25 красавiка 2024, Чацвер, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нечаканка» ад Набіулінай абрынула расейскую дзяржпазыку

«Нечаканка» ад Набіулінай абрынула расейскую дзяржпазыку

Такога не чакаў практычна ніхто.

Рынак расейскай дзяржаўнай пазыкі ў пятніцу перажыў рэкорднае за паўтара года падзенне на фоне нечаканай пастановы ЦБ РФ датычна ключавой стаўкі, адгадаць якую змог толькі адзін з 45 апытаных Bloomberg аналітыкаў (пераклад – finanz.ru).

Індэкс RGBI, які адсочвае кошты аблігацый федэральнай пазыкі, спікіраваў на 0,8% пасля таго, як Банк Расеі павысіў ключавую стаўку з 6,75% да 7,5% гадавых.

Зніжэнне коштаў АФЗ стала максімальным з гістарычнага крушэння нафты і рубля вясной летась. На канец гандлю RGBI апусціўся да адзнакі 139,55 пункта – новага «дна» з сакавіка-2020.

«Такога не чакаў практычна ніхто, – адзначае Сяргей Раманчук, кіраўнік аперацый на валютным і грашовым рынку Металінвестбанка. – ЦБ зноў змог здзівіць рынак, прадэманстраваўшы катэгарычнасць у падыманні стаўкі».

Напярэдадні пасяджэння кансэнсус эканамістаў вагаўся паміж крокам 0,25 і 0,5 адсоткавага пункта ўгору, а грашовы рынак закладваў у каціроўкі павышэнне да 7,25%. «Пастанова рэгулятара была не цалкам закладзеная ў кошты, што стала прычынай падзення коштаў рублёвых аблігацыяй», – канстатуе галоўны стратэг «Атона» Аляксандр Кудрын.

Прыбытковасці АФЗ падскочылі на 15–30 базісных пунктаў, а ў кароткіх паперах ушчыльную падышлі да 8%: стаўкі 4-гадовых АФЗ-26229 дасягнулі 7,94%, 3-гадовых АФЗ-26225 – 7,84%. Доўгія паперы аселі менш: на рынак з набыткам выйшаў Ашчадбанк і «не даў значна яго праціснуць», піша Locko Asset Management.

Рубель умацаваўся рэкордна за паўгода да даляра і за паўтара – да еўра, у моманце дасягаючы адзнак ніжэй за 70 за даляр. Але да вечару аддаў траціну заваёваў і гандлюецца за 70,3725 рубля за даляр у пары з разлікамі «заўтра».

«Дзе мяжа росту інфляцыі і павышэння стаўкі, пакуль не зразумела», – кажа аналітык Прамсувязьбанка Дзяніс Папоў: фактычна ЦБ адмаўляецца ад прагнозу, што інфляцыю атрымаецца запаволіць да канца года і цяпер дапускае яе паскарэнне да 7,9%.

Уласны прагноз ЦБ у сярэдняй ключавой стаўцы сёлета павышаны да 7,5–7,7% гадавых. А гэта азначае кароткатэрміновае павышэнне да 8,25–8,5% на найбліжэйшым, снежаньскім паседжанні, паказвае Папоў.

Ідэя падняць стаўку адразу на 100 базісных пунктаў разглядалася і ў пятніцу, паведаміла на прэс-канферэнцыі кіраўніца рэгулятара Эльвіра Набіуліна. «Казаць пра заканчэнне цыкла ўзмацнення жорсткасці ДКП пакуль рана. Будзем аналізаваць, як развіваецца сітуацыя», – сказала яна.

Самы рэзкі з 2014 года цыкл грашовага ўзмацнення жорсткасці ў Расеі пакуль не здолеў запаволіць інфляцыю, якая ўсталявала ў верасні і кастрычніку дзевяць 5-гадовых рэкордаў запар (7,8% – на 18 кастрычніка). Верагодна, пік мы ўбачым у пачатку наступнага года на ўзроўні 8,2–8,3%, прагназуе Максім Петраневіч, старшы эканаміст «Адкрыццё Research».

Да адзнакі 8% будуць імкнуцца і стаўкі ў доўгіх АФЗ, прагназуе Кудрын. Для рубля высокая стаўка ЦБ азначае «ўзрослую прывабнасць для аперацый carry trade» – таму курс адрэагаваў умацаваннем, канстатуе ён.

Зрэшты, не ўсё так адназначна: вернуцца замежнікі да набыцця расейскай дзяржпазыкі, пакуль кошты не перастануць падаць, ці не – застаецца пытаннем.

«Для рынку АФЗ складваюцца перадумовы для чарговай пераацэнкі каротка- і сярэднетэрміновых прыбытковасцяў угору, а асноўным арыенцірам маштабу для яе будуць служыць штотыднёвыя звесткі пра інфляцыю ў РФ. Рублю ў такіх умовах умацоўвацца будзе даволі складана, асабліва пасля заканчэння асноўнай часткі падатковага перыяду кастрычніка», – папярэджвае кіраўнік аналітычнай управы банка «Зеніт» Уладзімір Яўсціфееў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках