24 красавiка 2024, Серада, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джулі Фішэр: ЗША не адступяць ад свайго абавязацельства садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў Беларусі

3
Джулі Фішэр: ЗША не адступяць ад свайго абавязацельства садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў Беларусі
ДЖУЛІ ФІШЭР

Беларускія ўлады перашкаджаюць працы амерыканскай амбасады ў Менску.

Беларускія ўлады перашкаджаюць праграмам ЗША ў галіне міжнароднага развіцця і публічнай дыпламатыі ў Беларусі, заявіла спецыяльная прадстаўніца ЗША што да Беларусі Джулі Фішэр. Тэкст яе заявы апублікаваны на сайце амерыканскага пасольства.

«20 кастрычніка 2021 года беларускія ўлады праінфармавалі Злучаныя Штаты аб новых захадах, накіраваных на перашкоды працы амбасады ЗША ў Менску шляхам прымусовага закрыцця офіса ў сувязях з грамадскасцю амбасады і Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID), уключаючы Амерыканскі цэнтр у Менску. Беларускія ўлады змушаюць амбасаду звольніць больш за 20 беларускіх супрацоўнікаў», - сказала Фішэр.

З яе слоў, гэтыя дзеянні адлюстроўваюць «глыбокую занепакоенасць уладаў Беларусі роляй дыпламатыі, сувязей паміж людзьмі і незалежнай грамадзянскай супольнасці».

«Злучаныя Штаты не адступяць ад свайго абавязацельства садзейнічаць развіццю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць памкненні беларускага народа ў пабудове больш перспектыўнай будучыні ў свабоднай і незалежнай Беларусі, і гэтыя нядаўнія захады не прымусяць нас адмовіцца ад нашай працы для інфармавання і ўзаемадзеяння з людзьмі, якая прыносіла карысць беларускаму народу і спрыяла развіццю стасункаў паміж грамадзянамі нашых краін», - падкрэсліла Фішэр.

Яна адзначыла, што дапамога ўрада ЗША, нададзеная USAID у Беларусі з 1990-х гадоў, прынесла карысць беларускаму народу. «Гэтыя фінансавыя сродкі падтрымлівалі прадпрымальніцтва і павелічэнне колькасці малых і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў, стваралі новыя высокааплатныя працоўныя месцы і падвышалі ўзровень жыцця ў краіне, дзе дамінуе малапрывабны дзяржаўны сектар, а таксама дазвалялі надаваць ключавую дапамогу ў барацьбе з COVID-19, у той час як беларускія ўлады грэбліва ставіліся да пандэміі і яе ўплыву на здароўе і дабрабыт беларускага народа», - сказала Фішэр.

Акрамя таго, адзначыла яна, урад ЗША накіроўваў фінансаванне для надання дапамогі сем'ям, якія пражываюць у пацярпелых ад радыяцыі раёнах Беларусі, і садзейнічаў павышэнню якасці і эфектыўнасці праграм прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння туберкулёзу, тым самым садзейнічаючы паляпшэнню здароўя і дабрабыту беларускіх грамадзян у доўгатэрміновай перспектыве.

З 2006 года дапамогу USAID атрымалі больш за 36 тысяч сірот і іншых асоб, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы. «Праграмы USAID спрыялі арганізацыі сямейнага пражывання для беларускіх сірот і сацыяльна неабароненых дзяцей, што дапамагло знізіць узровень інстытуцыяналізацыі дзяцей у краіне з 29,4% у 2005 годзе да 16,5% у 2014 годзе, - падкрэсліла спецпрадстаўніца. - Урад ЗША рэалізоўваў праграмы развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі з мэтай садзейнічання беларускім грамадскім ініцыятывам у стварэнні спелых, устойлівых арганізацый для развязання сацыяльных і эканамічных праблем на мясцовым і нацыянальным узроўнях. Амерыканская падтрымка забяспечыла мільёнам беларусаў доступ да аб'ектыўных крыніц інфармацыі аб актуальных унутраных і міжнародных праблемах і садзейнічала ўзаемаразуменню паміж народамі нашых дзвюх краін».

Паводле слоў Фішэр, цягам апошніх 30 гадоў праграмы офіса ў сувязях з грамадскасцю ў Беларусі былі накіраваныя на пашырэнне асабістых і прафесійных сувязей паміж беларускім і амерыканскім народамі.

«Амерыканскі цэнтр у Менску даваў беларусам доступ да інфармацыі, адукацыі ў галіне дакладных і прыродазнаўчых навук, амерыканскаму мастацтву і культуры, а таксама вывучэнню ангельскай мовы, — сказала яна. — Праграмы культурнага і адукацыйнага абмену Дзяржаўнага дэпартамента далі магчымасць больш як пяці тысячам беларусаў павысіць сваю акадэмічную і прафесійную кампетэнтнасць у ЗША. Праграмы пасольства надавалі падтрымку жаночаму прадпрымальніцтву, садзейнічалі інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, садзейнічалі пашырэнню сектара інфармацыйных тэхналогій у Беларусі, а таксама ўмацаванню грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ».

Нагадаем, ЗША не прызналі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

У чэрвені і жніўні гэтага года ўслед за аднаўленнем старых і ўвядзеннем новых амерыканскіх санкцый Менск запатрабаваў скараціць штат пасольства ЗША да пяці чалавек, адклікаў згоду на назначэнне паслом Джулі Фішэр і дазвол на работу ў краіне Федэральнага агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці (USAID).

У кастрычніку на патрабаванне амерыканскага боку спыніла сваю працу генеральнае консульства Беларусі ў Нью-Ёрку.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках