25 красавiка 2024, Чацвер, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg расказаў, як Захад павінен рэагаваць на гібрыдную вайну Лукашэнкі і Пуціна

10
Bloomberg расказаў, як Захад павінен рэагаваць на гібрыдную вайну Лукашэнкі і Пуціна
Фота: Getty Images

Які першы крок павінен зрабіць ЕЗ?

Выглядае, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка і ягоны «сюзерэн» у Маскве Уладзімір Пуцін вядуць скаардынаваную форму гібрыднай вайны супраць Заходняй Еўропы. Такая тактыка, вядома, не новая для Лукашэнкі ці Пуціна. Новым з'яўляецца тое, наколькі яны сталі агрэсіўнымі, ператварыўшы міграцыю ў зброю супраць Еўропы, цытуе артыкул Bloomberg «Люстэрка тыдня. Украіна».

У мінулым Пуцін, напрыклад, быў больш вядомы гібрыднай вайной, што ўключае сумесь кібератак, дэзінфармацыйных кампаній і «зялёных чалавечкаў», якія пачынаюць уварванне на тэрыторыю іншых дзяржаў. На гэты раз Лукашэнка, відавочна на «дабраславенне» Пуціна, выкарыстоўвае ў якасці зброі адных з самых уразлівых людзей у свеце.

Цягам месяцаў Лукашэнка «перавозіў» бежанцаў з розных месцаў Блізкага Усходу - Ірака, Афганістана, Сірыі і не толькі, у Беларусь, затым перапраўляў іх у суседнія краіны, якія з'яўляюцца чальцамі Еўрапейскага Звязу і NATO - Латвію, Літву і Польшчу.

Уцекачы фактычна апынаюцца ў пастцы паміж Беларуссю і польскімі ці балтыйскімі вайскоўцамі, якія спрабуюць стрымліваць струмень мігрантаў. З набліжэннем зімы многія могуць проста замерзнуць. Іншыя, з дапамогай кантрабандыстаў, нейкім чынам перабіраюцца праз межы ЕЗ - пешшу або аўтаспынам у краіну, якая з'яўляецца іх улюбёным месцам прызначэння, Нямеччыну. Нямеччына нядаўна ўжо зарэгістравала больш за шэсць тысяч мігрантаў. Міністр унутраных спраў краіны мае намер узмацніць кантроль на мяжы.

Польшча і некаторыя краіны Балтыі са свайго боку пачалі ўсталёўваць загароды з калючага дроту ўздоўж сваіх межаў з Беларуссю. Урад у Варшаве, напрыклад, хоча выглядаць жорсткім як датычна міграцыі, так і датычна ціску Менска і Масквы. На гэтым тыдні Варшава заявіла, што павялічыць колькасць вайскоўцаў, якія патрулююць беларускую мяжу, да 10 тысяч чалавек.

Выклікаючы такую рэакцыю, цынічная кампанія Лукашэнкі выкрывае і абвастрае некалькі ўнутрыеўрапейскіх канфліктаў і слабых месцаў. Блок застаецца траўмаваным крызісам бежанцаў 2015 года, але не здолеў рэфармаваць свой міграцыйны рэжым часткова праз адмову Польшчы. ЕЗ таксама разрывае міжусобную барацьбу паміж Брусэлем і Варшавай за вяршэнства права. Лукашэнка і Пуцін у гэты час пад’юджваюць унутраную няўзгодненасць краін ЕЗ.

Як адзначыў міністр замежных спраў Латвіі, здаецца, што Беларусь і Расея таксама незаконна перапраўляюць і сваіх грамадзян, магчыма нават тэрарыстаў, праз мяжу ЕЗ разам з мігрантамі.

Тое, што Лукашэнка і Пуцін супольна выкарыстоўваюць такую тактыку, амаль не выклікае сумневаў. Яны ўжо фактычна аб'ядналі свае ўзброеныя сілы, разгорнутыя ля межаў ЕЗ/NATO.

Расея і Беларусь ужо даўно задумваюцца аб аб'яднанні. Але калі Лукашэнка некалі думаў, што можа кіраваць краінай па методыцы «царска-савецкага рэжыму», то ў Пуціна, імаверна, іншыя чаканні. Ён відавочна ўважае сябе за адзінага лідара.

Каб застацца ва ўладзе ва ўмовах прадэмакратычных пратэстаў і санкцыяў з боку Захаду, Лукашэнку трэба, каб Пуцін падтрымліваў яго. Вядома, іх гібрыдная вайна на гэтым не спыніцца.

Імаверна, яна ўжо ўключае ў сябе маніпуляванне пастаўкамі расейскага газу ў Еўропу, каб абвастрыць энэргетычны крызіс. Іншыя аўтакраты, такія як прэзідэнт Турцыі Раджэп Эрдаган таксама спрабавалі шантажаваць Еўропу, выкарыстоўваючы бежанцаў. Але тое, як Пуцін і Лукашэнка ператварылі міграцыю ў зброю, перасягае новую маральную лінію.

Як відавочны першы крок, ЕЗ павінен распаўсюдзіць санкцыі на ўсе кампаніі, якія ўдзельнічаюць у такіх «перавозках». І незалежна ад таго, што адбываецца ва ўнутраным канфлікце паміж Брусэлем і Варшавай, увесь блок павінен праяўляць салідарнасць з Польшчай і краінамі Балтыі.

Але еўрапейцы, у тым ліку і тыя краіны, якія ў мінулым недаацэньвалі пагрозу «пуцінскай Расеі», таксама павінны перагледзець сваю агульную стратэгічную пазіцыю на фоне такой тактыкі Менска і Масквы. У геапалітычным сутыкненні паміж Заходняй Еўропай і Крамлём адзін бок шануе чалавечае жыццё, а іншы - не. Пытанне ў тым, ці ўдасца выправіць гэтую «асіметрыю», рэзюмуе выданне.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках