4 снежня 2021, Субота, 2:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі дзейнічаюць: Пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у ЕЗ рэзка скараціліся

Санкцыі дзейнічаюць: Пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у ЕЗ рэзка скараціліся

Сектаральныя санкцыі супраць рэжыму сталі прыкметныя ў еўрапейскай статыстыцы.

Паводле звестак Еўрастата, імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі прыкметна скараціўся ў ліпені-жніўні, паведамляе сайт «БП».

Санкцыі ў дачыненні да беларускіх нафтапрадуктаў былі ўведзеныя Еўразвязам у канцы чэрвеня гэтага года, да гэтага з 3 чэрвеня былі адноўленыя абмежавальныя захады ЗША ў дачыненні «Белнафтахіма», «Нафтана» і шэрагу іншых прадпрыемстваў. У выніку імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі скараціўся ў чэрвені да без малога 30 тыс. т пасля красавіка-траўня, калі ўвозілася больш за 100 тыс. т. У ліпені-жніўні ў ЕЗ увозілася 7,1 і 7,7 тыс. т беларускіх нафтапрадуктаў адпаведна. Асноўным імпарцёрам у гэтыя месяцы выступіла Эстонія, куды паступіла 4,5 і 7,25 тыс. т адпаведна.

Паводле вынікаў васьмі месяцаў буйнымі пакупнікамі беларускіх нафтапрадуктаў былі Гішпанія (148,5 тыс. т), Польшча (195,9 тыс. т). Аднак у ліпені-жніўні яны альбо не ўвозілі нафтапрадукты, альбо тыя паступалі ў мінімальных аб'ёмах.

Пастаўкі з Беларусі ў ЕЗ азотных угнаенняў у студзені-жніўні скараціліся на 56,3% да 158,27 тыс. т. У вартасным выразе яны зменшыліся на 32,4% да 32,77 млн еўраў. Зніжэнне паставак у траўні-чэрвені насіла хутчэй сезонны, чым абумоўлены санкцыямі характар. У чэрвені яны знізіліся да 1000 т., але ў ліпені ўжо склалі 13,5 тыс. т, а ў жніўні 18,1 тыс. т.

Асноўнымі пакупнікамі паводле вынікаў студзеня-жніўня выступілі некалькі краінаў. Пастаўкі ў Францыю склалі 69,3 тыс. т. Пры гэтым з траўня яны спыніліся. Імпарт у Літву паменшыўся амаль у два разы да 34,1 тыс. т. У ліпені ў гэтую краіну паступілі 10 тыс. т, а ў жніўні – 5,4 тыс. т. Польшча атрымала ўсяго на 3% менш азотных угнаенняў, чым за восем месяцаў мінулага года, або 33,8 тыс. т.

Беларускі калій трапіў пад санкцыі Еўразвязу, аднак яны не распаўсюджваюцца на кантракты, заключаныя да 25 чэрвеня 2021 года. Акрамя таго, з-пад санкцый першапачаткова быў выведзены хларыд калію з утрыманнем К20 ад 40% да 62%, які і з'яўляецца асноўным калійным угнаеннем.

Нагадаем, Белстат летам перастаў публікаваць звесткі пра экспарт нафтапрадуктаў і ўгнаенняў пасля таго, як былі ўведзеныя санкцыі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».