць. Таму - так, Пентагон гэта турбуе.

- Цяпер у Польшчы тысячы салдат войска ЗША. Як вы думаеце, гэты крызіс можа перарасці ў нешта больш сур'ёзнае? Магчыма, не ў поўнамаштабную вайну, а ва ўзброены інцыдэнт або правакацыю са стральбой? Ці можа быць уцягнуты ў гэта амерыканскі кантынгент? Гэта гучыць неверагодна, але ў гісторыі здараліся нечаканыя рэчы.

- Я не сустракаў нікога, хто б прагназаваў, што Расея нападзе на Грузію і на Крым. Я жыву ў Нямеччыне, і людзі там пастаянна здзіўлены, навошта Расея гэта робіць, таму што не бачаць ніякага сэнсу ў гэтым. Натуральна, гэта не мае сэнсу і ў маім разуменні. Але ў разуменні расейцаў гэта звыклая справа - пастаянныя пагрозы, няспынная дэстабілізацыя, выкарыстанне зброі, газу, пагрозы выкарыстання ядзернай зброі, каб запалохаць людзей вакол сваіх межаў. Эстонію, Латвію, Літву, Украіну, Грузію яны лічаць сваімі, як яны кажуць. Занадта шмат людзей у Заходняй Еўропе не хоча гэтаму верыць, таму для нас гэта было нечакана.

Ці думаю я, што гэта можа прывесці да поўнамаштабнага кінетычнага канфлікту? Не. Але мы б хацелі, каб гэта і заставалася неверагодным. Дзеля гэтага нам трэба адзінства краін NATO, каб не ўзнікалі сумневы з нагоды нашых узаемных абавязкаў, каб грамадскія лідары паказвалі нашу падрыхтаванасць да ўсяго, што неабходна. Мы павінны змагацца ў інфармацыйнай прасторы, у дыпламатычнай і прававой сферах. Змагацца - адпаведнае слова. У адваротным выпадку існуе шанец, што Крэмль можа жудасна пралічыцца.

- Маё пытанне датычыць Лукашэнкі і Пуціна, інтэграцыі Расеі і Беларусі. Што вы пра гэта думаеце? Як ацэньваеце дачыненні паміж Пуціным і Лукашэнкам зараз, пасля няўдалай беларускай рэвалюцыі? Ці разглядае Вашынгтон як сур'ёзную магчымасць пастаяннай вайсковай прысутнасці Расеі на тэрыторыі Беларусі ў найбліжэйшай будучыні?

- Гэта заўсёды было прадметам маёй занепакоенасці: што Расея можа размясціць у Беларусі свае войскі на пастаяннай аснове. Гэта павышае рызыку для хаўруснікаў, Латвіі, Літвы, Польшчы і для Украіны таксама. Гэта турбуе. Я заўсёды быў перакананы, што рэжым Лукашэнкі здольны стрымліваць пастаянную расейскую вайсковую прысутнасць за межамі Беларусі. Я менш упэўнены, што ён здольны на гэта надалей. Лукашэнка наведаў Расею ўжо шэсць разоў сёлета, з якіх двойчы толькі за апошні месяц. У яго няма выбару. Відавочна, што яму не стае іншых варыянтаў. Я думаю, што мы, Захад, павінны падрыхтавацца да калапсу рэжыму Лукашэнкі, хоць я не ўпэўнены, ці здарыцца гэта. Усходні Бэрлін упаў, гэты быў сюрпрыз для ўсіх. Шмат месцаў абвалілася.

Міграцыйны крызіс таксама быў нечаканасцю.

Думаем мы аб тым, што будзе ў выніку аншлюсу Беларусі Расеяй? Што будзе, калі рэжым абрынецца ў выпадку здрады і сыходу вызначальных дзяржаўных дзеячаў або перавароту? Ці гатовыя мы да гэтага? Ці гэта будзе масавае паўстанне грамадзян Беларусі, альбо размяшчэнне расейскіх войскаў, ці іншае здарэнне - напрыклад, з атамнай электрастанцыяй ў Астраўцы. Відавочна, улады Літвы надзвычай занепакоеныя АЭС. Мы маем шмат сцэнарыяў для разгляду, да якіх трэба рыхтавацца.

- Я думаю, апошнія 15-20 гадоў паказалі, што Пуцін дзейнічае ўсюды, дзе ён мае падтрымку ўласных дзеянняў - у Паўднёвай Асеціі, Крыме, на ўсходзе Украіны, у Прыднястроўі. Я ўпэўнены, што ў Крамлі ведаюць пра нізкі ўзровень падтрымкі інтэграцыі з Расеяй у беларускім грамадстве. Апошнія выбары гэта давялі. Таму яны будуць імкнуцца да мяккага пранікнення, крок за крокам.

- Я згодны. І тут справа не ў тым, каб выцягнуць Беларусь на Захад, а справа абароны грамадзян еўрапейскіх краін, бяспекі, здароўя і свабоды людзей. Мы павінны быць гатовымі дапамагаць - без таго, каб нешта выклікаць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках