29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лячэнне ад «лукавага»

3
Лячэнне ад «лукавага»
Ірына Халіп

Як лечаць Сінія Пальцы - усе мы ведаем.

На нараду да Лукашэнкі ўваход у масках забаронены: ён гэтага не любіць. Уся чэлядзь, якая не паспела на часе зняць маскі, перад уваходам у залу заўсёды робіць гэта пад суровым позіркам ахоўнікаў. Калі ў свеце, а пагатоў у краіне нешта няўлад, трэба пазбаўляцца прынамсі ад вонкавых прыкмет праблемы.

Чацвёртая хваля каранавіруса яго, мяркуючы з усяго, не надта хвалюе: на пачатку нарады ён нязграбна паспрабаваў пажартаваць і ўшчунуць суседзяў, хаўруснікаў і ўвесь свет за адным скрыпам. Строга спытаў, ці зрабілі чыноўнікі перад прыходам у палац тэст ПЛР. Ага, ніхто не мае адмоўных тэстаў. А на карантыне выпадкова не сядзелі? Не, не сядзелі. Вось і малайцы, падсумаваў Лукашэнка, слушна вы ўсё зрабілі: «А як гэта так, вы прыйшлі да кіраўніка дзяржавы, да прэзідэнта - а ён жа адзін у Беларусі - і не праверылі тут прысутных? Што гэта за стаўленне да таго, у чым вы мяне безупынна пераконваеце? Я нездарма вам задаў гэтае пытанне, Дзмітрый Леанідавіч (Піневіч - міністр аховы здароўя Беларусі - І.Х.).

У Беларусі з 9 кастрычніка дзейнічае маскавы рэжым - яго ўвяло Міністэрства аховы здароўя. Цяпер кантралёры ў транспарце і міліцэйскія патрулі падыходзяць да «бязмаскавых» і пераконваюць іх усё ж надзець маску. Іншыя метады ўздзеяння накшталт адміністрацыйных штрафаў не прадугледжаныя. У палацы Лукашэнка маскі забароненыя заўсёды, але яму гэтага было мала: проста на нарадзе ён пачаў ёй ўшчуваць чыноўнікаў, якія, не спытаўшыся, увялі маскавы рэжым. Нагадаў, што міністр аховы здароўя Піневіч адной рукой падпісвае пастанову аб абавязковым нашэнні масак, а другой шпурляе сваю ўласную маску на крэсла ў прымальні Лукашэнкі, каб увайсці да яго «з адслоненым забралам». А гэта значыць, што ён не мае ніякага права «напружваць людзей і ўсчынаць лямант на ўсю краіну» сваімі пастановамі: «Я знарок задаў пытанне, каб задаць наступнае пытанне: калі вы да прэзідэнта, адчыніўшы нагой дзверы, заходзіце, дык навошта ж вы здзекуецеся з людзей, калі да прэзідэнта вы вольна заходзіце?»

Затым Лукашэнка ўпікнуў міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова за тое, што міліцыя кантралюе выкананне маскавага рэжыму: «Я ж Вас папярэджваў. Вам што, няма чым займацца? Вы чаму закон парушаеце? У нас няма закону такога. Вы каму падыгрываеце?» Нагадаў, што міліцыя павінна займацца зусім іншымі справамі. Усе прысутныя, а таксама тэлегледачы, напэўна, падумалі, што «іншыя справы» - гэта праверка мабільных тэлефонаў беларусаў у пошуках падпіскі на забароненыя тэлеграм-каналы і выбіванне дзвярэй а шостай раніцы ў пошуках прыкмет экстрэмізму. Выявілася, не толькі: у Гомельскай вобласці, расказаў Лукашэнка, начамі кароў рэжуць і прадаюць у Расею, а міліцыя ў гэты час «масачнікаў ловіць».

«Крый божа ты мне не вылавіш гэтую поскудзь на працягу двух тыдняў! Расперазаліся далей няма куды». Няясна, хто менавіта расперазаўся: ці то тыя, хто начамі прадае рэзаных кароў у Расею, ці то міліцыя, якая іх не ловіць. Зрэшты, цяпер міліцыі наогул забаронена кантраляваць нашэнне масак у грамадскіх месцах, яго наогул загадана скасаваць, а планавую медыцынскую дапамогу - агляды, кансультацыі, аперацыі - Лукашэнка загадаў вярнуць. Так што прыпыненне планавай медычнай дапамогі не пратрымалася і дзень. А чыноўнікам, прысутным на нарадзе, ён наогул прапанаваў адпраўляцца ў паліклінікі і праводзіць планавыя агляды, пакуль лекары займаюцца барацьбой з пандэміяй.

Што да лекараў, то Лукашэнка прыстрашыў, што з заўтрашняга дня зоймецца лячэннем хворых на каранавірус сам: «Для гэтага я маю цэлае міністэрства і тысячы, тысячы ў белых халатах. Не ў брудных, не ў чорных. Дзіцячы сад, дапраўды. «Прэзідэнта» страцілі: авохці, ён не лечыць людзей. Добра, з заўтрашняга дня пачну лячыць».

Як лечыць Лукашэнка - усе мы ведаем. Нездарма ж ён запатрабаваў ад чыноўнікаў, каб вярнуліся да метадаў першай хвалі каранавіруса. А тады, увесну 2020 года, нават выказванне ўсякага лекара аб небяспецы новай інфекцыі лічылася службовым злачынствам. Напрыклад, галоўнага лекара 3-га дзіцячага шпіталю Менска Максіма Ачарэтняга звольнілі пасля таго, як ён у сацыяльных сетках далучыўся да сусветнага флэш-мобу і заклікаў беларусаў заставацца дома. Цяпер Максім працуе ў Адэсе, а беларусам дзяржава вуснамі чыноўнікаў і Лукашэнка па-ранейшаму хлусяць. Увесну мінулага года, калі нават святары заклікалі вернікаў не хадзіць у царкву на Вялікдзень, а заставацца дома, Лукашэнка крычаў: «Нельга пераймаць чалавеку дарогу да святыні!» Калі Еўропа скасавала чэмпіянат у футболе, букмекеры сталі прымаць стаўкі на матчы накшталт «Смалявічы» - «Іслач», бо іншага футбола ў свеце ўжо не было. Калі школьнікі і студэнты сыходзілі на онлайн-навучанне, у Беларусі Лукашэнка не дазволіў нават вясновыя вакацыі пачаць на тыдзень раней - ён не ўбачыў падстаў. Затое ахвотна даваў парады, як вылечыцца ад каранавіруса: схадзіць у лазню і выпіць гарэлкі. А яшчэ адпраўляў патрыяршага экзарха Беларусі мітрапаліта Паўла аблятаць на гелікаптэры Менск з крыжам з рэліквіямі на борце, каб улагодзіць вірус. Павел, дарэчы, на гелікаптэры палётаў, але вернікаў папрасіў усё ж такі маліцца дома. А потым, праз некалькі месяцаў, наведаў у лякарні збітых падчас пратэстаў, заклікаў спыніць гвалт і адклікаў сваё віншаванне Лукашэнку пасля выбараў. Пасля гэтага ў Беларусі з'явіўся іншы патрыяршы экзарх, а Павел змяніў на Кубані памерлага ад каранавіруса Ісідара. Гэты вірус усё ж такі, як выявілася не з тых, што суцішваюцца крыжам з рэліквіямі.

Паводле афіцыйных звестак у Беларусі цяпер штодзень рэгіструецца блізу дзве тысячы новых выпадкаў заражэння. Смяротныя вынікі афіцыйная статыстыка «трымае» на ўзроўні 15-17 штодня. Рэчаіснасць праточваецца скрозь афіцыйныя прэс-рэлізы збольшага аповедамі лекараў (вядома, на ўмовах ананімнасці) і паведамленнямі ў створаным беларускімі медыкамі тэлеграм-канале «Белыя халаты».

Са слоў лекараў, якія працуюць у беларускіх лякарнях, перапрафіляваных пад COVID-19, рэальныя лічбы большыя мінімум у пяць разоў.

Зрэшты, лічбы можна звесці і наогул да нуля. Але дзеянні Міністэрства аховы здароўя - прыпыненне планавай медыцынскай дапамогі, перапрафіляванне шпіталяў і аддзяленняў, выпісванне анкалагічных хворых з менскага гарадскога анкалагічнага дыспансера, які цалкам пераходзіць на лячэнне каранавіруса, - значна больш інфармацыйнае, чым лічбы. Сітуацыя зразумелая, зразумелыя і спробы яе змяніць, якія тут жа похапкам крыкамі і загадамі адкідвае Лукашэнка. Яму гэта не трэба. Ён хоча, каб усё было гэтак жа, як увесну летась.

Я нават разумею, чаму Лукашэнку так хочацца туды, у леташнюю вясну. Тады ён яшчэ не ведаў, што ў канцы траўня беларусы выйдуць са сваіх дамоў - дысцыплінавана, у масках, з захаваннем дыстанцыі - і ўстануць ў чаргу, каб падпісацца за Віктара Бабарыку. Ён не ведаў, якія грамады памкнуцца на выбарчыя пікеты, каб убачыць Сяргея Ціханоўскага. Не ведаў, хто такая Марыя Калеснікава, Наталля Гершэ, Паліна Шарэнда-Панасюк. Не ведаў, што на вуліцы супраць яго выйдуць сотні тысяч беларусаў. Не ведаў, якая моц іхняй нянавісці. Так што імкненне да вясны 20-га, да часоў першай хвалі каранавіруса - гэта інстынктыўнае, патаемнае, неўсвядомленае.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках