29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Судане чарговы пераварот: як гэта адаб'ецца на рэжыме Лукашэнкі?

2
У Судане чарговы пераварот: як гэта адаб'ецца на рэжыме Лукашэнкі?
Фота: AP

Немалую частку з закрытага экспарту ў Судан складае зброя.

У Судане другі раз за два гады адбыўся ваенны пераварот. На гэты раз вайскоўцы арыштавалі чальцоў пераходнага ўрада, сфармаванага пасля ваеннага перавароту ў 2019 годзе. Затрыманы прэм'ер-міністр Судана Абдала Хамдук.

Усяго месяц назад ужо былыя ўлады Судану заявілі, што прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту «прыхільнікамі зрынутага больш за два гады таму прэзідэнта Амара аль-Башыра».

Справа ў тым, што са жніўня 2019 года Суданам кіруе пераходная вайскова-грамадзянская адміністрацыя, якая прыйшла да ўлады, зрынуўшы былога прэзідэнта краіны Амара аль-Башыра, даўняга сябра Лукашэнкі.

«Еўрарадыё» наважыла паглядзець, ці паўплывае неяк чарговы пераварот на беларускія інтарэсы ў Судане.

Экспарт

Афіцыйна Беларусь пастаўляе ў Судан сельскагаспадарчую і аўтамабільную тэхніку. Пры гэтым экспарт перыядычна рос «выбуховымі» тэмпамі.

Так, калі ў 2006 годзе ўсяго было экспартавана ў Судан прадуктаў на 2,5 мільёна даляраў, то ўжо да 2008 года гэтая сума дасягнула амаль 37 мільёнаў. А ў 2013-м і зусім паставіла рэкорд за ўсю даступную гісторыю гандлёвых дачыненняў дзвюх краін - 70 мільёнаў даляраў. Калі глядзець публікацыі пазіцый, то сталыя пастаўкі туды ахоплівалі толькі трактары, астатнія пазіцыі эпізадычныя.

Аднак большая частка экспарту праходзіць паводле «закрытых пазіцый», да якіх належаць каштоўныя металы, тытунь, авіяцыйная тэхніка і ўзбраенне. Так, у 2013 годзе ў Судан было пастаўлена прадукцыі паводле закрытых пазіцый на 50 мільёнаў даляраў.

Але з 2017 года экспарт стаў імкліва падаць, і толькі аднойчы ў 2019 годзе дасягнуў амаль 27 мільёнаў, з якіх 21 мільён быў паводле закрытых пазіцый. Тады ж у Судане адбыўся ваенны пераварот, кіраўнік краіны Амар аль-Башыр быў арыштаваны. З тых часоў экспарт пайшоў на спад, дасягнуўшы ў 2020 годзе толькі 9,5 мільёна, з якіх паводле закрытых пазіцый было толькі на 250 тысяч даляраў.

Зброя для старога сябра

Можна смела сцвярджаць, што немалую частку з закрытага экспарту ў Судан складае зброя. Беларусь і Судан маюць велізарны досвед у супольным вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве.

З 1996 года Беларусь пастаўляе ў Судан значныя аб'ёмы ўзбраенняў нягледзячы на міжнародныя санкцыі. Паводле звестак Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру (SIPRI), толькі ў перыяд з 2013 да 2015 года беларускія пастаўкі зброі ў Судан склалі блізу 113 млн даляраў.

У 2015 годзе ў Судане была зарэгістраваная супольная суданска-беларуская кампанія S&B Aviation company Ltd, якая спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні, рамонце і мадэрнізацыі самалётаў і верталётаў, навучанні і падрыхтоўцы лётных экіпажаў і інжынераў.

Золатаздабыча

Тэма здабычы беларускімі кампаніямі золата ў Судане закраналася падчас візіту Амара аль-Башыра ў Менск у 2018 годзе. Тады стала вядома, што здабычай будзе займацца кампанія Sohra Mining беларускага бізнэсоўца Аляксандра Зайцава.

«З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі здабывацьмуць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя на гэты метал. Я вам удзячны за тое, што вы прынялі пастанову аб прадстаўленні нам другога радовішча па здабычы золата», - заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Амарам аль-Башырам.

Як і ў выпадку з Зімбабвэ, тут дазволы на здабычу «прабіваліся» на самым вышэйшым узроўні. Так, у пачатку 2017 года Sohra Mining разведала адну з выдзеленых дзялянак для здабычы золата, але яна выявілася бесперспектыўнай.

У 2018 годзе стала вядома, што кампаніі выдзелілі яшчэ адзін надзел, які пачалі даследаваць беларускія спецыялісты. Ішлі перамовы аб даследаванні яшчэ адной дзялянкі бліжэй да Нілу.

Аднак пераварот у 2019 годзе, імаверна, паставіў крыж на золатаздабычы ў Судане. З тых часоў ніякай інфармацыі аб праекце не з'яўлялася.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках