20 студзеня 2022, Чацвер, 16:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў Беларусі немагчыма знайсці кітайскую вакцыну

22
Чаму ў Беларусі немагчыма знайсці кітайскую вакцыну
ФОТА: BLOOMBERG

Прышчэпку пакінулі для расейцаў?

Лукашэнка заявіў, што ні «Пфайзер», ні «Мадэрна», ні іншыя заходнія вакцыны ад каранавіруса ў нашу краіну завозіць не будуць. У беларусаў засталіся варыянты прышчапіцца альбо «Спадарожнікам V» ці «Спадарожнікам лайт» альбо кітайскай вакцынай VeroCell. Апошнюю знайсці дастаткова цяжка на працягу апошніх пару тыдняў.

Наша Ніва разбіралася, у чым прычыны.

«Хацеў прышчапіцца кітайскай вакцынай VeroCell, але ў маёй менскай 25-й паліклініцы некалькі тыдняў таму яе не было. Тады мне казалі, што вакцына засталася толькі для тых, каму патрэбная другая доза. Давялося прышчапіцца расейскім «Спадарожнікам», - расказаў Павел з Менска. - У сваякоў з Воршы такая ж гісторыя.

Там яны прышчапіліся кітайскай вакцынай, а калі прыйшлі праз некалькі тыдняў па другую дозу, ім адказалі, што вакцыны няма, трэба чакаць месяц, пакуль прыйдзе новая партыя».

Аналагічную гісторыю расказаў і чытач з Менска. Паводле ягоных слоў, кітайская вакцына засталася толькі ў адной менскай лякарні.

«Прапануюць прышчапляцца «Спадарожнікам», - канстатаваў ён.

З аналагічнай сітуацыяй сутыкаюцца многія беларусы. Так, журналісты Onliner праехаліся па пунктах вакцынацыі ў Менску і не знайшлі нідзе кітайскай вакцыны. У некаторых пунктах на дзвярах вісяць аб'явы «Кітайскай вакцыны няма».

Да гэтага пра адсутнасць кітайскай вакцыны пісаў і партал dev.by. Праграміст з расейскім грамадзянствам спрабаваў атрымаць прышчэпку ад каранавіруса. Паводле ягоных слоў, застаўся толькі «Спадарожнік» за 140 рублёў, а кітайскага VeroCell за 250 рублёў няма.

Колькі доз кітайскай вакцыны патрапіла ў Беларусь?

Прышчэпліваць беларусаў кітайскай вакцынай VeroCell пачалі з сакавіка бягучага года. Як паведамляла Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 15 сакавіка ў краіну паступіла 100 тысяч доз вакцыны. Ёй спачатку прышчаплялі медыкаў.

18 траўня Беларусь атрымала яшчэ 300 тысяч доз вакцыны бясплатна ў рамках гуманітарнай дапамогі. А ўжо 9 верасня - 1,5 мільёна доз, з якіх 500 тысяч былі бясплатнымі.

Афіцыйна: «Праблем з кітайскай вакцынай няма, яна накіраваная для цяжарных»

Сёння міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што цяпер у абароце ў Беларусі знаходзіцца 800 тысяч доз розных вакцын. Праўда, колькі з іх кітайскіх, невядома.

«На гэтым тыдні чакаецца паступленне яшчэ адной партыі (магчыма, гаворка аб вакцыне «Спадарожнік V» - заўв. «НН»), а на наступным - вялікай партыі кітайскай вакцыны, - адзначыў міністр. - Што тычыцца кітайскай вакцыны, то яна ў большай ступені накіраваная на вакцынацыю цяжарных і маці-карміцелек. Яна ёсць і накіраваная ў рэгіёны. Праблем з кітайскай вакцынай няма».

Колькі доз вакцыны прыляціць у наступнай партыі, міністр не ўдакладніў.

Між тым, сапраўды, у інструкцыі да расейскай вакцыны напісана, што цяжарных жанчын ёй вакцынаваць нельга. Для імунізацыі будучых мам рэкамендавана VeroCell.

Галоўная лекарка 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Завадскога раёна Наталля Мысліўчык расказала агенцтву «Мінск-Навіны», што ў Менску VeroCell будуць выкарыстоўваць выключна для вакцынацыі цяжарных.

«У сталіцы гэты прэпарат паступіць ва ўстановы аховы здароўя выключна для вакцынацыі цяжарных, паколькі іншыя супрацькаранавірусныя вакцыны, дазволеныя да прымянення ў Беларусі, ім не пасуюць», — адзначыла яна».

Колькі ў Беларусі цяжарных? Са звестак на 23 кастрычніка, у краіне было прышчэплена 400 цяжарных. Гэта склала 2,5% ад патрэбнай колькасці, адзначаў галоўны санітарны лекар Беларусі Аляксандр Тарасенка. Гэта значыць, усяго плануюць прышчапіць 16 тысяч цяжарных. Дык што з астатнімі дозамі?

Пакідаюць прышчэпку для расейцаў?

Тым часам актыўна распаўсюджваюцца чуткі, што частку кітайскай вакцыны схавалі для расейцаў. Чаму? Рэч у тым, што ў Расеі выкарыстоўваецца толькі два тыпы вакцын – «Спадарожнік V» і EpiVacCorona.

Але для паездак у Кітай патрэбна менавіта кітайская вакцына VeroCell. Пры чым усё адно, дзе яна зроблена. Прадстаўнікі амбасады КНР у Маскве пацвердзілі «Нашай Ніве» гэтую інфармацыю.

«Візавы сэрвісны цэнтр краін Азіі паведамляе: Кітай сапраўды прызнаў вакцынацыю кітайскім прэпаратам у кожнай краіне. Аднак стораны абавязаныя прадставіць афіцыйны сертыфікат аб вакцынацыі кітайскай вакцынай. Калі зацікаўленая асоба прышчэпленая ў Рэспубліцы Беларусь кітайскай вакцынай, то яна павінна звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі па афіцыйнае пасведчаннем аб вакцынацыі кітайскай вакцынай.

Таксама трэба натарыяльна зацвердзіць пераклад на кітайскую мову ў амбасадзе Кітая ў Беларусі для выкарыстання яе ў якасці афіцыйнага пасведчання для надання дапамогі ў падачы заявы на візу», - гаворыцца ў адказе амбасады.

Відавочна, што адным з простых выхадаў для расейцаў, якія збіраюцца ў Кітай, прышчапіцца ў Беларусі і атрымаць патрэбны сертыфікат. Тым больш, як мы пісалі вышэй, кошт прышчэпкі для замежнікаў - 250 рублёў. Афіцыйна інфармацыі аб масавых турах вакцынацыі ў Беларусь пакуль няма.

Тым часам нават за мінулы пандэмійны год расейцы наведалі Кітай 306 тысяч разоў. У 2019-м колькасць паездак дасягала 2,6 мільёна.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».