25 красавiка 2024, Чацвер, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомы доктар: прафілактыка каранавіруса ў двух словах - вакцынацыя і вентыляцыя

2
Вядомы доктар: прафілактыка каранавіруса ў двух словах - вакцынацыя і вентыляцыя
ЯЎГЕН КАМАРОЎСКІ

Яўген Камароўскі адказаў на самыя галоўныя пытанні аб пандэміі.

Вядомы лекар-педыятр і тэлевядоўца Яўген Камароўскі адказвае на самыя галоўныя пытанні аб пандэміі. Інтэрв'ю DW.

- Нядаўна вы казалі, што праз каранавірус для многіх гэтая восень можа стаць апошняй. Наколькі крытычная цяпер сітуацыя ва Украіне?

- Калі не спраўляецца сістэма аховы здароўя, значыць, сітуацыя крытычная. Калі няма месцаў у стацыянары і рэанімацыі, і лекары вымушаныя рабіць выбар, каго браць, а каго не браць, сітуацыя адназначна крытычная.

- Калі чакаць піка гэтай хвалі каранавіруса?

- Думаю, найбліжэйшым часам будзе рэальнае абвастрэнне, бо пахаладае. Чым менш людзі будуць на свежым паветры, чым больш яны таўкуцца ў памяшканнях, тым горш будзе. Таму цяпер, хутчэй за ўсё, будзе імклівы ўздым, які будзе доўжыцца блізу 2-3 тыдняў. Потым будзе плато, потым павінна стаць лягчэй.

- Чым цяперашняя хваля пандэміі адрозніваецца ад сітуацыі летась?

- Калі раней трэба было выбіраць аднаго з двух пацыентаў, то цяпер - аднаго з пецярых. Лекары ўжо ледзь не ўслых кажуць, маўляў, давайце людзей, старэйшых за 60, у рэанімацыю не браць, бо там поўна тых, каму 30-40 гадоў. Гэта значыць, ужо нават не ўзровень сатурацыі мае значэнне, а ўзрост. У каго больш шанцаў выжыць, таго і ратаваць будуць.

- Якія прычыны такога высокага ўсплёску і страшнай колькасці заражэнняў?

- Перш за ўсё варыянт каранавіруса «дэльта» - гэта надзвычай заразны штам. Ён выразна пацвердзіў усе здагадкі эпідэміёлагаў аб тым, што вірус распаўсюджваецца галоўным чынам па паветры. Таму як толькі людзі пачынаюць актыўна мець стасункі ў памяшканні, дзе няма прытокава-выцяжной кантраляванай вентыляцыі, захворванне значна ўзрастае, бо расце канцэнтрацыя віруса ва ўдыханым паветры. А каб адбылося заражэнне «дэльтай», патрабуецца значна меншая доза віруса. Умоўна кажучы, калі для таго, каб заразіцца уханьскім першасным вірусам, трэба было ўдыхнуць 1000 вірусаў, то для «дэльты» дастаткова ста. Гэта адзін з фактараў.

Іншы фактар - гэта, вядома, мы самі...усе гэтыя сацыяльныя дыстанцыі, ахоўныя маскі - гэта чыстая паказуха, так, каб адсталі. У чалавека маска адна і тая ж ляжыць у кішэні 2-3 месяцы, ён яе не надзявае або носіць так, што нос тырчыць над маскай... Мы цягам доўгага часу знаходзімся ў стане сталай канфрантацыі з дзяржавай, таму ўсё, што ад нас патрабуе дзяржава, выклікае ў нас процідзеянне, і наш першы імпульс - зрабіць наадварот.

- Адзін з аргументаў тых, хто не хоча рабіць прышчэпку, - няўпэўненасць у бяспецы вакцыны або яе дзейснасці.

- У свеце на сёння ўведзена амаль 8 млрд доз супрацькаранавіруснай вакцыны. Удумайцеся, 8 млрд доз! І мы ж вакцынуем не дзе-небудзь у лесе - кожная уведзеная доза пакідае электронны след. Ёсць звесткі аб тым, каму яе ўводзілі, калі, колькі чалавеку гадоў...гэта ж велізарны масіў інфармацыі, які дазваляе аналізаваць эфектыўнасць вакцыны, бяспеку, пабочныя эфекты. Ніводная вакцына ва ўсім свеце не была пратэставаная так інтэнсіўна, як каранавірусная! Бог з імі, з гэтымі тэстамі! У нас ёсць канкрэтныя звесткі: у аддзяленнях рэанімацыі ў Кіеве, Харкаве, Адэсе, Львове, Менску, дзе заўгодна - 99% людзей не прышчэпленыя. А тыя, якія, нібыта, прышчэпленыя - у 50% выпадкаў з фальсіфікаванымі дакументамі.

- Але людзі баяцца доўгатэрміновых наступстваў…

- А вы не баіцеся смерці? Трэба ж думаць рацыянальна! Я не хачу прышпільвацца рамянём бяспекі, я баюся доўгатэрміновых наступстваў - вось тут мне націсне і будзе скура свярбець!

- Прышчэплівацца масава не хочуць не толькі ва Украіне - пра правал кампаніі па вакцынацыі можна казаць і ў Расеі, і ў Беларусі.Чым можна растлумачыць гэтае негатыўнае стаўленне да прышчэпак у постсавецкіх дзяржавах?

- Адсутнасцю сістэмнай палітыкі ў галіне прапаганды вакцынацыі. Напраўду дзіця з дзяцінства павінна ведаць, што вакцынацыя - гэта добра. Гэта базавыя рэчы, і трэба гэтым сістэмна займацца на ўзроўні дзяржавы. Настаўнікі-антываксеры, лекары, палітыкі - я наогул не разумею, як такое можа быць у 21-м стагоддзі. З іншага боку, трэба дакладна разумець, што вакцынацыя - гэта не свяшчэнная карова. Трэба не абвяшчаць вайну вакцынацыі як такой, а змагацца за адказную, якасную вакцынацыю: добрымі прэпаратамі, падрыхтаванымі людзьмі, якія разумеюць усе неабходныя алгарытмы - калі і якая вакцына патрэбная, як дзейнічаць пасля вакцынацыі, як рэагуе арганізм у той ці іншай сітуацыі...усё гэта трэба ведаць.

- Але людзі ў постсавецкіх краінах не давяраюць нават тым вакцынам, якімі прышчапляюць на Захадзе.

- Самы просты спосаб вярнуць давер - прымусіць людзей лічыць свае грошы. Я перакладу на зразумелую мову. Вы не прышчэпленыя? У выпадку захворвання вы будзеце аплачваць лячэнне са сваёй кішэні. У вас ёсць страхавая кампанія, якая кажа: страхавы поліс каштуе 100 еўраў на месяц, калі вы прышчэплены. А калі не, тады ён каштуе 300 еўраў на месяц.

- Міністэрства аховы здароўя Украіны дазволіла вакцынацыю дзяцей ад ковід прэпаратам BioNTech/Pfizer. Як вы думаеце, ці варта прышчэпліваць дзяцей?

- Так, адназначна. У першую чаргу таму, што дзеці «забіваюць» дарослых. Дзеці могуць хварэць у лёгкай форме. А пры лёгкай форме захворвання могуць быць праблемы з узроўнем утварэння антыцелаў. І менавіта такія людзі, з малым узроўнем антыцелаў, з'яўляюцца аб'ектамі, дзе адбываецца мутацыя віруса.

- Некаторыя мяркуюць, што далейшае хуткае распаўсюджванне інфекцыі можна спыніць з дапамогай усеагульнага жорсткага локдаўна. Ці ёсць у ім сэнс?

- У чым сэнс локдаўна? Нам тлумачылі, што пры ўспышцы інфекцыі, ад якой у большасці людзей няма імуннай аховы, можа адначасова захварэць велізарная колькасць людзей. І гэта прывядзе да калапсу сістэмы аховы здароўя. Так нам казалі. І мы згаджаліся: так, так і ёсць. Таму, казалі нам, і ўводзіцца локдаўн: людзі ўсё адно будуць хварэць, але гэта будзе расцягнутае ў часе, і за дзень захварэе не 100 тысяч чалавек, а 50, і тады медыцынскія ўстановы справяцца. Адсутнасць месцаў у стацыянары азначае калапс сістэмы аховы здароўя. Гэта не проста паказчык для локдаўна - гэта проста палаючы крывёй паказчык для локдаўна! Гэта сведчыць аб тым, што з яго ўвядзеннем ужо спазніліся!

- А як вы ставіцеся да магчымасці зрабіць вакцынацыю абавязковай?

- Я думаю, гэта няправільна. Хоць бы таму, што павінны быць базавыя ўяўленні аб правах чалавека. Але мы павінны зрабіць так, каб не прышчэплівацца было сорамна, дорага і небяспечна. Сертыфікат аб вакцынацыі - гэта пропуск, квіток у нармальнае жыццё. Не купіў квіток - плаці нашмат больш.

- Як лячыцца ад ковід, калі хвароба працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме?

- Пакуль пульсаксіметр паказвае больш за 93, у вас лёгкая форма або пачатак хваробы - стандартныя дзеянні: мінімум ежы, максімум пітва, чыстае халаднаватае паветра. Катэгарычна ніякага пасцельнага рэжыму! Калі высокая тэмпература - прымайце парацэтамол і ібупрафен. Закладзены нос - прамыйце яго солевым растворам. І ўсе. Але як толькі сатурацыя ніжэйшая за 93, то патрэбен лекар, які будзе вызначаць, што далей: кісларод, гармоны - гэта ўжо іншае пытанне.

Самая вялікая памылка, якую можна зрабіць, гэта ў пачатку хваробы, калі пульсаксіметр паказвае норму, прыняць дзексаметазон або антыбіётыкі. Гэта тое, што забівае вас максімальна. Гэта памяншае да мінімуму вашы шанцы выжыць. Амбулаторная дапамога пры каранавірусе нічым не адрозніваецца ад лячэння грыпу ці катару. Турбавацца трэба пачынаць толькі тады, калі адрэагаваў пульсаксіметр. Або калі ў вас ёсць плойма іншых спадарожных хвароб.

- Вашы парады па прафілактыцы каранавіруса?

- Усяго два словы - вакцынацыя і вентыляцыя. Вакцынацыя людзей і вентыляцыя памяшканняў, максімальны паветраабмен усюды.

- Калі, на ваш погляд, можна чакаць спаду гэтай хвалі эпідэміі?

- Будзе лягчэй у канцы студзеня. Агулам жа сітуацыя стане больш ці менш стабільнай у канцы 2022 года. Для тых, хто дажыве.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках