19 красавiка 2024, Пятніца, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя з COVID-19 у Віцебску: такой колькасці рэанімацыйных ложкаў не было ніколі

11
Сітуацыя з COVID-19 у Віцебску: такой колькасці рэанімацыйных ложкаў не было ніколі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Абласны цэнтр зноў стаў гарачым пунктам.

Віцебск, які быў эпіцэнтрам у першую хвалю, зноў стаў гарачым пунктам. «Наша Ніва» паразмаўляла з гарадскімі медыкамі - аб загружанасці лякарняў, узросце пацыентаў у рэанімацыі і атрадах студэнтаў.

«Сярэдні ўзрост пацыентаў у рэанімацыі блізу 40 гадоў. Раней быў блізу 50»

Лекары адзначаюць, што наплыў пацыентаў большы, чым у папярэднюю хвалю. Так, Віцебская лякарня хуткай дапамогі першы корпус пад ковід перапрафілявала ў пачатку верасня. А ўжо да канца месяца пад пацыентаў з каранавірусам аддалі ўсю лякарню, хоць планавалася, што гэта адбудзецца на паўтары тыдні пазней.

«Сітуацыя ў горадзе агулам цяжэйшая ў тым плане, што цяпер наогул не засталося ніводнага стацыянара, у якім бы не лячылі каранавірусных пацыентаў. Раней у нас заўсёды заставаўся чыстым кардыялагічны дыспансер. А даслоўна тыдзень таму нават яго часткова перапрафілявалі», - кажа рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

У лякарні хуткай дапамогі амаль 500 ложкаў. За апошні час іх стала больш, бо паставілі дадатковыя - у некаторых палатах, напрыклад, замест трох - чатыры. Дадатковыя месцы ўвялі на паверсе ў радзільні, дзе павінна была быць кафедра і праводзіцца заняткі.

«У папярэднія хвалі ў нас было амаль 30 рэанімацыйных ложкаў. Цяпер 46. Такой колькасці не было ніколі. Гэта вельмі шмат, і, зыходзячы з гэтага, можна меркаваць аб цяжкасці захворвання. Прычым ложка-месцы запоўненыя практычна заўсёды. Кожную раніцу мы даем справаздачу па іх - у нас максімум свабоднае адно месца. Запоўненыя яны звычайна людзьмі, якія маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы і ў якіх пагрозлівы стан.

Маладых стала больш. Сярод тых, хто памірае, адсоткаў 70, людзі, старэйшыя за 70 гадоў. Але бываюць і 30-гадовыя, што асабліва цяжка для нас маральна і фізічна. Калі паглядзець па рэанімацыі, дзве траціны займаюць людзі да 65 гадоў. Сярэдні ўзрост тых, хто ляжыць там, - блізу 40. Раней гэты ўзрост быў блізу 50 гадоў», - звяртае ўвагу лекар.

Звычайна пацыентаў трымаюць у шпіталі амаль 10 дзён (так загадвае пратакол). Калі стан здавальняючы, выпісваюць. Часам гэтых дзён не стае на лячэнне, але з улікам вялікага наплыву пацыентаў даводзіцца выпісваць людзей, каб набіраць новых.

«Такі вялікі наплыў, хутчэй за ўсё, звязаны з новым штамам, які прыйшоў у Беларусь або выпрацаваўся ўласна ў нас. У прынцыпе прагназавалі, што ўвосень пачнецца пік інфекцыі. Але што ён будзе настолькі цяжкі, ніхто дапусціць не мог.

Калі судзіць з тых адміністрацыйных пастаноў, якія прымаліся раней, мы не былі цалкам гатовыя. Нічога радыкальна новага не рабілася, каб засцерагчы насельніцтва ад інфекцыі.

Ды і людзі, якія пражылі ўжо паўтара года ў каранавірусных варунках, проста стаміліся ад усяго гэтага. Відаць, што свядомасць, якая была ў першую хвалю, знізілася. Тады людзі баяліся заразіцца больш і лепш актывізаваліся на барацьбу з каранавірусам: насілі маскі, вытрымлівалі дыстанцыю. Цяпер многія сталі ставіцца, маўляў, як пашанцуе. І гэта таксама мае свае негатыўныя наступствы».

«Частка студэнтаў-медыкаў раз'ехалася працаваць па сваіх гарадах»

У абласной лякарні чыстым застаецца толькі галоўны корпус.

«Шэраг аддзяленняў забіты толькі ковіднымі пацыентамі. Рэанімацыя запоўненая. Адкрылі яшчэ адно аддзяленне рэанімацыі - на восем ложкаў, павялічылі рэанімацыю ва ўралагічным корпусе да 12 чалавек. Лекары імкнуцца, але месцаў усё адно мала», - кажа медык, які працуе ў гэтай установе.

У дапамогу лекарам прыцягваецца шмат студэнтаў — і ў паліклініку, і ў абласную лякарню, і для званкоў людзям. Частка моладзі раз'ехалася па сваіх гарадах. Тых, хто дапамагае з пацыентамі, перавялі на дыстанцыйнае навучанне.

«Я пачаў працаваць у папярэднюю хвалю, але гэтая больш маштабная: бракуе наяўных ложка-месцаў. Ход хваробы аднатыпны: тэмпература, недахоп паветра, кіслародазалежнасць. Класічная карціна пнеўманіі», - кажа суразмоўца.

Сам ён перахварэў на карону ў лістападзе.

«З захадаў прафілактыкі: мыю рукі, нашу маску і перыядычна мяняю яе, вітаміны прымаю. Антысептык па-за працай не выкарыстоўваю».

Афіцыйна: ковідных пнеўманій больш, чым у папярэднія хвалі

У Віцебскай вобласці пад пацыентаў з ковідам перапрафіляваныя 4100 ложкаў (гэта 35% усіх месцаў, якія ёсць у стацыянарах рэгіёну), з іх у Віцебску — 2178.

Каранавірусных хворых у горадзе прымае абласная лякарня, абласная інфекцыйная лякарня, гарадская бальніца хуткай дапамогі, абласны скурна-венералагічны дыспансер, абласная радзільня, цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі, цэнтр медрэабілітацыі, дзіцячы клінічны цэнтр, клінічны анкадыспансер, 1-я гарадская лякарня, абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр.

Калі ў мінулыя хвалі на піку ляжала 3,5 тысячы пацыентаў з ковіднымі пнеўманіямі, то цяпер такіх - 3,8 тысячы чалавек. Такія лічбы нядаўна агучыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. У лякарнях задзейнічаныя 84% наяўных кіслародных пунктаў.

Паводле статыстыкі, прышчэпленых сярод тых, хто ляжыць у стацыянарах, два-тры адсоткі.

Больш за 200 студэнтаў Віцебскага медуніверсітэта працаўладкаваныя ў паліклінікі, станцыі хуткай дапамогі, шпіталі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках