20 красавiка 2024, Субота, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эколагі выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі

3
Эколагі выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі

Афіцыйны Менск могуць пазбавіць правоў і прывілеяў Орхускай канвенцыі.

На сёмай сустрэчы бакоў Орхускай канвенцыі 21 кастрычніка ў Жэневе была прынятая пастанова аб прызнанні ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Экадом» у Беларусі выпадкам пераследу і прыгнёту НДА, паведамляецца на сайце арганізацыі.

На працягу многіх гадоў арганізацыя займалася прасоўваннем Орхускай канвенцыі ў Беларусі, а таксама была аўтарам паведамленняў у камітэт для яе выканання, у тым ліку ціску на экаактывістаў.

Як адзначае «Экадом», пастанова не толькі прызнае ліквідацыю арганізацыі парушэннем канвенцыі, але і прадугледжвае прыпыненне для Беларусі правоў і прывілеяў канвенцыі, калі краіна не зробіць крокі для аднаўлення рэгістрацыі «Экадому» да 1 снежня 2021 года. Прыпыненне ўвойдзе ў дзеянне 1 лютага 2022 года.

«На працягу ўсёй сустрэчы ўдзельнікі спрабавалі знайсці кампраміс для развязання дадзенага пытання, аднак беспаспяхова. Гэта першы выпадак у гісторыі канвенцыі, калі ўсе спробы дасягнуць кансенсусу былі вычарпаныя і бакі вымушаныя былі звярнуцца да прыняцця пастановы галасаваннем», - гаворыцца ў паведамленні.

Пастанову падтрымалі 27 краін Еўразвязу, а таксама Вялікабрытанія, Грузія, Ісландыя, Нарвэгія, Сербія, Швайцарыя, Чарнагорыя. Супраць выступілі Арменія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан. Малдова ўстрымалася.

Такім чынам, 34 з 39 дзяржаў падтрымалі гэту пастанову і заклікалі Беларусь скасаваць ліквідацыю ГА «Экадом».

Гэта першы выпадак у гісторыі канвенцыі, калі аднаго з камунікантаў камітэта для яе выканання ліквідавалі. Орхускай канвенцыі ў гэтым годзе споўнілася 20 гадоў.

«Прыняцце пастановы аб Беларусі з важнымі высновамі і рэкамендацыямі сапраўды паказвае прыхільнасць духу экалагічнай дэмакратыі. І гэта безумоўна важна як для асобных людзей і арганізацый, так і для прасоўвання прынцыпаў самой канвенцыі. Так мы прызнаем, што лёс асоб, якія рэалізуюць экалагічныя правы, з'яўляецца вельмі значным і канвенцыя спрыяе іх абароне», - сказала дырэктар «Экадому» Марына Дубіна ў апошнім слове.

Орхуская канвенцыя - канвенцыя Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці пастаноў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя». Мэта канвенцыі - падтрымка абароны правоў чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе для яго здароўя і дабрабыту, на доступ да інфармацыі, на ўдзел грамадскасці ў працэсе прыняцця пастаноў і на доступ да правасуддзя ў пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя. Канвенцыя для Беларусі ўвайшла ў дзеянне 30 кастрычніка 2001 году.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках