18 красавiка 2024, Чацвер, 5:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі вы пойдзеце назад у Менск, мы спусцім на вас сабак»

12
«Калі вы пойдзеце назад у Менск, мы спусцім на вас сабак»

Іракцы, якія вярнуліся дадому, распавялі аб здзеках беларускіх сілавікоў.

Блізу 1000 іракцаў, якія спрабавалі трапіць у Еўразвяз праз «беларускі маршрут», вярнуліся дадому на эвакуацыйных рэйсах з Менска. Сваімі ўражаннямі ад знаходжання ў Беларусі яны падзяліліся з журналістамі тэлеканала kurdistan24.

Некаторыя «рэпатрыянты» правялі тыдні і нават месяцы на беларуска-польскай мяжы. Назад яны вярнуліся, калі страцілі надзею трапіць у Еўразвяз.

Жанчына з горада Захо, якая прыбыла першым эвакуацыйным рэйсам, адмовілася прадставіцца. Яна сказала, што яе сям'я заплаціла амаль 20 тысяч даляраў кантрабандыстам, але тыя яе прывезлі толькі да польскай мяжы.

«Мы вярнуліся таму, што нас не пусцілі (у Польшчу - рэд.). Калі б у Курдыстане было добра, то мы б адсюль не з'ехалі. Але пасля ўсяго перажытага я шкадую аб гэтай пастанове і ўсё ж Курдыстан - гэта наша Радзіма», - падзялілася суразмоўніца.

24-гадовая Даліа Ксалаф з горада Сінджара таксама сказала, што заплаціла амаль 20 тысяч даляраў за сям'ю.

- Беларусы ставіліся да нас вельмі дрэнна і польскія ўлады не дазволілі нам перайсці мяжу. Калі мы спрабавалі вярнуцца ў Менск, яны (беларусы - рэд.) таксама забаранілі нам гэта. Яны сказалі нам: «Калі вы пойдзеце назад у Менск, мы спусцім на вас нашых сабак». Таму мы затрымаліся (на мяжы - рэд.) і не маглі прайсці ні ў Польшчу, ні вярнуцца ў Менск, - распавяла дзяўчына.

Жыхар горада Раньі, які прыбыў другім эвакуацыйным рэйсам, распавёў журналістам, што мігранты, якія затрымаліся на мяжы, «зазнаюць катаванні».

- Там поўная катастрофа, - сказаў мужчына і падкрэсліў, што нікому не варта туды з'язджаць.

Іншая пасажырка вярнулася дадому з траўмай рукі і рэбраў. Яна паведаміла, што вельмі рада вярнуцца дадому:

- Міласэрнасці там нідзе няма.

- Няма такіх збіванняў і гвалту, якія б мы не зазналі, - распавёў яшчэ адзін пасажыр эвакуацыйнага рэйса. - Цяпер там ідзе снег, і некаторым мігрантам дагэтуль не дазваляюць вяртацца. Прайшоўшы 10 кіламетраў, я змог уцячы. Нам сказалі: «У вас няма ні вады, ні хлеба. Для вас толькі смерць».

Большасць мігрантаў, апытаных журналістамі тэлеканала, расказалі, што нарэшце беларускія ўлады дазволілі ім вярнуцца ў Менск і нават далі транспарт да міжнароднага аэрапорта, адкуль яны змаглі вылецець дадому.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках