19 красавiка 2024, Пятніца, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Незалежная газета»: У Беларусі мае адбыцца ўнікальны страйк працоўных

15
«Незалежная газета»: У Беларусі мае адбыцца ўнікальны страйк працоўных

Расейскае выданне напісала пра сітуацыю на беларускіх заводах.

Расейскае выданне «Незалежная газета» апублікавала артыкул лідара «Беларускага аб'яднання працоўных» (БОР) Сяргея Дылеўскага пра перадстрайкавы стан у Беларусі:

– На беларускіх заводах нічога не змянілася з савецкіх часоў. Планы пяцігодкі, сістэма бізуна і перніка і нават аўтаматы з газіроўкай – усё гэта да сёння прысутнічае на прадпрыемствах. Але, мабыць, асноўная праблема Беларусі – парушэнне правоў чалавека. Гэта адбываецца ў краіне штодня і паўсюдна. Не выконваецца тэхніка бяспекі, умовы працы на працоўных месцах (у апошні час людзі гінуць на прадпрыемствах асабліва часта), працоўных прымушаюць да выканання чужых службовых абавязкаў. Акрамя таго, паўсюднай праблемай з'яўляецца парушэнне аплаты працы. Супрацоўнік Менскага трактарнага завода, напрыклад, можа спадзявацца на 16 дал. за змену, за месяц – 320 дал.

На прэміі і надбаўкі спадзявацца не выпадае, паколькі імі наўпрост распараджаецца кіраўніцтва. Тут і пачынаюцца парушэнні: калі працоўны на прадпрыемстве спрабуе адстойваць уласныя правы, яго проста пазбаўляюць прэмій. Не абыходзіцца і без ідэалагічнай апрацоўкі. Адміністрацыя ўсяляк імкнецца пераконваць людзей у тым, што прыход новай улады не толькі не выправіць сітуацыю, а значна яе пагоршыць. Паводле словаў так званых кіраўнікоў-прызначэнцаў, прадпрыемствы цудам застаюцца «ў жывых» толькі дзякуючы дзяржаве, якая беражэ дзясяткі працоўных і не стане выганяць іх на вуліцу. У асноўным такая прапаганда прызначаная для старэйшага пакалення, але на моладзь яна не дзейнічае.

Галоўная задача «Беларускага аб'яднання працоўных» – развязаць праблемы працоўных на прадпрыемствах і пачаць абараняць правы працоўных. У сутнасці гэтымі пытаннямі павінны займацца нашы незалежныя або хай нават і праўладныя прафесійныя звязы, але, на жаль, усё, чым яны займаюцца сёння, – гэта функцыянаванне ў рамках дазволенага. Гэта значыць, уся іх праца зводзіцца да таго, што яны прыходзяць на працу, п'юць гарбату і ўвечары спакойна вяртаюцца дадому.

Агульнымі сіламі мы можам дамагчыся станоўчых вынікаў. У Беларусі ўжо абвешчаны перадстрайкавы стан. Пастанова пра страйк – пастанова народа і вынік паўгадавой працы «Беларускага аб'яднання працоўных». Безумоўна, леташнія дзеянні ўладаў спрыялі таму, каб людзі баяліся выходзіць у страйк, але цяпер сітуацыя змянілася. «Беларускае аб'яднанне працоўных» вырасціла лідараў не проста на кожным прадпрыемстве, але і ў кожным падраздзяленні.

Пасля такой карпатлівай працы і дбайнай падрыхтоўкі ў нашых сілах спыніць заводы. Галоўнае ў любым страйку – досвед, таму нельга сказаць, што леташні страйк не меў поспеху. Так, ва ўладаў хапіла сілавых рэсурсаў, каб здушыць яго, заглушыць галасы працоўных, але мы не мелі дастаткова досведу, каб гэтаму супрацьдзейнічаць. Мы выйшлі на эмоцыях – нас шмат, мы зможам. Але цяпер перамагчы ў супрацьстаянні можа толькі выразны, прапрацаваны план.

Новы фармат страйку дазволіць абараніць працоўных. Мы прапануем проста фізічна не выходзіць на працу, без маршаў па тэрыторыі прадпрыемстваў, без сходаў каля цэхаў. Нам не трэба дэманстраваць сваю большасць такім чынам. Нам не патрэбны фізічны кантакт супрацоўнікаў з сілавікамі. Уся краіна застанецца дома, у бяспецы. Станок не будзе запушчаны да таго часу, пакуль мы не даможамся выканання нашых патрабаванняў.

Шлях да перамогі над рэжымам стаіць на трох кітах: санкцыі, страйкі і акцыі пратэсту. Адны санкцыі пры ўсёй важнасці і патрэбнасці самі сабой не змогуць скінуць Лукашэнку. Нам не варта заставацца ўбаку і спадзявацца толькі на ўжытыя іншымі краінамі захады.

Лех Валенса, якому «Беларускае аб'яднанне працоўных» збольшага абавязанае сваім з'яўленнем, сказаў адну простую рэч: «Ніхто вам не дасць зарэгістраваць у вашай краіне любое аб'яднанне – хоць прафзвяз, хоць ячэйку. Дзейнічайце самі, як партызаны, без бюракратыі». Так і атрымалася. Праўда, мы цяпер праходзім працэдуру рэгістрацыі ў Польшчы, але не дзеля самога факта адкрыцця юрыдычнай асобы, а для таго, каб наладзіць супрацоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй працы.

І яшчэ адну вельмі важную параду даў Валенса: «Вы не зможаце патрабаваць сыходу Лукашэнкі нават шляхам страйкаў. Патрабуйце перамоваў».

Таму галоўная мэта беларускага страйку – перамовы. Перамовы з атачэннем Лукашэнкі можна весці наконт правядзення новых сумленных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. У перамовах павінны абавязкова ўдзельнічаць прадстаўнікі ўсіх сфераў – не толькі палітыкі, але і працоўныя, медыкі, спартоўцы, педагогі і навукоўцы. Вынікам перамоваў павінна стаць вызначэнне фармату і тэрмінаў змены ўлады. Пачаткам – вызваленне палітычных зняволеных.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках