20 красавiка 2024, Субота, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Латвіі ініцыяваў абавязковую вакцынацыю для ўсіх жыхароў, старэйшых за 50 гадоў

Прэм'ер Латвіі ініцыяваў абавязковую вакцынацыю для ўсіх жыхароў, старэйшых за 50 гадоў

За мінулы тыдзень колькасць выяўленых у краіне выпадкаў заражэння каранавірусам узрасла на 49%.

Прэм'ер-міністр Латвіі Крыш'яніс Карыньш выступіў з ініцыятывай патрабаваць абавязковай вакцынацыі для ўсіх жыхароў краіны, якія дасягнулі 50 гадоў.

Пра гэта паведамляе Delfi.

На пасяджэнні ўрада Карыньш выказаў меркаванне, што калі цягам чатырох тыдняў, пакуль у краіне будзе дзейнічаць локдаўн, ахоп вакцынацыяй не будзе расці, жыхарам Латвіі давядзецца і далей сядзець па дамах, пакуль іншыя еўрапейскія краіны развіваюцца.

Міністр аховы здароўя Даніэль Паўлютс растлумачыў, што для пашырэння ахопу старэйшага пакалення рэкамендуецца выставіць патрабаванне абавязковай вакцынацыі ці ж зрабіць для іх недаступнымі некаторыя паслугі.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя агулам падтрымаў ідэю абавязковай вакцынацыі для тых, каму за 50, падкрэсліўшы «ў нас вельмі мала інструментаў для стымулявання вакцынацыі людзей сталага веку з групы падвышанай рызыкі».

У той жа час Паўлютс мяркуе, што тут могуць узнікнуць праблемы юрыдычнага плану, бо цяпер абавязак прышчэплівацца ўскладаецца на работнікаў на падставе працоўнай занятасці.

У той жа час міністр юстыцыі Яніс Борданс заявіў, што, на ягоную думку, было б смешна ўводзіць такое патрабаванне, бо значна больш мэтазгодна ўвесці абавязковую вакцынацыю для пэўных прафесій. «Я не разумею, што гэта можа азначаць - абавязковая вакцынацыя паджылых людзей», - сказаў міністр юстыцыі.

За мінулы тыдзень колькасць выяўленых у Латвіі выпадкаў заражэння каранавірусам узрасла на 49% у параўнанні з папярэднім тыднем. Паказчык захворвання дасягнуў 1266,4 на 100 000 насельніцтва - удвая перавысіўшы пік другой хвалі.

Колькасць шпіталізаваных пацыентаў за апошнія два тыдні падвоілася, а колькасць памерлых за тыдзень вырасла на 48%. У ковід-рэанімацыях занятыя амаль усе месцы

Латвія па ахопу вакцынацыяй адстае ад сваіх балтыйскіх суседзяў і многіх краін ЕЗ. Абедзвюма дозамі прышчэпленыя амаль 54% дарослага насельніцтва, тады як агулам у ЕЗ - амаль 75%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках