24 студзеня 2022, панядзелак, 3:58
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя ў шпіталі жудасная: жанчыны просяць вады»

7
«Сітуацыя ў шпіталі жудасная: жанчыны просяць вады»

Расеец пад выглядам лекара патрапіў у «чырвоную зону» і расказаў, што адбываецца з хворымі на COVID-19.

Пракуратура і Раснагляд пачалі праверку лякарні ў Томску пасля сюжэту аб тым, што мясцовы жыхар пад выглядам лекара тры дні даглядаў сваю бабулю, шпіталізаваную ў «чырвоную зону» з пнеўманіяй. Мужчына расказаў, што бабулі не мянялі падпаскі, не мылі яе і не лячылі належным чынам. Пра гэта паведамляе T2.

Імя тамчука выданне не паведамляе. Мужчына расказаў, што ў яго 84-гадовай бабулі хвароба Альцгеймера. Яна не гаворыць і не ходзіць, сілкуецца вадкай ежай. Пасля таго, як жанчыну шпіталізавалі, яе ўнук папрасіў суседку з палаты расказваць пра догляд бабулі. Тая паведаміла, што яе не кормяць.

Тамчук купіў ахоўны гарнітур, узяў з сабой неабходнае для догляду бабулі і пракраўся ў «чырвоную зону» лякарні, выдаўшы сябе за тэрапеўта з іншага аддзялення. Свае дзеянні ён здымаў на відэа.

«Калі зайшоў у палату, бабуля ляжала ўся ў мачавіне і кале. Рот у ванітах, кіслародная трубка на лбе. <...> Абстаноўка ў лякарні жудасная: жанчыны просяць вады. Адчуванне, што я патрапіў у турму. Жывёлабойню. Лекары гавораць, што ў іх аўрал, але палаты напалову пустыя. Чаму да пацыентаў як да свіней ставяцца? Я спытаў у аднаго медбрата, чаму ён не можа памяняць бялізну ў пацыентаў, ён адказаў, што яму лянота», ― распавёў мужчына.

У першы дзень ён прабыў у шпіталі дзевяць гадзін і сачыў за станам сваячкі, мяняў ёй падпаскі і павязкі ад пролежняў.

На трэці дзень бабулю перавялі ў іншую палату і пачалі карміць з лыжкі. «Бабуля не можа есці з лыжкі. Я пайшоў разбірацца з лекарам, тут мяне і западозрылі, спыталі, за якім лекарам я лічуся, я разгубіўся. Падышоў да бабулі, пацалаваў яе і ўцёк праз другі паверх», ― расказаў мужчына.

Пасля гэтага ён спрабаваў даведацца аб стане бабулі праз тэлефон, але ніхто не браў слухаўку. Датэлефанавацца да абласнога дэпартамента аховы здароўя, страхавой кампаніі і Следчага камітэта ён таксама не змог, пасля чаго надумаў паехаць у Маскву на прыём да кіраўніка СК Аляксандра Бастрыкіна.

У прыёмнай яму параілі звяртацца ў Міністэрства аховы здароўя або напісаць заяву Бастрыкіну, рэакцыя на якую «будзе толькі праз месяц, можа быць». Мужчына пакінуў зварот, а таксама напісаў заяву ў Генпракуратуру.

Намесніца губернатара Томскай вобласці Алена Ляўко арганізавала праверку ў лякарні, паведамілі ў рэгіянальным дэпартаменце аховы здароўя. «Сітуацыя, якая паказаная на відэа, знятым у рэспіраторным шпіталі, недапушчальная. Як догляду хворых, так і парушэння эпідбяспекі медыцынскай арганізацыі, у якой лечацца пацыенты з COVID-19», ― сказала Ляўко (цытата з РІА «Новости»).

Яна запатрабавала прыцягнуць кіраўніцтва шпіталя да адказнасці, калі інфармацыя пацвердзіцца. Праверку таксама арганізавала пракуратура Томскай вобласці.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».