29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сівіцкі: Мы набліжаемся да новага крызісу ў стасунках Менска і Масквы

14
Сівіцкі: Мы набліжаемся да новага крызісу ў стасунках Менска і Масквы
Арсень Сівіцкі

Апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх стасунках пакідаюць шмат пытанняў.

"Філін" пагаварыў з палітычным аналітыкам Арсенем Сівіцкім аб тым, куды рухаюцца Масква і Менск. І ці здалеюць стораны прыйсці да адзінай думкі перад падпісаннем саюзных праграм.

Галоўнае пытанне, якое цяпер задаюць эксперты - ці быў спланаваны выпад у дачыненні да Пуціна на беларускай ТВ, а таксама зліванне сацыялагічных звестак УЦДГМ, ці гэта была выпадковасць.

- Мне здаецца, што гэта не выпадковасць, - кажа Арсень Сівіцкі. - Фактычна мы набліжаемся да новага крызісу ў стасунках Менска і Масквы. І гэты крызіс абумоўлены тым, што Менск так і не здолеў развязаць задачу абмену сваёй геапалітычнай лаяльнасці на фінансавую і палітычную падтрымку з боку Крамля.

А з іншага боку - Менск не пераканаў Крэмль адмовіцца ад планаў умяшанні ва ўнутраныя справы праз навязванне параметраў транзіту ўлады.

Масква не адмаўляецца ад першапачатковых планаў выкарыстоўваць беларускі крызіс для кіраванай змены рэжыму.

Супярэчнасці гэтых пазіцый не былі знятыя ў выніку папярэдніх перамоў Лукашэнкі ды Пуціна. Цяпер гэтыя супярэчнасці выходзяць з-пад кантролю. У выніку Менск ідзе на эскалацыю, каб прывабіць увагу з боку Масквы, і дамагчыся новай сустрэчы.

Крэмль адказвае зліваннем звестак сацыялагічных апытанняў ды інтэрв'ю Ціханоўскай «Эху Масквы», якое з'яўляецца нефармальным каналам уплыву Крамля. Усё гэта з'яўляецца прадвеснікам новага крызісу.

- Але ці можа беларуская старана ў варунках замарожвання стасункаў з Захадам дазволіць сабе канфрантацыю і з Расеяй?

- Беларуская ўлада ўвязалася ў рызыкоўную гульню. Трэба ўлічваць, што Крэмль з самага пачатку планаваў умяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі. Спачатку пад маркай прэзідэнцкіх выбараў, а потым - палітычнага крызісу.

Цяперашнія паводзіны адлюстроўваюць псіхалогію беларускіх улад, якія знаходзяцца ў такой абложанай фартэцыі. Яны эскалююць стасункі як з Расеяй і Захадам, але яны не маюць рэсурсаў гэтую эскалацыю кантраляваць.

Я не выключаю, што вось гэтая сённяшняя напружанасць можа быць часткай гульні, якая накіраваная на вяртанне да шматвектарнага балансавання. І каб паслаць сігнал Захаду, трэба агаліць супярэчнасці з Расеяй. Менск неаднаразова ўжываў гэты мэтад. Але ў цяперашніх геапалітычных варунках ён можа не спрацаваць.

Заходнія сталіцы замест дыялогу з Аляксандрам Лукашэнкам могуць пайсці наладжваць кантакты з Масквой для супольнага развязання беларускага палітычнага крызісу.

У цэлым было чакана, што пад канец 2021 года супярэчнасці паміж Менскам і Масквой дойдуць да такога крызісу. Для гэтага ёсць мноства перадумоў. Галоўнае - Аляксандр Лукашэнка так і не выканаў «сочынскія дамоўленасці» верасня 2020 года.

Плюс да ўсяго ўзмацняльны санкцыйны ціск ператварае беларускі рэжым у таксічны актыў для Расеі. Ёсць рызыка, што з наступнага года заходнія санкцыі супраць Беларусі будуць распаўсюджаныя і на Расею.

Масква мае абмежаваны ліміт часу для прымусу Лукашэнкі да палітычных трансфармацый. Той фармат, які выбралі беларускія ўлады, з захаваннем моцнай прэзідэнцкай рэспублікі, мабыць, стане пралогам да новага сістэмнага крызісу.

Рэч у тым, што такі рэферэндум не развязвае праблемы легітымацыі беларускага рэжыму як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне, у тым ліку і для Крамля.

Бо Масква зацікаўленая, каб Беларусь стала парламенцкай або парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. То бок мае быць дэмакратызацыя сістэмы, а не кансэрвацыя, як прапануецца ўладамі цяпер.

- Яшчэ адна важная тэма - гэта будучае пасяджэнне Дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, дзе мае адбыцца падпісанне 28 саюзных картаў. Ці ёсць шанцы, што нічога падпісана так і не будзе?

- Я не здзіўлюся, калі праграмы не падпішуць, - кажа далей Арсень Сівіцкі. - І звязана гэта з тым, што Менск не змог канвертаваць свой подпіс пад дакументамі ў фінансавую падтрымку Крамля.

Падпісанне не дае ніякіх прывілей Беларусі з пункту гледжання захавання прэферэнцыйных сістэм паставак расейскіх энэрганосьбітаў, не дае бесперашкоднага доступу на расейскі рынак. Больш за тое, нават выкананне саюзных праграм не гарантуе гэтага ў будучыні.

Расея таксама не вельмі зацікаўленая ў падпісанні гэтых картах. У прыярытэтах Расеі інтэграцыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, усе асноўныя чыннасці што да адзінага рынку энэрганосьбітаў адбываюцца менавіта ў тым кірунку.

Уявіце, канцэпцыя адзінага рынку газу ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза будзе распрацаваная раней, чым у рамках саюзных праграм. Гэтыя праграмы страчваюць сэнс для абедзвюх старон.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках