24 красавiка 2024, Серада, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар ЕЗ у Беларусі паведаміў, супраць каго будзе накіраваны пяты пакет санкцый

4
Амбасадар ЕЗ у Беларусі паведаміў, супраць каго будзе накіраваны пяты пакет санкцый

Прыняцце пятага пакета чакаецца ў лістападзе.

Пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі будзе накіраваны найперш супраць асоб і кампаній, адказных за перапраўку мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі ў ЕЗ праз тэрыторыю Беларусі. Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шюбель (Dirk Schuebel) заявіў пра гэта ў аўторак, 26 кастрычніка, выступаючы ў Брусэлі на слуханнях у камітэце Еўрапарламента ў замежных справах, паведамляе карэспандэнт DW.

Дыпламат падкрэсліў, што заклікі ЕЗ да ўладаў Беларусі застаюцца нязменнымі: вызваленне палітзняволеных, спыненне рэпрэсій і новыя выбары. «На жаль, усе нашы заклікі засталіся недачутымі. Таму мы цяпер рыхтуем пяты пакет санкцый, які, хутчэй за ўсё, засяродзіцца ў першую чаргу на пытанні міграцыі, але не толькі», - адзначыў Шюбель. Глыбей у дэталі ён не ўдаваўся, бо ў ЕЗ заўсёды трымаюць у сакрэце санкцыі да іх афіцыйнага ўвядзення. Прыняцце пятага пакета чакаецца ў лістападзе.

Ці будуць санкцыі ЕЗ у дачыненні да «Белавія» і калійных угнаенняў

Шубеля спыталі і аб тым, ці пашырыць ЕЗ санкцыі на ўвесь імпарт калійных угнаенняў з Беларусі. «Час пакажа. Гэта будзе залежаць і ад дзеянняў беларускіх уладаў... Калі не будуць вызваленыя палітвязні, калі гвалт супраць мірных людзей працягнецца, то магчымыя ўсе варыянты, уключаючы (санкцыі ў дачыненні. - Рэд.) сфер, якія з'яўляюцца больш адчувальнымі для ЕЗ», - адказаў ён.

Амбасадар ЕЗ пацвердзіў, што ў Брусэлі працягваюцца дыскусіі аб магчымых санкцыях у дачыненні да кампаніі «Белавія». Пытанне самалётаў, выдзеленых у лізінг беларускаму дзяржаўнаму авіяперавозчыку кампаніямі з Еўразвязу, таксама абмяркоўваецца, дадаў дыпламат.

Шубель нагадаў, што ЕЗ удалося ўгаварыць улады Ірака спыніць палёты ў Беларусь як мінімум да канца года. З ягоных слоў, Брусэль гаворыць і з іншымі краінамі - на Блізкім Усходзе, у Азіі і Афрыцы. Канкрэтна ён назваў толькі дзве краіны: Пакістан і Турцыю. Адзін з еўрадэпутатаў указаў на тое, што са Стамбула ў Менск толькі напярэдадні, 25 кастрычніка, было чатыры авіярэйсы. Шюбель адказаў, што хаця гэтымі самалётамі маглі скарыстацца і мігранты, але ёсць і вялікі попыт на палёты ў Стамбул, бо гэта практычна адзін з двух варыянтаў дабрацца з Беларусі ў ЕЗ: альбо на машыне, аўтобусе ці цягніку да Вільні, а адтуль на самалёце; альбо па паветры з перасадкай у Стамбуле.

Галоўная тэма для ЕЗ - правы чалавека ў Беларусі

«Самая важная тэма - гэта сітуацыя з правамі чалавека. Многія з нас сёння гавораць аб міграцыі, якая сапраўды з'яўляецца вялікай праблемай, асабліва для трох краін ЕЗ, суседніх з Беларуссю. Але мы не павінны забываць, што найбольшая наша праблема - сітуацыя з правамі чалавека у самой Беларусі, таму што ад яе пакутуюць людзі», - заявіў Шюбель.

Са слоў амбасадара, заходнім дыпламатам у Беларусі больш не дазваляюць прысутнічаць на судовых паседжаннях. Ён нагадаў, што найбліжэйшым часам чакаюцца судовыя рашэнні ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча і паабяцаў, што дыпламаты будуць прысутнічаць перад судом у Гомелі.

Акрамя таго, Шюбель расказаў, што еўрапейскія дыпламаты рэгулярна сустракаюцца з сем'ямі палітзняволеных у Беларусі, колькасць якіх ужо дасягнула 821 чалавека. Сваякі пры гэтым просяць слаць лісты і перадачы палітвязням. Дыпламат прызнаў, што многія з іх не дастаўляюць, але ён папрасіў еўрадэпутатаў усё роўна пісаць лісты і дасылаць пасылкі. «Нават калі адна з 10 ці 15 дойдзе, гэта вельмі важны знак падтрымкі. Яны адчуваюць сябе зусім самотнымі... Пашліце ліст, можа, ваш дойдзе», - папрасіў Шюбель.

У канцы чэрвеня гэтага года лукашэнкаўскі МЗС Беларусі «параіў» Дырку Шюбелю пакінуць краіну, пасля чаго ён працягнуў працаваць, знаходзячыся ў Брусэлі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках