29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кібер-партызаны: Узлом МУС стаў адной з самых складаных нашых аперацый

9
Кібер-партызаны: Узлом МУС стаў адной з самых складаных нашых аперацый

У вызначальны момант будуць прынятыя меры для прадухілення ўцёкаў лукашыстаў з краіны.

Тэлеграм-канал Papera апублікаваў інтэрв'ю з беларускімі кібер-партызанамі:

- Як вы ацэньваеце складанасць узломаў, зробленых у рамках аперацыі «Спёка»? Ці даводзілася фізічна пранікаць на абароненыя аб'екты для ўсталявання апаратных бэкдораў, ці ж абарона была настолькі дрэннай, што і гэтага не спатрэбілася?

- Узлом МУС з'яўляецца адной з самых складаных нашых аперацый. Яна рэальна шматступенная і заняла шмат часу. Наша мэта была не толькі прабрацца ўнутр але і сцягнуць тэрабайты інфармацыі няўзнак.

- Злівы тэлефонных размоў сілавікоў з'яўляюцца паступова. Хутчэй за ўсё гэта звязана з абмежаваным рэсурсам вашай каманды па вывучэнні злітай інфармацыі. Ці набіраеце вы валанцёраў для вывучэння званкоў, і калі, з вашых планаў, ці ўдасца ўсё праслухаць?

- Мы ўвесь час набіраем новых валанцёраў, але гэта працяглы працэс. Вельмі складана давяраць новым людзям, асабліва калі ёсць шанц выцеку асабістых звестак мірных грамадзян. Мы супрацоўнічаем з байполам для апрацоўкі праслухоўвання і яны выпускаюць свае расследаванні. Важна зразумець, што гаворка ідзе пра мільёны аўдыё запісаў, для апрацоўкі такой колькасці запісаў патрэбны сотні людзей і нават тады гэта цалкам можа заняць цэлы год.

- Ці дазваляюць злітыя базы МУС ацаніць аб'ём адтоку кадраў з сістэмы з лета 2020? Можа быць, вы можаце падаць нейкую статыстыку?

- Мы пакуль яшчэ не спрабавалі вылічыць аб'ём адтоку кадраў з МУС. Добрая ідэя, праверым ці можна гэта зрабіць з дапамогай нашых баз.

- Як вы ацэньваеце ўзровень бяспекі папулярных месэнджараў? Пра Telegram усё і так ужо шырока вядома, хацелася б даведацца, як ідуць справы з бяспекай у Viber, WhatsApp? Ці можаце вы даць рэкамендацыі, якімі мэсэнджарамі абсалютна дакладна не варта карыстацца? Ці карыстаецеся вы самі нечым больш экзатычным - Signal, Tox?

- Мы не выкарыстоўваем Viber або Whatsapp для нашай дзейнасці ад слова зусім. Яны недастаткова бяспечныя для нас. Імі можна карыстацца для размоў з мамай або пра коцікаў, але не больш за тое. Мы карыстаемся часам і іншымі месэнджарамі, якія як правіла зашыфраваны P2P і пажадана каб іх зыходнікі былі ў адчыненым доступе.

- Ці ўдаецца збіраць нейкую новую інфармацыю аб выбуху ў метро ў 2011? Ці ёсць шанцы раскрыць гэтую справу канчаткова? Ці ёсць у вас каналы зліву інфармацыі, якія дазваляюць прадухіляць такія інцыдэнты ў будучыні?

- Ёсць шанцы раскрыць справу выбуху метро ў 2011-ым, але пакуль яшчэ рана гэта абмяркоўваць. Як толькі будзе ў нас дастаткова надзейнай інфармацыі, мы яе апублікуем.

Сёння значна складаней схаваць правакацыі рэжыму, чым у 2011-ым. Лічбавыя сляды застаюцца ўсюды. А таксама тады не было кібер-партызан і можна было разлічваць на тое, што такую гучную і складаную аперацыю можна схаваць. Нашы ўзломы праслухоўвання МУС паказалі рэжыму і ўсім сілавікам, што ў выніку ўсе злачынствы і хлусня будуць выяўлены. Ніхто не ўцячэ ад адказнасці.

- Ці плануеце вы выкарыстоўваць прасунуты софт распазнання твараў для далейшага дэанону карнікаў? Бо ў вас зараз ёсць база пашпартных фатаграфій для мэтчынга. Софт ад NTechLabs, да прыкладу, досыць моцны, каб распазнаваць нават часткова схаваныя твары.

- Так, плануем, але гэта зойме яшчэ некаторы час. Сачыце за навінамі на нашым канале.

- Ці плануеце вы якія-небудзь меры для прадухілення ўцёкаў або для вышуку карнікаў-уцекачоў у выпадку краху рэжыму? Дэанон - гэта крута, але ад яго не будзе карысці, калі карнікі пачнуць бесперашкодна ўцякаць з краіны.

- Уцёкі ім не дапамогуць, у нас ёсць усе іх звесткі і знайсці іх можна будзе ў кожнай краіне. У вызначальны момант будуць прынятыя захады для прадухілення ўцёкаў злачынцаў з краіны, але гэта не асноўная нашая мэта. Больш таго, пры наяўнасці калідора ўцёкаў павялічваецца шанец таго, што слабавікі здадуцца і пакінуць «поле бою».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках