30 лiстапада 2021, aўторак, 3:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі пра маскавы рэжым: Думаць трэба галавой, а не тэлевізарам

12
Менчукі пра маскавы рэжым: Думаць трэба галавой, а не тэлевізарам

Як жыхары сталіцы рэагуюць на вар'яцтва ўладаў.

Зноў уведзены Міністэрствам аховы здароўя Беларусі абавязковы маскавы рэжым пратрымаўся менш за два тыдні. Пасля крытыкі Лукашэнкі ўстанова скасавала сваю ж пастанову.

Карэспандэнтка «Салідарнасці» прайшлася па Менску і паглядзела, як адрэагавалі беларусы на гэтую катавасію.

Раніцай пятніцы ў гіпермаркеце ў спальным раёне нешматлюдна. Але – і ад гэтага, шчыра прызнацца, наведвае пачуццё гонару, – у масках УСЕ. Касіркі, прадаўцы ўсіх аддзелаў, мерчэндайзеры, ахоўнікі, пакупнікі.

Заўважыўшы чалавека, які ўваходзіць без маскі, мяркуючы з усяго, знаёмага наведвальніка, ахоўнік строга крычыць:

– Юра! «Намызнік» надзень-тка.

– Дык нібыта ўжо неабавязкова.

– Можа, у іншых месцах неабавязкова, а ў нас цябе без маскі не абслужаць. Вось, вучыся, нават гэты кантынгент дысцыплінаваны, – прадстаўнікі «кантынгенту», пяшчотна трымаючы ў руках бутэльку пладова-ягаднага і салёныя агуркі, выпростваюцца, папраўляюць маскі яшчэ вышэй на нос і, здаецца, нават становяцца вышэйшыя ростам ад пахвалы.

На прыпынку па дарозе да метро стаяць чалавек дзесяць. І зноў усе ў масках – нават на малога ў вазочку маладая мама надзявае пацешную маску з кацінай пысачкай.

Такой дысцыплінаванай кампаніяй перамяшчаемся ў тралейбус. У апошні момант у дзверы залятае хлапчук гадоў 14–15 з клюшкай і вялікай торбай. Адзін з пасажыраў робіць заўвагу:

– Вы што маску не носіце, малады чалавек?

– А я спартовец! – звонка агрызаецца падлетак.

Іншы пасажыр толькі хістае галавой:

– Дурань ты, хлопец, а не спартовец...

У метро суграмадзяне таксама дэманструюць дзіўную ўсвядомленасць: у вагоне з 20 чалавек без маскі толькі малады мужчына – прычым ад «Спартовай» да «Купалаўскай» ён так і застаецца адзіным парушальнікам супрацькаранавірусных захадаў.

А вось у цэнтры горада карцінка мяняецца: многія падымаюць маску з падбароддзя наверх толькі перад самым уваходам у транспарт ці ў краму. У ГУМе ахоўнік нікому заўваг наконт масак не робіць. І хоць у абвестках, што гучаць на паверхах, рэкамендуецца выкарыстоўваць «сродкі абароны органаў дыхання» і сацыяльную дыстанцыю (апошняя, дарэчы, дзіўным чынам скарацілася да 1–1,5 метра, хоць раней гаворка ішла пра «не менш за паўтара»), пра абавязковасць гаворкі не ідзе.

Магчыма, таму многія, але не ўсе, пакупнікі расслабіліся і ходзяць па зале хто ў масцы на вуху, хто зусім без яе. У мясцовым пункце вакцынацыі, дарэчы, таксама амаль пуста, толькі каля ўваходу два чалавекі абмяркоўваюць, што, здаецца, прапусцілі кітайскую вакцыну, давядзецца рабіць расейскую прышчэпку.

Кагнітыўны дысананс: на вялікім экране Кастрычніцкай плошчы па-ранейшаму круціцца сацыяльная рэклама пра тое, што нават пасля вакцынацыі ТРЭБА насіць маскі, выконваць гігіену рук і сацыяльную дыстанцыю.

У гандлёвым цэнтры на праспекце Пераможцаў прадаўжаюць круціць «стары» зварот ад імя Міністэрства аховы здароўя з рэкамендацыямі выконваць маскавы рэжым. Большасць пакупнікоў, зрэшты, успрымае гэтыя словы як шумавы фон, і калі групкі кітайскіх студэнтаў усе як адзін у масках, то ў кампаніях, якія нагадваюць блізкаўсходніх мігрантаў, большасць толькі пазначае прысутнасць маскі на твары.

Паназіраўшы за ажыўленым перакрыжаваннем у раёне Траецкага Прадмесця, можна зрабіць выснову, што самыя адказныя ў плане нашэння масак – пажылыя жанчыны, а найбольш легкадумныя – старшакласнікі і студэнты.

Стоадсоткава «маскавыя» – аддзяленні пошты і аптэкі, дзе наведвальнікі самі ўжо звыкла трымаюць дыстанцыю і нагадваюць тым, хто забыўся, што варта думаць не толькі пра сябе, але і пра навакольных. А вось у крамах, здаецца, спрацоўвае іншы алгарытм: чым большы гандлёвы аб'ект, тым больш у ім пакупнікоў без масак, у той час як у шапіках «Саюздруку» або маленечкіх кавярнях наведвальнікі ў масках.

Ну, а з грамадскім транспартам – як пашанцуе. Нехта і ў метро ўпарта ігнаруе папераджальныя плакаты пра абавязковы маскавы рэжым, нехта і на прыпынку аўтобуса стаіць у масцы – як жартавалі паміж сабой некалькі жанчынаў, «заадно і ад ветру нос схаваны».

– Не разумею я гэтага, – нягучна скардзіцца маладому чалавеку сівая жанчына, – калі ўсё быццам бы не страшна, лекары спраўляюцца, надзеньце маскі, калі, наадварот, хворых класці няма куды – здыміце... Засталося толькі пачаць штрафаваць за тое, што ты ў масцы, а не без яе!

– Мама, плюнь тры разы, – жыва рэагуе юнак. – Не падказвай – ты ж бачыш, з якой хуткасцю прымаюцца благія ідэі.

Кантралёры ў аўтобусе, мабыць, звыкла, таксама нагадваюць «надзець масачку». Некаторыя ківаюць, некаторыя малююць часовую глухату, а зграйка дзяўчатак, якая заляцела на прыпынку «Індустрыяльна-педагагічны каледж», весела адмахваецца:

– Ужо ж можна і так!

– Ох, дзяўчаткі, – горка ўздыхае немаладая жанчына-кантралёрка. – У мяне сын цяпер у лякарні... Можна, вядома, і так, і сяк. Толькі галавой трэба думаць, а не тэлевізарам.

Якраз у гэты момант на задняй пляцоўцы заходзіцца ў прыступе кашлю мужчына – ён у масцы, але кашляе безупынна, надрыўна, ад чаго ўздрыгвае, здаецца, увесь аўтобус.

– Ды выходжу я ўжо! – адчуўшы нядобрыя погляды, агрызаецца мужчына.

На самай справе выходзіць, ледзь адчыняюцца дзверы. Тут жа раздражнёна выкідвае маску, але ў сметнік не трапляе, і бела-блакітная пляма непрыгожа кладзецца на асфальт. І неяк раптам высвятляецца, што ва ўсёй студэнцкай кампаніі ёсць у кішэнях маскі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».