23 красавiка 2024, aўторак, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Фатыга: Мы падтрымліваем беларусаў і пераможам у гэтай бітве

6
Ганна Фатыга: Мы падтрымліваем беларусаў і пераможам у гэтай бітве
Ганна Фатыга

Важна разумець сутнасць спецаперацыі, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.

Рэжым Лукашэнкі прадаўжае атакаваць краіны Еўразвязу, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Асаблівы ціск зазнае Польшча, якая штодня адбівае спробы штурму сваёй мяжы.

Наколькі сур'ёзную пагрозу ўяўляе рэжым Лукашэнкі для бяспекі Еўразвяза? Ці варта размаўляць з дыктатарам і як спыніць ягоны шантаж?

На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю Charter97.org адказала дэпутатка Еўрапейскага парламента, былы міністр замежных спраў Польшчы, чалец экспэртнай групы, якая працавала над рэформамі NATO, Ганна Фатыга.

- Сёння Польшча апынулася на перадавой барацьбы з гібрыднымі нападамі рэжыму Лукашэнкі. Удалося адбіць некалькі сур'ёзных нападаў з боку беларускіх уладаў. Як чалавек, які доўгі час працуе ў сферы абароны і бяспекі, як вы ацэньваеце дзеянні польскіх уладаў па абароне межаў?

- Я не думаю пра гэта ў катэгорыях «правал» або «поспех». Мы абавязаныя абараняць нашы межы. Польшча адкрытая для тых, хто пацярпеў, як вы, напэўна, добра ведаеце. Нараўне з многімі краінамі (у асноўным — з Літвой) мы падтрымліваем беларускі народ, які трапіў пад хвалю гвалту Лукашэнкі на грамадства. Як вы ведаеце, я сачу за сітуацыяй і займаюся падтрымкай усіх людзей, якія пратэставалі супраць рэжыму.

Польскі народ усведамляе гібрыдны характар атакі Лукашэнкі. Дыктатар дзейнічае не самотна. Больш за тое - без падтрымкі Пуціна гэта было б немагчымым. Польшча знаходзіцца пад ударам, але адказнасць за сваю тэрыторыю нясем менавіта мы. Мы абараняем нашу мяжу і тэрыторыю, а таксама будзем прадаўжаць рабіць гэта ў будучыні. Тут не стаіць пытанне аб поспеху, абарона межаў - наш абавязак.

- Кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі заявіў, што сёння Польшча абараняе не толькі свае межы, але і ўвесь Еўразвяз. Ці павышаюць паспяховыя дзеянні Варшавы значнасць і аўтарытэт краіны на міжнароднай арэне?

— Я мяркую, што рашучыя паводзіны ўрадаў у цяжкія часы — сур'ёзнае выпрабаванне. Калі грамадства і ўлады паспяхова праходзяць гэты тэст, крэдыт даверу да пасылаў краіны на міжнароднай арэне ўзрастае. У сітуацыі, якая склалася, я цалкам падтрымліваю польскі ўрад.

Усё сваё жыццё я была сканцэнтраваная на пабудове стабільнай, моцнай і дэмакратычнай Польшчы, уключаючы час барацьбы з камунізмам, калі я была ўдзельніцай руху «Салідарнасць».

Што тычыцца тых, хто спрабуе павучаць нас, то думаю, што мы выконваем свой абавязак, больш за тое - мы падтрымліваем нашых суседзяў па рэгіёне. Я толькі што вярнулася з Грузіі, звяртаю ўвагу на пагрозы ва Украіне і стараюся заставацца адкрытай з гэтай нагоды. Калі ідзе дыскусія аб Беларусі, то я ўдзельнічаю ў ёй. Палітыка непрызнання Лукашэнкі павінна быць захаваная. Ён спрабуе шантажаваць міжнародную супольнасць, каб паводзіць сябе так, як ён рабіў гэта раней.

Тое, што адбываецца на нашых межах — адказ на нашу падтрымку беларускага дэмакратычнага руху. Мы падтрымліваем сумленных і свабодалюбных беларусаў і павінны перамагчы ў гэтай бітве.

- Наколькі сёння сур'ёзная пагроза рэжыму Лукашэнкі для нашага рэгіёну і Еўразвяза агулам?

- На мой погляд, усё досыць сур'ёзна, а да таго, што адбываецца трэба ставіцца менавіта такім чынам. Гаспадар Крамля схільны да проксі-агрэсій, выкарыстоўваючы ў іх лідараў іншых краін, як гэта адбылося з Асадам. Гэта не толькі маё меркаванне, такую ацэнку далі высокапастаўленыя вайскоўцы. Да прыкладу, у Кангрэсе ЗША. Такія дзеянні і метады мы бачылі на ўсходняй мяжы ЕЗ, у асноўным - на польскай і літоўскай.

Адно ўдакладненне, якое хачу зрабіць: гэта не старамоднасць, польскі народ па-ранейшаму нясе адказнасць за бяспеку сваёй краіны. Мы карыстаемся падтрымкай NATO і ЕЗ, але наша асноўная задача — абараняць нашу тэрыторыю і мяжу. І мы гэта робім.

- Ці дастаткова жорстка і аператыўна дзейнічае менавіта Брусэль у дачыненні да таго, што адбываецца ля ўсходніх межаў ЕЗ?

- Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, можа быць, не ў дачыненні да сітуацыі на мяжы, бо агулам польскія памежнікі ўважаюцца за адных з найбольш падрыхтаваных і эфектыўных сярод усіх краін-чальцоў ЕЗ. Мы дапамагалі хаўруснікам у розных краінах, да прыкладу - у Італіі і Грэцыі. Frontex (агенцтва Еўрапейскага Звязу ў бяспецы вонкавых межаў-заўв. Charter97.org) адпраўляе польскіх памежнікаў і паліцыю ў многія пункты Еўразвязу. Да прыкладу, мы дапамаглі нашаму хаўрусніку Літве, даслаўшы туды сваіх вайскоўцаў.

Сёння важна разумець характар спецаперацыі, якая праводзіцца Лукашэнкам. Людзі, якіх прывезлі ў Менск, якія шпацыруюць па лесе і ля мяжы, зусім не з'яўляюцца бежанцамі. Іх запрашалі ў Беларусь у якасці турыстаў, да таго ж яны заплацілі за гэта велізарныя грошы, а зарабіць такую суму ў гэтых краінах не так проста. Не ўсе з іх бедныя. Пераважна, гэта людзі з Ірака, Сірыі і Лібана. Толькі невялікая частка з Афганістана, нават не наўпрост адтуль. Сказаць, што пасля вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана пайшла хваля бежанцаў - проста няпраўда. Безумоўна, Пуцін падштурхоўвае Лукашэнку да такіх дзеянняў.

Сёння нам трэба міжнароднае разуменне сітуацыі. Простае міжнароднае разуменне ад нашых партнёраў: не быць наіўнымі, не падпарадкоўвацца шантажу Лукашэнкі, не ставіцца да спецаперацый як да нечага звычайнага і не дазваляць проста запалохваць нас.

- Як вы ацэньваеце ініцыятыву в. а. канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель патэлефанаваць Лукашэнку і наогул ідэю размаўляць з нелегітымным кіраўніком?

- Я ўжо каментавала гэтую сітуацыю ў польскіх СМІ. Я заўсёды выступала за непрызнанне і дыпламатычныя санкцыі. Лукашэнка — не лідар, ён саступіў на выбарах прэзідэнта. Наадварот, беларуская апазіцыя ўнутры краіны і за яе межамі патрабуе спецыяльнага стаўлення і падтрымкі.

— Якія механізмы можна задзейнічаць і на ўзроўні Еўразвязу, і на ўзроўні NATO, каб спыніць шантаж беларускага дыктатара?

— Вядома, у NATO ёсць інструменты. На гэты момант Паўночнаатлантычны альянс уважліва і скрупулёзна назірае за сітуацыяй. Што тычыцца ЕЗ, нам патрабуецца адзінства ў наступных раундах перамоваў аб папраўках да розных дамоваў.

Зыходзячы з майго досведу, нам усё яшчэ трэба больш цеснае адзінства з пункту гледжання ўспрымання пагроз, калі яны зыходзяць ад Крамля, Лукашэнкі ці іншых расейскіх марыянетак. На мой погляд, краіны-чальцы ЕЗ, хаўруснікі NATO з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, значна больш рэалістычныя ў гэтай ацэнцы. Я б сказала, што мы больш імкнемся да салідарнасці з народамі, якія зазнаюць прыгнёт.

Мы спрабуем зразумець клопаты іншых, але гэтая пагроза на ўсходзе - наўпроставая і экзістэнцыйная, таму мы і гэтыя краіны маем патрэбу ў падтрымцы. Гэта належыць і да расейцаў. Мы назіраем за сітуацыяй там, падтрымліваем сувязь з расейскай апазіцыяй. Мы стараемся надаваць ім падтрымку, хоць гэта вельмі складана.

На мой погляд, цяпер вызначальнае значэнне мае адзінства. Напрыклад, мы параілі Вярхоўнаму прадстаўніку Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю не ехаць у Маскву. Думаю, што гэта была парада большасці лідараў, у тым ліку ўсіх кіраўнікоў шасці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён наважыў паступіць інакш, паехаць туды, што было, як вы ведаеце, велізарным прыніжэннем. Мы не супраць супрацоўніцтва паміж краінамі, але думаем, што Еўразвяз павінен прымаць розныя метады развязанняў у сваёй замежнай палітыцы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках