25 красавiка 2024, Чацвер, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Паліенка: Надышоў час моцнага ўдару

3
Зміцер Паліенка: Надышоў час моцнага ўдару
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Трэба пакінуць Лукашэнку і ягоных паслугачоў без хлеба.

Патрабаванні беларускіх працоўных падтрымалі дзясяткі грамадскіх дзеячаў, лідараў апазіцыі, зорак спорту і палітычных актывістаў.

Сярод іх – былы палітвязень, актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org ён расказаў, чаму салідарны з лідарам Беларускім аб'яднаннем працоўных Сяргеем Дылеўскім, які заклікаў беларусаў заставацца дома з 1 лістапада.

- Нельга заставацца ўбаку. На мой погляд, страйк - самы дзейсны і эфектыўны спосаб перамагчы Лукашэнку і ягоную зграю. Важна падтрымліваць не толькі працоўных, але і ўсіх людзей, хто гатовы сысці страфкаваць.

У беларусаў аднялі не толькі выбары, у іх аднялі свабоду і права на пратэст.

Ніякія масавыя дэманстрацыі цяпер немагчымыя, усё гэта цудоўна разумеюць. Таму я думаю, што толькі агульнанацыянальны страйк здольны зрушыць рэжым. Да таго ж сітуацыя з пандэміяй каранавіруса і абыякавае стаўленне ўладаў да праблемы самі змушаюць людзей сысці ў страйк.

- Вы - былы палітвязень і большую частку сваёй грамадзянскай актыўнасці надаяце менавіта гэтай тэме. Ці дастаткова, на вашую думку, гэтай тэме надаецца ўвагі ў Беларусі?

- На жаль, не ўсім палітвязням і вязням сумлення надаецца дастатковая ўвага. На многіх людзей у прамым сэнсе слова забыліся. Майго сябра Мікіту Емяльянава ўвесь час саджаюць у карцар, лісты не прапускаюць, забараняюць спатканні з роднымі. Анарха-партызан Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча беларускія праваабаронцы ўвогуле не прызнаюць такімі. Такая ж сітуацыя і з Мікалаем Аўтуховічам.

Афіцыйна праваабаронцамі прызнаныя толькі 830 чалавек, хаця ўсім выдатна вядома, што ў турмах паводле палітычна матываваных спраў знаходзяцца больш за дзве тысячы чалавек. У краіне дыктатура, няма сумленных і справядлівых судоў. Я разглядаю як палітвязня кожнага, хто выступіў супраць рэжыму Лукашэнкі і зараз знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Праваабарончым арганізацыям трэба ў тэрміновым парадку змяніць падыход да прызнання людзей палітвязнямі. Наконт гэтага добра выказаўся лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Саннікаў мае рацыю, усе людзі, якія кінутыя ў турмы за барацьбу за свабоду супраць фашысцкага рэжыму, не важна, ці было іх зброяй слова ці агонь, - палітвязні. І за іх трэба змагацца тут і зараз.

- У «Фэйсбуку» вы апублікавалі тэкст, у якім кажаце пра тое, што страйк можа выратаваць палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Раскажыце, чаму вы так думаеце?

- Калі страйк сапраўды спрацуе, рэжыму нічога не застаецца, як пайсці на перамовы з дэмакратычнымі сіламі. Ён змушаны будзе пайсці на саступкі і вызваліць палітвязняў.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі больш чым праз год з пачатку пратэстаў? Барацьба працягваецца?

- Татальная зачыстка, рэпрэсіі. Беларусь у прамым сэнсе слова ператварылася ў ГУЛАГ. Людзей судзяць за адзенне белых і чырвоных тонаў. Масавыя акцыі зараз немагчымыя. Сітуацыя вельмі сумная.

Аднак беларусы працягваюць барацьбу, прычым, хачу заўважыць, у абсалютна розных фарматах.

Хтосьці з робата са сваёй нагі атакуе базу АМАПа, хтосьці працягвае ўпрыгожваць гарады пратэстнымі графіці і ўлёткамі, хтосьці праводзіць раённыя акцыі. Так, зараз іх няшмат, аднак барацьба працягваецца.

- У чым унікальнасць страйкавага метаду «застанься дома». У чым ягоная бяспека для людзей і пагроза для рэжыму?

- У першую чаргу - гэта абсалютна бяспечны метад. Да чалавека не прыйдзе натоўп АМАПа дадому за тое, што ён не выйшаў на працу. Тым больш для гэтага ёсць перадумовы - каранавірус. Людзі паміраюць па 100 чалавек за дзень. Далакопы працуюць з раніцы да ночы, у крэматорыях не стае месцаў! Таму ў беларусаў ёсць унікальны шанс — падтрымаць і страйк, і медыкаў, якія таксама заклікаюць заставацца дома.

- Што сёння могуць зрабіць простыя беларусы для набліжэння перамогі ў краіне?

- Я ганаруся беларусамі. На дэманстрацыі выходзілі сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне. Год таму мы паказалі еднасць і салідарнасць. Зараз надышоў час не дэманстрацый, а аднаго моцнага ўдару па рэжыме - страйк. Усебеларускі страйк — наймацнейшая зброя супраць тыраніі Лукашэнкі. Таму я заклікаю ўсіх з 1 лістапада не выходзіць на працу. Давайце пакінем Лукашэнку і яго мусароў без хлеба! Дзеля палітвязняў, дзеля будучыні, дзеля ўсіх нас.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках