19 красавiка 2024, Пятніца, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Загадалі медыкам, каб нідзе не было чаргі»

20
«Загадалі медыкам, каб нідзе не было чаргі»

Праўда аб COVID-19 у Беларусі.

Падчас ранейшых хваляў пандэміі COVID-19 афіцыйна Міністэрства аховы здароўя прагназавала плато і выхад на памяншэнне колькасці інфікаваных. Цяпер такіх прагнозаў медыкі не агучваюць. Тым часам дзяржаўная прапаганда пачала змагацца з маскавым рэжымам. Ранейшую забарону на масавыя мерапрыемствы знялі, з грамадскага транспарту знікаюць налепкі з просьбай насіць маскі, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Пасля крытыкі Лукашэнкам маскавага рэжыму Міністэрства аховы здароўя скасавала ранейшыя антыкаранавірусныя абмежаванні.

Улады пайшлі далей. Telegram-канал «Транспарт Мінска» паведамляе аб загадзе здымаць з дзвярэй грамадскага транспарту налепкі з патрабаваннем насіць маскі. Аналагічныя «ініцыятывы» заўважаюць чытачы «Белсата» і ў іншых месцах.

«Налепку пра нашэнне масак знялі. Абавязкова мыць рукі пры ўваходзе ў школу. Дзяжурныя па паверхах і сталовай абавязкова носяць маскі. У астатніх выпадках хто носіць, а хто і не. Некалькі чалавек перахварэлі», – паведамляюць настаўнікі сярэдняй школы №2 Давыд-Гарадка.

«З дзвярэй Менскай цэнтральнай раённай паліклінікі сёння зніклі аб'явы аб нашэнні масак. Мы нагадваем вам аб захаванні простых правілаў. Акрамя нас саміх ніхто не паклапоціцца аб нашых жыццях і жыццях навакольных! Беражыце сябе».

Нягледзячы на такія захады ўладаў, грамадзяне прадаўжаюць прытрымлівацца маскавага рэжыму. Мала таго, некаторыя нашэнне масак звязваюць з кампаніяй, сутнасць якой не толькі ў прадухіленні эпідэміі, але і ў кантэксце выказвання пратэсту супраць улады Лукашэнкі.

«Я раней вельмі рэдка карыстаўся маскай. Нават падчас абавязковага нашэння забываў яе, і ў краме даводзілася нечым прыкрывацца, бо прадаўцы не абслугоўвалі. Але цяпер свядома нашу маску. Гэта заўважылі ў краме, спыталі, што ж адбылося, чаму я раптам пачаў клапаціцца пра здароўе. Я адказаў, што сутнасць у іншым, нашу маску дзеля іншага. Тлумачыць прадавачцы не давялося, бо яна з паўслова зразумела мяне», - кажа чытач «Белсату».

Раней экспэрт Ягор Лябядок у сваім Facebook выказаў думку, што абавязковы маскавы рэжым скасавалі дзякуючы паспяховасці гэтай акцыі.

Міністэрства аховы здароўя плато пакуль нават не прагназуе

Сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса застаецца складанай. Плато, ці пік захворванняў, пасля якога эпідэмія ідзе на спад, Міністэрства аховы здароўя пакуль не прагназуе. А гэта значыць, што сітуацыя можа толькі пагаршацца. У такіх варунках у краінах свету ўлады ўводзяць абмежаванні. У Расеі з 30 кастрычніка да 7 лістапада абвясцілі непрацоўны тыдзень праз рост захворванняў на COVID-19. А ў Беларусі наадварот, касуюцца супрацькаранавірусныя абмежаванні.

Беларусы прадаўжаюць канстатаваць, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае сітуацыі.

«У Наваградку вельмі цяжкая сітуацыя. Паводле неафіцыйных звестак, Навагрудак у лідарах па захворваннях і смяротнасці ў Гарадзенскай вобласці. Людзей памірае вельмі шмат! Учора ў Наваградак прыязджала камісія з Менска - 7 чалавек з Міністэрства аховы здароўя і 3 з дзяржкантролю. Першае, што загадалі медыкам, - каб нідзе не было чаргі. І яны людзей недзе схавалі, на вуліцы нікога не было. Але толькі здымкаў, рэнтгенаў учора зрабілі пад 170. І гэтак амаль кожны дзень. А цяпер уявіце сабе, галоўнае што іх цікавіла - каб чаргі не было, тое, што людзі паміраюць кожны дзень, іх мала хвалюе», - пішуць чытачы выдання.

У рэдакцыю прыходзяць паведамленні, што ў лякарнях катастрафічна не стае кіслароду. Брыгады на машынах хуткай дапамогі ў некаторых рэгіёнах выязджаюць на 30 выклікаў. Вядома, што медыкі працуюць на мяжы сваіх магчымасцей.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках