25 красавiка 2024, Чацвер, 17:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі зафіксавалі новы штам каранавіруса

4
У Беларусі зафіксавалі новы штам каранавіруса

Што пра яго вядома?

На выходных намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка паведаміў, што ў Беларусі зарэгістраваны новы штам каранавіруса — «Дэльта-лайт». Прычым, як выявілася, у краіне пра яго ведалі яшчэ ў верасні. На днях аб выяўленні новага штаму таксама паведамілі ў суседняй Расеі. Zerkalo.io сабрала ўсю інфармацыю, якая цяпер вядомая пра «Дэльта-лайт», каб зразумець, наколькі моцна ён адрозніваецца ад папярэднікаў і як ад яго засцерагчыся.

Адкуль узяўся новы штам?

Для пачатку адзначым, што «Дэльта-лайт» - гэта не зусім новы штам, а адно з адгалінаванняў лініі «Дэльта», што і вынікае з яго назвы. Афіцыйна варыянт называецца AY.4.2. Адзначым таксама, што назва не павінна ўводзіць у зман: слова «лайт» не азначае, што выкліканая вірусам хвароба COVID-19 праходзіць у больш лёгкай форме. У заходніх крыніцах варыянт часцей называюць «Дэльта-плюс».

Найбольш актыўна AY.4.2 распаўсюджваецца ў Вялікай Брытаніі (хутчэй за ўсё, там ён і з'явіўся), цяпер амаль 6% новых выпадкаў каранавіруса ў краіне прыпадаюць на гэты варыянт. Пры гэтым Вялікая Брытанія - краіна па абсалютнай колькасці новых выпадкаў - цяпер знаходзіцца на другім месцы ў свеце, саступаючы толькі ЗША — за мінулыя 28 дзён такіх выпадкаў выяўлена больш за мільён (усяго ў краіне жыве амаль 67 млн чалавек).

Са слоў дырэктара Інстытута генетыкі ўніверсітэцкага каледжа Лондана Франсуа Балу, новы варыянт, відавочна, у асноўным абмежаваны Вялікай Брытаніяй і «застаецца выключна рэдкім дзе-небудзь яшчэ». Праўда, паведамленні аб выяўленні штаму за межамі краіны становяцца ўсё больш частымі. Акрамя Беларусі і Расеі, аб выпадках заяўлялі ЗША, а зусім нядаўна і Ізраіль — прычым туды вірус трапіў у арганізме дзіцяці, якое вярнулася з Малдовы. Таму AY.4.2 ужо наўрад ці можна ўважаць за лакальны варыянт.

У чым асаблівасці AY.4.2?

Пакуль што казаць пра нешта са стоадсоткавай упэўненасцю не атрымліваецца - штам новы і пакуль знаходзіцца ў стадыі даследаванняў. Усё той жа прафесар Балу меркаваў, што яго заразнасць можа адрознівацца ад звычайнага «Дэльта-штаму» ў большы бок на 10%, аднак наўпроставых довадаў гэтаму пакуль няма. AY.4.2 адрозніваецца ад класічнай «Дэльты» дзвюма мутацыямі ў яго спайк-бялку, так званымі Y145H і A222V. Ніводная з іх не знаходзіцца ў дамене звязвання рэцэптараў, які вірус выкарыстоўвае для пранікнення ў чалавечую клетку, - адпаведна, «Дэльта-лайт» наўрад ці прыкметна адрозніваецца ў гэтым плане ад свайго «аднаго з бацькоў».

З іншага боку, «Дэльта» сама па сабе вельмі заразная. Так, «Альфа-штам» быў на 50% больш заразным, чым зыходны каранавірус, а «Дэльта» — яшчэ на 64% больш заразная, чым «Альфа».

Пакуль што наўпроставай сувязі паміж «Дэльта-лайтам» і ўсплёскам захворвання ў Вялікай Брытаніі не знойдзена, нават на 10% большая заразнасць прывяла б пры цяперашнім распаўсюдзе штаму да росту колькасці новых выпадкаў усяго на 1% цягам кожных пяці дзён. У Злучаным Каралеўстве ж гэты паказчык значна вышэйшы.

Калега Балу па ўніверсітэцкім каледжу Лондана прафесар Крысціна Пэйджл таксама заявіла, што пакуль няма падстаў звязваць рост захворвання з распаўсюджваннем новага варыянту штаму «Дэльта».

«Мы не ведаем, ці сапраўды гэты штам крыху больш заразны, чым іншыя падвіды «Дэльты», ці ён проста трапіў на «мерапрыемствы-суперраспаўсюднікі» (маюцца на ўвазе масавыя мерапрыемствы накшталт канцэртаў, фестываляў, спартовых падзей або канферэнцый, - заўв.), якія дапамаглі яму заразіць так шмат людзей. Няма прычын думаць, што ён больш устойлівы да імунітэту або што ён наогул не небяспечны. Гэта нешта, за чым трэба сачыць, але не панікаваць», — напісала яна.

Яшчэ адзін брытанскі прафесар, спецыяліст у інфекцыйных захворваннях і імуналогіі ва ўніверсітэцкім каледжы Лондана, Равіндра Гупта, звязаў магчымы рост захворвання ў Англіі з вялікай колькасцю непрышчэпленых школьнікаў. Ён таксама заўважыў, што разгортванне праграмы бустэрных прышчэпак (так званая трэцяя доза) у краіне адбываецца павольна, а доля людзей, якія носяць маскі ў публічных месцах, нізкая.

Як засцерагчыся ад «Дэльта-лайта»?

Гэтак жа, як і ад штаму «Дэльта», падвідам якога з'яўляецца AY.4.2 — нашэнне масак і прышчэпкамі. Важна памятаць, што «Дэльта» значна больш небяспечная, чым папярэднія варыянты, таму яна можа заражаць нават вакцынаваных людзей і затым перадавацца іншым.

Даследаванне Равіндры Гупты і ягоных калег, апублікаванае ў часопісе Nature, паказала, што «Дэльта-штам» у шэсць разоў менш адчувальны да антыцелаў чалавека, які перахварэў на каранавірус, і ў восем разоў менш адчувальны да імунітэту, сфармаванага пасля вакцынацыі. Праз гэта вірус можа не гінуць на слізістых абалонках вакцынаванага чалавека і такім чынам прадаўжаць распаўсюджванне, нават не заражаючы носьбіта. Таксама «Дэльта-штам» адрозніваецца больш высокай хуткасцю рэплікацыі, гэта значыць, стварэння новых копій віруса за больш кароткі тэрмін.

Высокая хуткасць рэплікацыі віруса азначае, што вакцынаваны чалавек становіцца носьбітам інфекцыі і можа яе распаўсюдзіць, — тлумачыць Равіндра Гупта. - Таму нашэнне масак з'яўляецца важным кампанентам змякчэння наступстваў»

Пры гэтым самі вакцыны застаюцца дзейсным спосабам барацьбы з COVID-19. Доктар Лен Хоравіц, пульманолаг нью-ёркскай лякарні «Ленакс-Хіл», мяркуе, што выкліканая «Дэльта-лайтам» хвароба наўрад ці можа мець вялікую ўстойлівасць да імунітэту, сфармаванага вакцынамі.

«Адназначна можна сказаць, што вірусу патрэбна значна большая варыятыўнасць, значна большая колькасць мутацый, перш чым ён пачне абыходзіць імунітэт, — кажа спецыяліст. - Таму [патэнцыйнае зніжэнне эфектыўнасці вакцын] дакладна не прычына для перажыванняў».

У той жа час заразнасць штаму можа прывесці да росту колькасці новых выпадкаў хваробы, што будзе пагражаць людзям з сур'ёзнымі спадарожнымі захворваннямі.

«Чым больш выпадкаў, тым большы шанец ускладненняў, тым больш выпадкаў шпіталізацыі, - кажа Харавіц. - Аднак, паўтаруся, вакцыны засцерагаюць ад шпіталізацыі і гібелі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках