29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

65 гадоў пачалося антысавецкае паўстанне ў Вугоршчыне

3
65 гадоў пачалося антысавецкае паўстанне ў Вугоршчыне

Храналогія вугорскіх падзей 1956-га года.

23 кастрычніка 2021 года спаўняецца 65 гадоў пачатку выступу вугорскага народа супраць камуністычнай сістэмы, праз 12 дзён задушанага савецкім войскам, паведамляе BBC.

На першым этапе (23-30 кастрычніка 1956 года) пазіцыя кіраўніцтва СССР была досыць стрыманай. За бескампраміснае выкарыстанне сілы выступаў толькі Клімент Варашылаў. Астатнія, уключаючы першага сакратара КПСС Мікіту Хрушчова, галоўнага ідэолага партыі Міхаіла Суслава і міністра абароны Георгія Жукава, асцерагаліся супраціву вугорцаў і рэакцыі Захаду, і меркавалі, што трэба шукаць агульную мову з новым вугорскім прэм'ерам Імрэ Надзем, які, хоць і не зусім «наш», затое здольны кантраляваць сітуацыю.

Менавіта так развіваліся прыкладна ў той жа час падзеі ў Польшчы, дзе Масква змірылася з прыходам да ўлады Уладзіслава Гамулкі, якога ўважала за правага апартуніста. Той у выніку апынуўся цалкам прымальнай для Крамля фігурай. У выніку 30 кастрычніка савецкія войскі былі выведзеныя з Будапешта.

Фатальную ролю адыграў інцыдэнт 31 кастрычніка, калі дэманстранты атачылі будынак будапешцкага гаркама партыі, які ўважаўся за апору кансерватараў. Спачатку яны быццам бы хацелі толькі «разагнаць сталіністаў». Але тут раздаліся стрэлы, на плошчы з'явіліся забітыя і параненыя. Раз'юшаны натоўп уварваўся ў гаркам і лінчаваў амаль дваццаць чалавек, у тым ліку першага сакратара Імрэ Мэзе.

Па ўсім горадзе пачалі адлоўліваць і вешаць на дрэвах афіцэраў дзяржбяспекі, якіх пазнавалі па аднолькавых жоўтых чаравіках, выдадзеных у гаспадарчай управе. Гэта рэзка змяніла настрой у Маскве. Хто адкрыў агонь, дагэтуль незразумела. У СССР віну ўскладалі на «банды эмігрантаў-хартыстаў», нібыта перакінутыя з ФРГ і Аўстрыі, хоць нівонага баевіка-эмігранта злоўлена не было. Паводле іншых звестак, правакацыю зладзілі вугорскія чэкісты.

ФОТА: АР

У адрозненне ад падаўлення «Пражскай вясны» ў 1968 годзе, падзеі ў Будапешце не абышліся без баёў і вялікай крыві. Камандаваў уводам войскаў маршал Іван Конеў. Ён ужыў тую ж тактыку, якую выкарыстаў пры штурме Берліна: кінуў на вузкія вуліцы вялікага горада масу танкаў.

Абаронцы Будапешта закідвалі іх «кактэйлямі Молатава» і абстрэльвалі з верхніх паверхаў будынкаў. За тры дні загінулі 2652 вугорцы і 640 савецкіх вайскоўцаў, параненыя былі адпаведна 19226 і 1251 чалавек. 26 жаўнерам і афіцэрам за ўдзел у неабвешчанай вайне прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля паўстання афіцыйна былі вынесеныя шэсць смяротных прысудаў: прэм'еру Вугоршчыны Імрэ Надзю, які ўзначаліў вызваленчы рух, міністру абароны Палу Малетэру, публіцысту Міклашу Гімешу і яшчэ тром фігурантам іншых працэсаў. Але розныя крыніцы кажуць пра 350 і нават 1200 забітых ужо пасля падаўлення паўстання. 846 чалавек вывезлі ў савецкія лагеры і турмы, амаль 13 тысяч знаходзіліся ў зняволенні на радзіме. Старшыня КДБ Іван Сяроў, што прыбыў разабрацца з «контррэвалюцыяй», атрымаў ордэн Кутузава I ступені.

Прэм'ер Вугоршчыны і адзін з лідараў пратэстаў Імрэ Надзь быў перакананым марксістам і старым камінтэрнаўцам, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне ў Расеі на баку чырвоных, з 1929 да 1944 жыў у Маскве. Некаторыя крыніцы прыпісваюць яму ўдзел у забойстве царскай сям'і, але довадаў гэтаму няма. Ступень закрытасці камуністычнай сістэмы была такая, што дагэтуль дакладна невядома, якім спосабам пакаралі смерцю Надзя: расстралялі ці павесілі.

Распаўсюджанае меркаванне, што смяротны прысуд у дачыненні да Надзя быў вынесены пад ціскам СССР. Аднак рассакрэчаныя дакументы паказваюць, што Хрушчоў не хацеў крайнасцяў, а прапаноўваў адправіць Надзя выкладчыкам у якую-небудзь правінцыйную ВНУ. Вядомыя ягоныя словы, сказаныя на пасяджэнні прэзідыума ЦК КПСС 5 лютага 1958 года: «Праявіць цвёрдасць і велікадушнасць». Аднак новы прамаскоўскі лідар Янаш Кадар намагаў на кары і, паводле некаторых звестак, нават прысутнічаў пры ёй, адпомсціўшы Надзю, якога ўважаў за аднаго з вінаватых за ўласны арышт і катаванні ў 1951 годзе.

ФОТА: АFР

Кіраўнік каталіцкай царквы Вугоршчыны кардынал Ёжэф Міндсенці, які 3 лістапада выступіў па радыё з заклікам да нейтралітэту краіны і свабоды сумлення, пасля ўступлення ў Будапешт савецкіх войскаў схаваўся ў амерыканскім пасольстве і пражыў, не выходзячы з будынка, амаль 15 гадоў, што з'яўляецца рэкордам такога кшталту.

Толькі ў 1971 годзе дзякуючы намаганням Ватыкана ўлады камуністычнай Вугоршчыны дазволілі яму з'ехаць на Захад. Пры гэтым была складзеная неафіцыйная ўгода: Міндсенці падаў у адстаўку з пастоў арцыбіскупа Эстэргомскага і прымаса Вугоршчыны, але гэтыя катэдры заставаліся вакантнымі да яго скону.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках