29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жмуток пятрушкі – як кіло бульбы»

4
«Жмуток пятрушкі – як кіло бульбы»

Што адбываецца на адным з найстарэйшых базараў Менска?

Карэспандэнтка «Салідарнасці» пабывала на сталічнай Камароўцы і паглядзела, як прадаўцы і пакупнікі ўспрынялі скасаванне абавязковага маскавага рэжыму, на што скардзяцца і якія цэны ўважаюць за неапраўдана высокія.

Ля дзвярэй крытага рынку без масак - толькі курцы рознага веку і скульптура бабы Раі (сымбаль базару твор вядомага скульптара Уладзіміра Жбанава, які то прыбіралі ад галоўнага ўваходу, то зноў вярталі – С.). Усе астатнія нацягваюць маскі і ныраюць унутр, не затрымліваючыся каля дзвярэй, адкуль заўзятыя выканаўцы ўжо паспелі паздымаць аб'явы аб абавязковым маскавым рэжыме.

Яшчэ адна навіна - мясцовы пункт вакцынацыі супраць covid-19, які працаваў з канца чэрвеня, прыпыніў дзейнасць. Прычыны ў адміністрацыі не тлумачаць, але кажуць, што захады часовыя, і адпраўляюць ахвочых прышчапіцца ў 34-ую паліклініку, што літаральна за 1 прыпынак ад базару.

Зніклі "маскавыя" аб'явы і з прылаўкаў - цяпер на аркушах з фірмавым лагатыпам Камароўкі толькі просьба выконваць дыстанцыю мэтар ад прадаўца і адзін ад аднаго. Налепку са згадваннем і маскі, і антысэптыка, і дыстанцыі 1,5 мэтра выяўляем толькі ў адной з фірмовых крам на перыметры другога паверха.

Зрэшты, гэта акурат той выпадак, калі напісанаму лепш не верыць – калі прыгледзецца, практычна ўсе прадаўцы ў масках або пластыкавых шчытках, большасць пакупцоў таксама.

А яшчэ на крытым базары, нягледзячы на жвавы абедзенны час (праўда, у будні дзень), нязвыкла мала людзей. У мясным сэктары без прадаўцоў панылы і пусты цэлы шэраг. У малочным і каўбасным не відаць ніводнага хоць крыху прыстойнай чаргі. Больш за пяць чалавек выяўляем толькі ў чарзе ў абменнік і ў кандытарскую крамку.

А ў агароднінны куток пакупнікі заходзяць хіба што паглядзець на трускалкі за 35 рублёў або фэйхоа - за 50. Ёсць яшчэ цэтлік "чарэшні 60 р", які чамусьці красуецца на... мандарынах. Але цэнавы лідэр тут, здаецца, маліны – 12 рублёў за 150 грамаў, то бок 96 рублёў за кіло.

Зрэшты, садавіна і ягады цьмянеюць у параўнанні з вітрынай рыбных далікатэсаў: вэнджаны палтус і слаба салёная сёмга - 75 рублёў за кіло, а 100 грам ікры асятра – 260 рублёў.

...Інтэлігентны паджылы мужчына ўважліва вывучае курыны асартымент і вохкае, убачыўшы цану філе - 9,46. Потым гучна і хітра ўспамінае барадаты анекдот «Розачка, ведаеце, у нас усё так танна! Слана, да прыкладу, можна купіць толькі за пяць рублёў. Але навошта мне слон? Лепш я дадам два рублі і куплю сабе курку».

- Яшчэ невядома, чым тую курку кармілі, так што за такі кошт лепш паглядзець свініну – пярэчыць іншая патэнцыйная пакупніца, не ацаніўшы гумару.

Свініна, дарэчы, таксама падаражэла: лапатка за 7-8 рублёў засталася ў мінулым леце, цяпер цана пачынаецца ад 9-10, а на мяса ад фермерскіх гаспадарак – ад 13-14 рублёў за кілаграм, ялавічына – 15-25 рублёў. Але ў многіх прадаўцоў, як і раней, цана не пазначаная і абвяшчаецца толькі на запыт.

Забудзьцеся, калі памяталі, і пра беларускі сыры за 9 рублёў за кіло - найніжэйшы ўзровень 12-13, але можа даходзіць і да 20. Дарэчы, звыклы шматлікім пакупцам каўбас і сыру рэкламны вокліч "падыходзіце, дам паспытаць", здаецца, не перажыла каранавіруса, і цяпер "з нажа" далікатэсы каштаваць не прапаноўваюць.

- Не тая Камароўка, - кажуць дзве пенсіянеркі. - Памятаеш, тут такія цудоўныя дзяўчаткі стаялі, у іх заўсёды можна было знайсці мяса свяжэйшае і таннейшае? Цяпер няма іх, і ідзі разбяры – ці то захварэлі, ці то з'ехалі…

"Не тая" Камароўка і звонку, на сэзонным базары. Ён выглядае жвавым (гандаль тут будзе працягвацца да -5), але самым танным месцам у горадзе даўно быць перастаў. Мушкатовы гарбуз з сонечна-жоўтай мякаццю, напрыклад, тут прапануюць за 3 рублі – у тры разы даражэй, чым на сэзонных сельскагаспадарчых кірмашах. Бульбу танней за рубель давядзецца папашукаць - і знойдзеце толькі размаітыя "неліквіды".

Рознакаляровыя памідоры радуюць і цэнамі - ад 1,5 за размяклую мешанку да 4,5 рублёў за чорныя таматы. А вось агуркі могуць прапаноўваць і за ...15 рублёў – у тры-чатыры разы даражэй, чым вінаград і слівы!

У прылаўкаў з зелянінай пакупніца шукае лепшы жмуток.

- У нас усё свежае! – запэўнівае прадавачка.

– Дзіва што не было б свежым за такую цану – рубель за пятрушку, за паўтара кінзы. Жмуток зеляніны - як кілаграм бульбы, а дадасі яшчэ рубель – купіш слівы, – праводзіць экспрэс-аналіз базару жанчына.

Амаль зніклі з прылаўкаў кавуны і дыні, затое ўсё больш цытрусаў і хурмы. Кілаграм журавін - 9-10 рублёў. «А летась у кастрычніку было шэсць, і здавалася, што дорага», – уздыхае маладая мама з вазком.

Некаторыя гандляры на адкрытым базары, дарэчы, узялі на ўзбраенне маркетынгавыя метады гандлёвых сетак: маліны - 19,99 за кіло, бульба і рэпка - 1,69, яблыкі - 1,99, вінаград - 4,59... але гэта выкрут, каб прывабіць увагу - усё адноа вам прапануюць "зрабіць на пяць роўна".

Маскавы рэжым тут існуе, здаецца, толькі для прыліку: раз-пораз прадаўцы і пакупцы сцягваюць маскі пад падбароддзе, каб, зухавата сплюнуўшы, пералічыць дробязь.

- Такое пачуццё, што людзі несмяротныя пайшлі, - бурчыць, убачыўшы такую сцэнку, паджылая жанчына ў рэспіратары.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках