У Кітаі пачнуць вакцынаваць дзяцей ад COVID з трохгадовага ўзросту
- 25.10.2021, 18:59
- 3,096
У Кітаі на працягу ўсёй пандэміі дзейнічаюць ізалятары, карантыны і абавязковае тэставанне.
У Кітаі найбліжэйшым часам пачнуць вакцынацыю ад каранавіруса дзяцей ва ўзросце ад трох гадоў. Па меншай меры ў пяці правінцыях краіны ўлады выпусцілі паведамлення пра тое, што дзеці ва ўзросце ад 3 да 11 гадоў павінны будуць атрымаць прышчэпку ад COVID.
Пра гэта паведамляе Associated Press .
Пашырэнне кампаніі ў вакцынацыі адбываецца на фоне таго, што ў некаторых раёнах Кітая прымаюцца новыя меры падаўлення невялікіх асяродкаў COVID.
Ганьсу, паўночна-заходняя правінцыя, якая моцна залежыць ад турызму, закрыла ўсе турыстычныя аб'екты пасля выяўлення новых выпадкаў захворвання COVID. Жыхарам некаторых раёнаў Унутранай Манголіі было загадана не выходзіць з дому праз успышкі захворвання.
Нацыянальная камісія аховы здароўя паведаміла, што за апошнія 24 гадзіны было выяўлена 35 новых выпадкаў мясцовай перадачы каранавіруса, чатыры з іх у Ганьсу. Яшчэ 19 выпадкаў былі выяўленыя ў рэгіёне Унутраная Манголія, а астатнія раскіданыя па ўсёй краіне.
У Кітаі на працягу ўсёй пандэміі дзейнічаюць ізалятары, карантыны і абавязковае тэставанне на наяўнасць віруса, і ў асноўным атрымалася здушыць выпадкі мясцовай інфекцыі пры поўнай вакцынацыі 1,07 мільярда чалавек з 1,4 мільярда насельніцтва краіны.