19 красавiка 2024, Пятніца, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцінская «міратворчасць» загразла ў карабахскім тупіку

3
Пуцінская «міратворчасць» загразла ў карабахскім тупіку

Сочынскі «мірны саміт» закончыўся фіяска.

У Сочы 26 лістапада Пуцін прымаў двух саміх заклятых антаганістаў Паўднёвага Каўказа: прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна і прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева. Сустрэча канфліктнай тройкі пазіцыянуецца як паспяховая задума пуцінскай дыпламатыі, бо ў Крамлі хочуць акружыць «цара» арэолам міратворца, у духу імператара Аляксандра ІІІ. Але працэс кананізацыі ідзе вельмі марудна, бо за Пуціным цягнецца доўгі крывавы след праз распальванне сепаратысцкіх канфліктаў на постсавецкай прасторы. Армяна-азербайджанскае супрацьстаянне таксама спароджанае імперскай палітыкай РФ. Спробы расейцаў прадэманстраваць свае намаганні для развязання праблемы не выглядаюць пераканаўча, бо ў трыкутніку Масква – Ерэван – Баку няма ўзаемнага даверу, піша тэлеграм-канал «Сіта Сакрата».

Спробы Пуціна абгуляць паспяховасць сённяшняй сочынскай сустрэчы шляхам адорвання Пашыняна і Аліева статуэткамі ў форме пазалочанай аліўкавай галіны выглядае дэманстрацыйным прыкрыццём пустаты ад яе правядзення. «Аліва сімвалізуе мір, перамогу, радасць, багацце, чысціню, цноту і неўміручасць. Гэта блаславёнае дрэва ў антычнай, іўдзейскай, хрысціянскай і ісламскай традыцыях», – растлумачылі ў прэс-службе Крамля, што ў прынцыпе вядома нават школьніку. Лепш расказалі б, якія яшчэ ёсць вынікі сходу?

Расейскія спецслужбы зімой-летам 2021 года не здолелі арганізаваць скіданне Пашыняна, і Пуціну зусім не камфортна мець зносіны з палітыкам, якога ён літаральна нядаўна хацеў сцерці ў парашок шляхам дзяржаўнага перавароту. Тым больш, Пашынян агаляе памылкі расейскай міратворчасці на Нагорным Карабаху. Армянскі прэм'ер жаліцца: «Хачу падкрэсліць, што сітуацыя не такая стабільная, як хацелася б. Пасля 9 лістапада мінулага года некалькі дзясяткаў людзей загінулі з двух бакоў, інцыдэнты здараюцца і ў Нагорным Карабаху. З 12 траўня гэтага года мы маем фактычна крызісную сітуацыю на армяна-азербайджанскай мяжы…»

Не лепш ідуць стасункі Пуціна і Аліева. У Крамлі вельмі падазрона і балюча ставяцца да пашырэння турэцкага ўплыву на Каўказе з перспектывай стварэння магутных сетак цюркскага ўплыву ў глыбокіх тылах Расеі, дзе і без таго мацнее татарстанскі сепаратызм, а таксама расце самасвядомасць 11 млн мясцовых цюрак, якіх так і не атрымалася асіміляваць.

Для ціску на азербайджанскага лідара ў дзень ягонага візіту ГРУ раскруціла скандал пра нібыта вярбоўку бакінскімі куратарамі «баявых і ўпэўненых у сабе хлопцаў у Маскве і Маскоўскай вобласці» для выканання таямнічай задачы. На пабліках з'явіліся дрэнна складзеныя расейскамоўныя аб'явы, нібы для мабілізацыі азербайджанскіх дыяспараў з мэтай павышэння ставак перад сочынскай сустрэчай. Гэта відавочная ўбогая вярбовачная правакацыя ГРУ, якая як толькі ўспыхнула – адразу ж згасла. Бо ўсе сумнеўныя мабілізацыйныя аб'явы ў духу «ідзі туды – не ведаю куды, прынясі тое – не ведаю што» рэзка былі зацёртыя. Аднак уважлівыя назіральнікі ў антыазербайджанскім выпадзе заўважаюць выразны прысмак тыражавання тэхналогій іншага праекта ГРУ – «Вагнергейта» ва Украіне, толькі ў экспрэс-варыянце. У тых самых крыніцах усплыла тэма «падрыхтоўкі» нейкімі турэцкімі НКА дзяржаўнага перавароту ў Бішкеку перад выбарамі ў Жагорку Кенеш 28 лістапада. Навідавоку страхі расейцаў перад ростам турэцкіх уплываў.

Чаго ж у выніку дамагліся ў Крамлі гэтымі правакацыямі? Гэта быў стрэл сабе ў нагу, бо сочынскі мірны саміт закончыўся фіяска. Ніякай канкрэтыкі не дасягнута: супольная камісія пра дэмаркацыю і дэлімітацыю армяна-азербайджанскай мяжы не будзе створаная, замест гэтага прадоўжацца перамовы ў гэтым пытанні. Няма пастановаў пра разблакаванне транспартных камунікацый, не пачаты працэс стварэння мірнай дамовы, нават вострая праблема ўтрыманых асобаў не ўзнімалася. Банальны пусты піяр для Пуціна-адзіночкі, які бавіць свае дні ў чаканні сумнай развязкі ад рук сваіх падступных паплечнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках