18 красавiка 2024, Чацвер, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Купалаўцы з аншлагам паставілі смелы спектакль пра Беларусь

1
Купалаўцы з аншлагам паставілі смелы спектакль пра Беларусь
Фото: «Наша Ніва»

Прэм'ера адбылася ў Берліне.

У Берліне на фестывалі Radar Ost з аншлагам адбылася прэм'ера спектакля знакамітых беларускіх «купалаўцаў». Пра гэта гаворыцца ў рэпартажы DW.

Атмасфера свята і трывогі: адразу два гэтыя адчуванні аб'ядноўвалі ўдзельнікаў Міжнароднага тэатральнага фестывалю Radar Ost у Берліне. Свята праз тое, што ўпершыню за два гады тэатралы могуць убачыць адзін аднаго не праз экраны манітораў. Трывога праз тое, што адбываецца ў Беларусі. Атмасферу турботы і нават страху перадала беларуская фолк-спявачка Вераніка Круглова, спевам якой і адкрыўся Radar Ost.

«Мастацтва і канфлікт» - тэма фестывалю сёлета. Свае пастаноўкі дэманструюць мастакі з некалькіх краін, але Беларусі была адведзеная цэнтральная роля. «Мы радуемся таму, што тэатральнае жыццё вяртаецца, але сітуацыя ў Беларусі не дае радавацца напоўніцу», - заявіла падчас адкрыцця куратарка фестывалю Біргіт Ленгерс (Birgit Lengers).

ТЭАТР І БЕЛАРУСЫ Ў ВЫГНАННІ

Месца для радасці ўсё ж было больш: многія беларусы на фестывалі ўпершыню за год змаглі трапіць на спектакль таго самага, сапраўднага Купалаўскага тэатра, акторы якога былі ў авангардзе беларускіх акцый пратэсту, паднялі над будынкам бел-чырвона-белы сцяг і масава звольніліся пасля скасавання кантракту з дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, які падтрымаў апазіцыю, у жніўні 2020-га.

У Беларусі для іх цяпер фактычна абвешчаная забарона на прафесію. Перад пачаткам спектакля беларусы - госці фестывалю жартавалі, што дзеля Купалаўскага ім давялося даехаць «аж да Берліна». Праўда, многія з гледачоў і самі апынуліся ў Берліне не па сваёй волі. Сярод іх былі і тыя, каму пагражае крымінальны пераслед у Беларусі ці хто пазбаўлены магчымасці займацца сваёй прафесіяй: напрыклад, журналісты ліквідаваных выданняў, адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі. Аднак нямала ў перапоўненай зале нямецкага тэатра таксама было нямецкай і англамоўнай публікі.

З онлайна ў офлайн

Спектакль «Войцэк» у Берліне ўпершыню быў паказаны ўжывую: прэм'ера адбылася яшчэ год таму - у інтэрнэце. Пасля звальнення з тэатра незалежная трупа «Купалаўцы» часам выступае за мяжой і паспяхова асвойвае інтэрнэт і новыя фарматы. Так, паставілі п'есу Янкі Купалы «Тутэйшыя» проста ў YouTube, дзе яна набрала больш за 300 тысяч праглядаў. Таксама з беларускай класікі трупа грае «Паўлінку».

«Для актора гэта вельмі складаная сітуацыя. Адна справа - выступаць у інтэрнэце, іншая - рэальная публіка. Тое, што мы паказваем прэм'еру ўжывую ў Берліне - гэта сапраўдная магія і вялікае свята. Тое, што беларусы могуць прыйсці да нас на спектакль - падарунак для актораў», - заявіў перад паказам рэжысёр Раман Падаляка.

Як жывецца купалаўцам

Раман Падаляка ў інтэрв'ю таксама распавёў пра тое, як жывецца тэатру ў выгнанні. З ягоных слоў, аб паўнавартасным Тэатры за мяжой пакуль казаць не даводзіцца. «Мы цяпер існуём усё ж у рамках праектнай дзейнасці. На розныя прычыны рэлакацыя немагчымая. Ды і нам гэтага пакуль ніхто не прапануе», - сказаў рэжысёр. Са слоў Падалякі, многія з незалежных купалаўцаў знаходзяцца ў Беларусі, некаторыя выехалі за мяжу, адзінага месца для рэпетыцый ля тэатра цяпер няма.

Арганізаваць працу ў такіх варунках вельмі складана, але новыя праекты плануюцца, ёсць планы на выступы ў Польшчы, Украіне. «Але галоўная наша мэта - граць для беларусаў, захоўваць нашу ідэнтычнасць», - адзначае беларускі рэжысёр. З ягоных словах, сыграць спектакль у самой Беларусі цяпер немагчыма.

Што купалаўцы думаюць аб новым тэатры ў Менску?

У трупе «купалаўцаў» наважылі не гаварыць нічога дрэннага пра тых, хто застаўся працаваць у афіцыйным Купалаўскім тэатры, але і папрасілі пакінутых там не выказваць абраз і абвінавачванняў на свой адрас. «Я зычу ім толькі радасці, шчасця і ўсё такое. Але свет змяняецца, змяняецца форма. Немагчыма заставацца назаўжды ў савецкай сістэме каардынатаў, немагчыма існаваць ва ўмовах, дзе няма творчасці, прафесіяналізму, няма тых, хто стварае, - мастакоў. Але мы не робім адзін з аднаго ворагаў», - адзначае Падаляка.

Спектакль праз прызму сітуацыі ў Беларусі

Сам спектакль «Войцэк» - даволі смелы эксперыментальны фармат. Пад магутныя дыджэйскія біты акторы граюць вельмі вольную інтэрпрэтацыю п'есы нямецкага драматурга Георга Бюхнера (Georg Büchner). Логіка падзей спектакля часам ледзь улоўная, але адчуванні жорсткасці і страху зразумелыя ўсім.

Наўпрост спектакль з палітычнымі падзеямі не звязаны, але ён з'яўляецца рэфлексіяй на тэкст твора праз прызму сітуацыі ў Беларусі, кажа Падаляка. «Гэта гісторыя простага, маленькага чалавека, які не быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіцем. Але сістэма паступова падбіраецца і да яго і жорстка знішчае самае добрае, што засталося ў ягонай душы. У выніку Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсё чалавечае ў сабе», - адзначае рэжысёр.

А ці ўгледзелі гледачы гэтую сувязь з падзеямі на радзіме актораў?

«Так, гэта быў намёк на гвалт паліцыі. Думаю, гэта адсылка да сітуацыі ў Беларусі, - кажа малады мужчына на нямецкай мове. «Тут вельмі шмат жарсці. І ў рэвалюцыі вельмі шмат жарсці. Шмат любові, людзі любяць сваю краіну», - гаворыць на расейскай яшчэ адна дзяўчына. На пытанне, чаму гэты тэатр можа выступаць у Берліне, але не можа ў Менску, яна адказала проста: «Усё проста - у Беларусі дыктатура». Аднак глядачка ва ўзросце, наадварот, мяркуе, што спектакль з палітычнымі падзеямі не звязаны: «Не, тут гаворка ідзе пра каханне, гэта вечнае. А палітыка прыходзіць і сыходзіць».

Што яшчэ можна ўбачыць на Radar Ost?

Расея і Украіна таксама адыгрываюць важную ролю на фестывалі сёлета. Так, на ім нарэшце можна ўбачыць супольны праект нямецкага тэатра і «Гогаль-цэнтра» - спектакль «Дэкамерон». Гэта падзея адкладалася некалькі гадоў: спачатку праз арышт расейскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава, потым праз пандэмію.

Украінскія рэжысёры заклікалі падчас фестывалю не забываць, што вайна на Данбасе прадаўжаецца, нават калі пра гэта ўсё цяжэй казаць. Пра гэта - спектакль «Дрэнныя дарогі» рэжысёркі Тамары Трунавай. Ён складаецца з некалькіх асобных навелаў пра жыхароў Данбаса, чыё жыццё праходзіць па абодва бакі ад лініі размежавання на фоне ваеннага канфлікту: гісторыі кахання, нянавісці, даверу і здрады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках