25 красавiка 2024, Чацвер, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі парламент узначаліць жанчына: Што пра яе вядома?

Нямецкі парламент узначаліць жанчына: Што пра яе вядома?
БЕРБЕЛЬ БАС
ФОТА: AUSSIEDLERBOTE.DE

Бербель Бас - сацыял-дэмакратка, якая займаецца пытаннямі аховы здароўя.

Тое, што старшынёй бундэстагу стане жанчына, не было сюрпрызам. Сюрпрызам стала кандыдатура той, хто, імаверна, заменіць на гэтай пасадзе дасведчанага палітыка Вольфганга Шойбле (Wolfgang Schäuble). Традыцыйна самая моцная фракцыя ў парламенце прапануе кандыдата на гэты пост, піша dw.com.

Шойбле можа змяніць Бербель Бас (Bärbel Bas) - малавядомая палітык, сацыял-дэмакратка, якая займаецца пытаннямі аховы здароўя. Намесніца кіраўніка фракцыі сацыял-дэмакратаў у Бундэстагу Бас, хутчэй за ўсё, будзе абраная на пасаду кіраўніка бундэстага на ўстаноўчым пасяджэнні ў аўторак, 26 кастрычніка.

Жанчына на адным з ключавых палітычных пастоў

Сацыял-дэмакраты не хочуць і, відавочна, не могуць дапусціць таго, каб тры самыя высокія дзяржаўныя пасады займалі мужчыны. Федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier) - «нумар адзін» у краіне. Старшыня бундэстагу - «нумар два» ў гэтай іерархіі. І гэтую ролю, імаверна, будзе адыгрываць Бербель Бас. І толькі затым паводле пратакола стаіць канцлер ФРГ - «нумар тры» ў гэтым спісе. Калі ўрадавая кааліцыя будзе складацца з сацыял-дэмакратаў, «зялёных» і свабодных дэмакратаў, то гэты пост, хутчэй за ўсё, зойме Олаф Шольц (Olaf Scholz).

Бербель Бас - ураджэнка Рурскай вобласці, жыве ў Дуйсбургу. 53-гадовая Бас - адна з тых, хто прывык да прамалінейнасці, уласцівай людзям з рэгіёну на захадзе Нямеччыны, у якім калісьці здабывалі вугаль і выраблялі сталь. Бас - фанатка дуйсбуржскай футбольнай каманды MSV Duisburg і вельмі любіць свае родныя мясціны, што ахвотна падкрэслівае ва ўсіх інтэрв'ю.

Пасля таго, як Бас скончыла сярэднюю школу, яна працавала памочніцай у бюро, затым эканамісткай у касе медыцынскага страхавання і рэферэнткай у падборы кадраў. Яе палітычная кар'ера пачалася ў СДПГ – партыі, глыбока ўкаранёнай у яе роднай Рурскай вобласці.

З 2009 года Бас з'яўляецца дэпутатам бундэстага, а з 2019 - намесніца кіраўніка фракцыі сацыял-дэмакратаў у Бундэстагу. У яе выбарчай акрузе ў Дуйсбургу яна заўсёды збірала рэкордную колькасць галасоў на карысць сацыял-дэмакратаў. І на мінулых парламенцкіх выбарах Бас падтрымалі 40,35 адсотка выбарцаў, амаль удвая больш, чым яе канкурэнта з Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС).

У інтэрв'ю палітолаг Клаўс Шцюве (Klaus Stüwe) з Каталіцкага ўніверсітэта Айхштэдт-Інгальштата назваў Бас хутчэй «левай»: «Бас належыць да так званых парламенцкіх левых, гэта аб'яднанне левага крыла Сацыял-дэмакратаў у парламенцкай фракцыі. Гэтая група займае традыцыйную пазіцыю Сацыял-дэмакратаў і была скептычна настроеная ў дачыненні да сацыяльных рэформаў былога канцлера Герхарда Шродэра (Gerhard Schröder)».

Трэцяя жанчына на пасадзе старшыні бундэстага

Бербель Бас стане трэцяй жанчынай у пасляваеннай гісторыі Нямеччыны на пасадзе старшыні бундэстага. Яе папярэдніцы: сацыял-дэмакратка Анэмары Рэнгер (Annemarie Renger), якая займала гэтую пасаду з 1972 да 1976 года і хрысціянская дэмакратка Рыта Зюсмут (Rita Süssmuth), якая ўзначальвала Бундэстаг з 1988 да 1998 года. Ім абодвум было нялёгка заняць гэтую пасаду, на якую заўсёды прэтэндавалі мужчыны.

Анэмары Рэнгер нарадзілася ў 1919 годзе ў Лейпцыгу, была першай жанчынай у свеце, якая стаяла на чале свабодна абранага парламента: «У нашай фракцыі я сама прапанавала сваю кандыдатуру на гэты пост». Пасля 4 гадоў паспяховага знаходжання на пасадзе кіраўніка бундэстага яна заявіла: «Цяпер даведзена, гэта можа рабіць і жанчына».

Другі раз жанчынай на чале нямецкага парламента 25 лістапада 1988 стала палітык з ХДС Рыта Зюсмут. 84-гадовая Зюсмут дагэтуль змагаецца за тое, каб у парламенце было больш жанчын. У многіх сферах жанчынам не давяраюць, кажа Зюсмут у інтэрв'ю газеце Augsburger Allgemeinen: «У гэтым сэнсе палітыкі дзейнічаюць з хуткасцю слімака, бо нічога не трымаецца так доўга, як старая ўлада».

У пытанні выбару кандыдата на пасаду кіраўніка бундэстага вялікую ролю меркавана сыграў Олаф Шольц. Цяпер у фракцыі сацыял-дэмакратаў 42 адсоткі жанчын. Шольц увесь час паўтарае ,што «жанчынам належыць палова ўлады». Ён хоча, калі ўзначаліць урад, каб палову міністэрскіх пастоў занялі жанчыны. Таму, як тлумачыць палітолаг Клаўс Шцюве, «абранне Бербель Бас непазбежнае».

Якую спадчыну пакінуў Шойбле

Кіраўнік бундэстага старшынюе на пасяджэннях парламента, ён з'яўляецца гаспадаром у будынку рэйхстага і начальнікам яго адміністрацыі, прадстаўляе парламент за межамі краіны. На першы погляд здаецца, што чалавек на гэтай пасадзе мае мала ўплыву. Але той, хто па факце з'яўляецца «нумарам два» ў іерархіі вышэйшых дзяржаўных чыноў, часта выходзіць на першыя ролі ў грамадскім успрыманні.

Вольфганг Шойбле - добры таму прыклад. 26 кастрычніка ён прамовіць сваю развітальную прамову на пасадзе кіраўніка бундэстагу. Ён адзін з самых дасведчаных парламентарыяў. Ніводзін з чальцоў парламента так доўга не засядаў у Бундэстагу, як Шойбле - бесперапынна з 1972 года.

Сваю пасаду кіраўніка бундэстага Шойбле заўсёды выкарыстоўваў для таго, каб падкрэсліць важнасць парламента ў палітычным жыцці і даць новыя імпульсы ўмацаванню парламенцкай дэмакратыі. На самыя важныя тэмы, такія напрыклад, як пандэмія, ён рэагаваў палымянымі прамовамі. У тым, што тычыцца рэгламенту выступаў, ён нават аднойчы зрабіў заўвагу Мэркель, запатрабаваўшы ад канцлеркі саступіць трыбуну наступнаму прамоўцу.

З ягоным аўтарытэтам раз-пораз даводзілася лічыцца правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ), якая ўвайшла ў склад парламента чатыры гады таму: ён жорстка спыняў выкрыкі чальцоў яе фракцыі падчас выступу іншых дэпутатаў на пасяджэннях парламента, нагадваў пра тое, што ў будынку неабходна насіць маскі. «Вольфганг Шойбле з'яўляўся палітычным цяжкавагавіком на пасадзе старшыні бундэстага, - кажа палітолаг Шцюве. - Бербель Бас, у сваю чаргу, не мае ніякага досведу палітычнага кіраўніцтва і не з'яўляецца вядомай фігурай».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках