6 снежня 2021, панядзелак, 10:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія лекары замежжа звярнуліся да суайчыннікаў

Беларускія лекары замежжа звярнуліся да суайчыннікаў

Заставайцеся дома.

У рэдакцыю «Белсата» даслалі зварот беларускія лекары замежжа, якія просяць беларусаў дапамагчы медыкам у барацьбе з каранавірусам.

«Сёння медыкам зноў патрэбна ваша дапамога. Гэтая хваля эпідэміі мацнейшая і праходзіць ва ўмовах браку персаналу і матэрыялаў, а таксама больш агрэсіўнага віруса. Вы можаце дапамагчы зменшыць колькасць хвароб і аслабіць нагрузку на медыцынскія ўстановы», - гаворыцца ў заяве.

Сярод іншага, лекары заклікаюць:

1. Застаньцеся дома, калі можаце. Пакіньце дома дзяцей - школьнікаў і студэнтаў. Каардынацыя з іншымі сем'ямі і калегамі дапаможа непасрэдным кіраўнікам перагледзець рэжым працы арганізацый. Адмяніце не жыццёва важныя асабістыя сустрэчы, наведванне грамадскіх месцаў і святкаванняў. Перанясіце важныя сустрэчы ў дыстанцыйны фармат.

2. Насіце маскі ў памяшканнях, дзе могуць быць іншыя людзі, пастаянна. Кажаце пра неабходнасць маскавага рэжыму навакольным, якія могуць не разумець важнасці нашэння масак і дыстанцыявання. Калі разнастайны Нью-Ёрк пагадзіўся надзець маскі і працягвае іх насіць, то чаму Менск ці Віцебск не могуць?

3. Прышчапляйцеся ўсялякай даступнай вам вакцынай супраць COVID. Ні адна вакцына не дае 100% абароны ад захворвання, але ўсе вакцыны зніжаюць рызыку і сур'ёзна змякчаюць цячэнне хваробы ў большасці прышчэпленых. Для кагосьці прышчэпка можа азначаць розніцу паміж хатняй прастудай і перапоўненай лякарняй, для кагосьці - паміж кіслароднай маскай і ШВЛ, або паміж жыццём і смерцю. У двух асноўных даступных у Беларусі вакцын сабралася дастаткова незалежных (!) звестак пра бяспеку з краін, дзе яны ўжываюцца. Поўны эфект ад вакцыны з'яўляецца толькі праз 2-4 тыдні пасля заканчэння вакцынацыі.

4. Калі вы захварэлі, кожную прастуду ўспрымайце як COVID і ізалюйцеся, каб абараніць сваіх блізкіх і проста навакольных людзей. Калі ёсць магчымасць зрабіць тэст без рызыкі для навакольных - рабіце тэст, але ўлічвайце магчымасць памылковасці адмоўных вынікаў.

5. Калі вы працуеце ў медыцынскай сферы або органах улады, дапамагайце самі і патрабуйце ад мясцовых кіраўнікоў арганізоўваць эфектыўныя меры барацьбы з эпідэміяй: падвышэнне даступнасці прышчэпак для здаровага насельніцтва, актыўнае тэставанне хворых і здаровых людзей, падзел плыні інфікаваных і неінфікаваных пацыентаў, а таксама стварэнне інфраструктуры для дапамогі дома ізаляваным пацыентам і грамадзянам з падвышанай рызыкай ускладненняў».

Сцісла рэкамендацыі медыкаў выглядаюць наступным чынам:

калі вы здаровыя: вакцына + дыстанцыяванне + маскі

калі вы захварэлі: ізаляцыя + дыстанцыяванне + маскі (+ вакцына пасля выздараўлення)

«Гэтыя меры - праява салідарнасці і клопату пра блізкіх. Выконваючы іх, мы зможам абараніць самых неабароненых жыхароў нашай краіны - тых, хто не можа быць прышчэплены з прычыны ўзросту ці чый імунітэт саслаблены хваробамі ці лячэннем. Выконваючы іх, мы зможам выратаваць тых, хто сёння не можа працягнуць лячэння сур'ёзных захворванняў праз закрыццё аддзяленняў. Выконваючы іх, мы зможам вярнуцца да нармальнага жыцця з мінімальнымі абмежаваннямі», - падкрэсліваюць медыкі.

Зварот падпісалі беларускія лекары Анастасія Пігаль, Кацярына Грэвал, Вольга Годзін, Максім Ачарэтні, Т.К., Сяргей Дзедзік, Анастасія Манькоўскі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».