20 красавiка 2024, Субота, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лекары вымушаныя выбіраць, каму дапамагаць, а каму дапамагчы не ў стане»

15
«Лекары вымушаныя выбіраць, каму дапамагаць, а каму дапамагчы не ў стане»

Лекар Мартаў з Віцебска расказаў пра кошт хлусні ўладаў пра COVID-19.

Лекар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі – пра выгаранне лекараў падчас чацвёртай хвалі пандэміі, высокі кошт хлусні і адказных за яе, пра гераізм медыкаў у «чумных бараках».

Уладзімір Мартаў – прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі медыкаў. Адным з першых у Беларусі ён пачаў адкрыта гаварыць пра рэальную сітуацыю з каранавірусам. Увесну сёлета доктару не прадоўжылі кантракт, бо ён адкрыта выказваўся пра праблемы ў медыцыне і ў краіне, піша сайт «Радыё Свабода».

Размова адбылася да скасавання маскавага рэжыму ў Беларусі.

«Нібы не было гэтых паўтара гадоў працы з каранавірусам, і чацвёртую хвалю мы сустракаем як і першую»

– Мая знаёмая лекарка, чыё аддзяленне перапрафілявалі на лекаванне каранавірусных хворых, сказала, што «ў нас чакаюць другую Італію». Якая ваша ацэнка рэальнай сітуацыі з каранавірусам у Беларусі падчас чацвёртай хвалі?

– Я не працую ў рэанімацыі ўжо некалькі месяцаў, але да мяне даходзіць інфармацыя пра тое, што адбываецца ў маёй лякарні, у Віцебску, у краіне. У мяне непрыемнае адчуванне – нібы не было гэтых паўтара гадоў працы з каранавірусам, і чацвёртую хвалю мы сустракаем як і першую. Ізноў пачынаецца перапрафіляванне бальнічных ложкаў, зноў прыпыняецца планавая дапамога, зноў будзе праблемна праапераваць банальны апендыцыт, каб гэта зрабіць бяспечна. І чаму мы арганізацыйна падрыхтаваны гэтак сама, як у першую і ў другую хвалі, мне незразумела.

– Набраўся ж досвед у лекаванні каранавіруснай інфекцыі. Ці гэта выключна пытанне арганізацыі?

– Мне таксама незразумела. Калі ўважліва слухаць беларускія навіны пра каранавірус, то абмяркоўваецца шпіталізацыя ў лякарні, месцы ў рэанімацыях, абмяркоўваюцца кіслародныя пункты, колькасць балонаў, апаратаў ШВЛ. Абмяркоўваюцца рэчы, якія да перамогі над пандэміяй маюць аддаленае дачыненне, бо чуму ў чумных бараках не перамагаюць. У чумны барак трапляюць з цяжкімі выпадкамі. Рэанімацыя – верхавіна айсберга. Перамога адбываецца па-за рэанімацыяй. У рэанімацыі ніякіх перамог няма, там ідзе барацьба за кожнага чалавека. Мне проста незразумела, чаму няма таго, што называецца арганізацыйныя і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, якія павінны перамагчы каранавірус. Я разумею, чаму гэтага не было ў першую хвалю. Палітыка, не палітыка, ілюзіі, уяўленне, што само пройдзе. Але цяпер не ведаю, у каго засталіся ілюзіі, што гэта само пройдзе.

– Вы казалі пра тое, што сучасная і падрыхтаваная медыцына – гэта не толькі наяўнасць сучаснай апаратуры і падрыхтаваных лекараў і сярэдняга медыцынскага персаналу, але і арганізацыя, каардынацыя і кааперацыя. Як вы ацэньваеце менавіта гэты, арганізацыйны складнік?

– Я не самы вялікі спецыяліст у арганізацыйных і супрацьэпідэмічных мерапрыемствах. Цяпер у навінах, у размовах з калегамі сутыкаемся з сітуацыяй, што лекары вымушаныя выбіраць, каму яны будуць дапамагаць, а каму не ў стане яе дапамагчы. Цяпер зноў персанал займаецца пошукам кіслародных пунктаў, ізноў узнікаюць праблемы. Але гэта пытанне арганізацыі на самым нізкім узроўні. Чаму шараговы лекар-практык павінен займацца пытаннямі гатункавання, чаму на яго гэта звалілі, чаму гэтым не займаюцца арганізатары, якія разумеюць, якая ёсць нагрузка, колькі кіслародных пунктаў пакідаем на змену, колькі людзей паступіць у сярэднім. Гэта ўсё прагназуецца. Гэта асобная прафесія, і гэтага нічога няма. Усе на сваіх працоўных месцах зноў займаюцца гераізмам, мітуснёй, пошукам кіслародных пунктаў і свабодных месцаў. Так мы не выратуем нават тых, каго можам выратаваць. Гэта ж не арганізацыя на самай справе.

«Вакцынацыя – адзін з надзейных спосабаў унікнуць цяжкага варыянту хваробы»

– Ці зрабілі вы прышчэпку ад каранавірусу?

– Так, я вакцынаваны кітайскай вакцынай. Гэта была свядомая пастанова, як мне здаецца, аптымальная ў нашых умовах. Я не адразу вакцынаваўся, бо год таму перахварэў, хоць і ў лёгкай форме. Пакуль я працаваў у «чумным бараку», у мяне было адчуванне, што сталы кантакт, падхопліванне малых дозаў – пэўнага кшталту вакцынацыя, бо вакол хварэюць. Цяпер я не працую і мала маю зносіны з людзьмі, і хто-небудзь з маіх сяброў, якія працуюць, можа мне гэта «прывезці». Было зразумела, што трэба абараняцца, і вакцынацыя – адзін з надзейных спосабаў унікнуць цяжкага варыянту хваробы.

– Тэмпы вакцынацыі ў Беларусі даволі нізкія ў параўнанні з краінамі Еўразвязу. Расказваюць, што многія людзі цяпер, нарэшце, адважваюцца вакцынавацца і некалькі гадзінаў сядзяць у вялікіх чэргах, каб зрабіць прышчэпку. У чым вы бачыце прычыны недаверу беларусаў да прышчэпак супраць кавіду? Што магла і павінна была зрабіць дзяржава, медыцынская сістэма больш чым за паўтара года ад пачатку пандэміі і за 9–10 месяцаў ад пачатку вакцынацыі, каб была іншая сітуацыя?

– Вакцына з'явілася даволі позна. У першую хвалю яе не было, у другую яна пачала паволі з'яўляцца. Я не памятаю, каб з боку арганізатараў сістэмы аховы здароўя і самых высокіх асобаў настойліва прасоўвалася ідэя, што гэты метад адолее пандэмію. Гэтая тэма ў нас надта не гучала. Асабісты прыклад і велізарная машына, не прапагандысцкая, але агітацыйная, павінна працаваць. Калі мы не маем нармальнай статыстыкі і пазбаўленыя магчымасці ацаніць эфектыўнасць арганізацыі сістэмы аховы здароўя з апублікаваных лікаў, то з тэмпаў вакцынацыі відаць, як яна працуе.

І гэта не толькі сістэма аховы здароўя, але і Рада міністраў, і ўсе ўстановы. Гэта сур'ёзная тэма. Нашы людзі не вельмі адрозніваюцца ад людзей у Нямеччыне ці ў Ізраілі. Там інтэлектуальныя колы краіны дзейнічалі правільна, і там зусім іншыя тэмпы вакцынацыі. Акрамя гэтага, ёсць праблемы з вакцынамі, з іхняй якасцю, з доказамі гэтай якасці, з доступам да іншых вакцынаў. Гэтую тэму ў Беларусі імкнуцца не абмяркоўваць, а на маю думку, гэта вельмі важна.

– Шмат сведчанняў ёсць, што на некаторых прадпрыемствах людзей прымушаюць вакцынавацца пад пагрозай звальнення. Як вы да такіх захадаў ставіцеся, калі з аднаго боку прымус, а з другога – няма шырокай папулярызацыі вакцынацыі?

– Гэта крыху нагадвае барацьбу з алкагалізмам у часы Гарбачова, калі слушныя ідэі няправільна рэалізавалі. Пабудаваная вертыкаль не здольная гэта ўсё зрабіць па-чалавечы. Прымусовая вакцынацыя – гэта прафанацыя збольшага. Будуць надзьмутыя лікі, будзе негатыў, і з гледзішча перспектывы перамогі над пандэміяй тут больш шкоды, чым карысці. Мяккая сіла, прыклады, льготы для вакцынаваных – так прынята. Маіх калегаў, якія перахварэлі на каранавірус два-тры тыдні таму, прымушаюць вакцынавацца. Бяздумна робіцца. Лепш з разумным страціць, чым з дурнем знайсці. Гэта пра гэта.

«Няма грамадскай згоды ў тым, што маскі важныя, вакцынацыя і дыстанцыяванне патрэбныя»

– Як вы ацэньваеце цяперашнія захады Міністэрства аховы здароўя?

– Наколькі я бачу статыстыку і чую навіны ад сваіх калег з розных лякарняў краіны, то паднялася хваля, якая заліла стацыянары і аддзяленні рэанімацыі. Зробленыя гучныя заявы. Але, мякка кажучы, гэта не тое, што ўратуе. Я хаджу ў масцы, хоць бачыў у краме скандал, які зладзіў хлопец, калі яго на касе прымушалі надзець маску. Няма грамадскай згоды ў тым, што маскі важныя, вакцынацыя і дыстанцыяванне патрэбныя. Гэта дзіўна, бо ўсё ж паўтара года прайшло.

– Як вам бачыцца, ці больш цяперашняя хваля моцная ад пачатку пандэміі?

– Складана разважаць без статыстыкі. Цяпер больш дзяцей хварэе. Сярод іх няшмат цяжкіх хворых, але дзеці – разносчыкі хваробы, перадаюць яе бацькам, настаўнікам, калектывам. Няма стоп-загадаў, якія могуць гэта спыніць, і таму вірус распаўсюджваецца. І вірус цяпер мацнейшы.

– А калі параўнаць сталіцу і рэгіёны, дзе сітуацыя найбольш крытычная?

– Не ведаю. З досведу першай і другой хваляў, у нас слабыя гарызантальныя сувязі паміж раёнамі – у адным раёне хваля, у другім яе практычна няма. Вельмі асінхронна ўсё. Віцебск заліло, а Менск не кранула, потым наадварот. З гледзішча падрыхтоўкі, натуральна, Менск лепш за ўсіх «узброены» і арганізацыйна, і інтэлектуальна з гледзішча кіраўнічых пастановаў. Гэта не толькі пра маскі або «давайце вакцынавацца». Пастановаў вельмі шмат, яны штодзённыя, і правільна прынятыя пастановы ратуюць жыцці. І не аднаго, двух цяжкіх хворых можна выратаваць, а дзясяткі, сотні і тысячы. Правільныя арганізацыйныя пастановы менавіта так і дзейнічаюць.

Калі раён успыхнуў, то там будзе горш. Уявіце раённую рэанімацыю. Шэсць ложкаў, адзін дзяжурны лекар, у яго прыёмны пакой, кавідная і чыстая зоны, экстранныя аперацыі (добра, калі планавыя скончыліся). І гэта адзін чалавек. Можа быць нястача персаналу. Чым большы горад і медыцынская ўстанова, тым прасцей з рэсурсамі. У раёнах будзе горш.

«Самае непрыемнае для медыцыны – гэта выгаранне»

– На вашу думку, хто адказны за афіцыйныя лічбы захварэлых і памерлых, якім у Беларусі ніхто не верыць? Які кошт хлусні?

– Гэта самы высокі кіраўнічы ўзровень. Я разумею, навошта гэта робіцца. Я не разумею, ці сапраўды людзі не разумеюць, што гэта высокі кошт. Рэч нават не ў тым, каб напалохаць людзей. Ці разумееце вы самі, што адбываецца? У мяне няма ўяўлення, што людзі разумеюць. Яны што, дурныя? Не. Гэта вельмі разумныя людзі на высокіх пасадах. Іх не хвалюе кошт гэтага пытання, таму што збольшага іх асабіста гэта, магчыма, тычыцца менш. Хоць гэта няпраўда, але, можа, яны так думаюць.

– Вы маеце на ўвазе, што яны не захварэюць і іхнія сваякі не захварэюць?

– Яны думаюць, што атрымаюць максімум (дапамогі – рэд.), а ўсе астатнія – усё роўна. Бо, як спяваў Акуджава, «пернікаў салодкіх заўсёды не стае на ўсіх», а ў перыяд перагрузкі сістэмы аховы здароўя доступ да важных рэсурсаў становіцца каштоўным.

– Шмат лекараў загінула праз каранавірус, шмат медыкаў працуе з максімальнай нагрузкай і рызыкай. Які кошт для медыцыны?

– Зноў хварэе медыцынскі персанал. Мая родная сястра перахварэла, праз тры тыдні выкараскалася. Самае непрыемнае для медыцыны – гэта выгаранне. У чацвёртай хвалі я гэта паставіў бы на першае месца. Нават не хваробы і смерці медыцынскага персаналу. Урэшце сёння медперсанал мае сродкі абароны і ўяўляе, як з гэтым змагацца, гэта не тое што першая хваля. А выгаранне – гэта не проста празмерная нагрузка і шмат працы.

Выгаранне – гэта дрэнная арганізацыя. Калі шмат працы, шмат дзяжурстваў, і чалавек падчас дзяжурства мітусіцца і развязвае праблемы, якія не павінен развязваць (гатункаванне, каму дапамагаць, а каму не, дзе шукаць кіслародныя пункты, чаму зноў перабоі з кіслародам), то ўрэшце чалавеку становіцца ўсё роўна. І барацьба за кожнага пацыента становіцца менш інтэнсіўнай. У рэанімацыі не вызначаецца пытанне барацьбы з пандэміяй, але жыццё кожнага чалавека вызначаецца ў рэанімацыі.

У першую хвалю быў вялікі эмацыйны ўздым, таксама і таму, што была падтрымка грамадства. Цяпер гэта моцна прасела. Грамадскія арганізацыі цяпер практычна адсутнічаюць і не дапамагаюць. Але патухлыя вочы рэаніматолага пры працы з кавідам каштуюць яшчэ даражэй, чым пры працы без кавіду.

«Калі пачынаем чацвёртую хвалю з перапрафілявання, гэта азначае, што мы зноў нешта не так робім»

– Патухлыя вочы цяпер, напэўна, і ў анколага, і ў кардыёлага, і афтальмолага, якія працуюць з кавіднымі хворымі, бо іхнія аддзяленні перапрафілявалі, і людзі з іншымі хваробамі маюць праблемы з доступам да медыцынскай дапамогі.

– Калі мы пачынаем чацвёртую хвалю з перапрафілявання і закрыцця высокатэхналагічных і вельмі важных відаў дапамогі, гэта азначае, што мы зноў нешта не так робім. Я разумею, чаму гэта было зроблена ў першую хвалю, у другую, але ў чацвёртую... Мы зачынілі экстранную хірургію. Ці не вернецца гэта да нас? Вернецца. Нібы людзі ні на што не хварэюць, акрамя як на кавід.

«Маскі, дыстанцыяванне, вакцынацыя – гэта ваша пастанова. Усё ў вашых руках»

– Што адбываецца цяпер у вашым аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі?

– Цяпер лякарню цалкам «павярнулі» пад каранавірус. Зноў гераізм. Але кожны гераізм – гэты нечы крах. Асабісты досвед у людзей ёсць, а сістэмнага, агульнага досведу не прасочваецца. Гэта вельмі крыўдна, усім вельмі цяжка. Гэта тое, што расхалоджвае, калі ўсе твае намаганні ўпіраюцца ў не табой выбраныя ўмовы, калі цябе паставілі ва ўмовы, калі дапамагаеш значна меншай колькасці людзей. І гэта нядобра.

– Што вы параіце людзям рабіць ці не рабіць, каб захаваць здароўе і жыццё сваё і сваіх блізкіх падчас новай хвалі каранавіруснай эпідэміі?

– Я заклікаю ўсіх думаць над тым, што вы робіце з гледзішча пандэміі. Як высветлілася, думаць пра вас, за вас і вашых блізкіх ніхто больш не будзе. Пандэмія – гэта не прыдумка. Да гэтага часу сустракаю меркаванне, што гэта ўсё прыдумана і гэта ўсё для чыпавання. Гэта вар'яцтва, асабліва з гледзішча таго, што ўжо чацвёртая хваля. Думайце самі. Маскі, дыстанцыяванне, вакцынацыя – гэта ваша пастанова. Усё ў вашых руках.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках