19 красавiка 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цвёрда стаяць за родную Беларусь: як пачынаўся «Слуцкі збройны чын»

Цвёрда стаяць за родную Беларусь: як пачынаўся «Слуцкі збройны чын»

Будучыя паўстанцы сабраліся ў доме Эдварда Вайніловіча і абвясцілі мабілізацыю.

14 лістапада 1920 года ў Слуцку ў доме Эдварда Вайніловіча пачаў працу З'езд Случчыны. Гэта падзея непасрэдна папярэднічала Слуцкаму збройнаму чыну, піша сайт radabnr.org.

У складзе З’езду былі 107 дэлегатаў з ваколіц Слуцка. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў сваім камісарам у Слуцку Паўла Жаўрыда.

Паводле Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя Беларусі была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Позняй восенню 1920 года Случчына апынулася ў пераходным стане: Польшча павінна была перадаць рэгіён пад кантроль бальшавікоў. Мясцовае насельніцтва было нязгоднае з тым, што лёс Беларусі быў вызначаны без уліку меркавання саміх беларусаў. Пазіцыя случакоў была актыўна падтрыманая беларускімі арганізацыямі з іншых куткоў краіны.

На З'ездзе была абраная Рада Слуцка, у склад якой увайшлі Уладзімір Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Павел Жаўрыд і яшчэ 15 чалавек. Яе задачамі была арганізацыя цывільнага кіравання на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю.

З'езд прыняў рэзалюцыю, якая абвясціла ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і ваколіцах, і выказала пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.

Праз некалькі дзён была зацверджана дэкларацыя Рады Слуцка, у якой яна абавязвалася «цвёрда стаяць за незалежнасць і свабоду роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў».

Была абвешчаная мабілізацыя ў міліцыю, па мястэчках і вёсках пачалі ўтварацца нацыянальныя камітэты ў падтрымку Рады Слуцка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках