23 красавiка 2024, aўторак, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Надышоў момант, калі чара трывання перапоўнілася»

«Надышоў момант, калі чара трывання перапоўнілася»

Як усеагульны страйк ў Старажытным Рыме прычыніўся да перамогі над уладай тыранаў-дэцэмвіраў.

Праз пяцьдзесят гадоў пасля выгнання ўладароў рымляне наважылі, што ім варта займець канстытуцыю, піша аўтар канала "Лісты да дачкі".

Бо кожная прыстойная рэспубліка мае мець сваю канстытуцыю. Рымляне абралі адмысловую камісію з дзесяці чалавек, якіх так і назвалі - дэцэмвіры. На распрацоўку канстытуцыі дэцэмвірам далі тэрмін адзін год, і на гэты год яны атрымалі ўсю паўнату ўлады ў Рэспубліцы.

Першыя часы дэцэмвіры паводзіліся сціпла. Але час ішоў, і яны спакваля ўваходзілі ў смак нічым не абмежаванай улады. Вось прамінуў год, а выявілася, што канстытуцыя ўсё яшчэ не гатовая. Рабіць няма чаго, паўнамоцтвы дэцэмвіраў падоўжылі яшчэ на год.

І вось пасля гэтага яны разгарнуліся ўжо на ўсе застаўкі. Незадаволеных каралі смерцю або выганялі, іхнюю маёмасць раздавалі сваім прыхільнікам. І ўсё больш людзей ўважала за лепшае пакінуць краіну са сваёй волі, не чакаючы, пакуль да іх дойдзе чарга. Увогуле, дзесяць тыранаў узялі на ўзбраенне прынцып: сябрам - усё, а астатнім - не да законаў

Ужо і канстытуцыя была даўно гатовая, але дэцэмвіры не спяшаліся праводзіць усенародны плебісцыт, бо прыняцце канстытуцыі азначала спыненне іхніх паўнамоцтваў. Ніхто ўжо не сумняваўся, што дэцэмвіры мерацца кіраваць пажыццёва як дзесяць уладароў. Рымляне зажурыліся. «Свабоду аплаквалі так, нібы страцілі яе навекі: прыхільнікаў яна не мела, дый не прадбачылася (З)».

А ў дадатак да ўсяго дэцэмвіры прымудрыліся радыкальна сапсаваць стасункі з суседзямі. Бо калі табе не да законаў пры абыходжанні з уласнымі грамадзянамі, то ў дачыненні да чужых законаў пагатоў не існуе. Так што, у выніку, Рым атрымаў адразу тры вайны. І, што характэрна, ніводная з гэтых войнаў не была пераможнай.

Увогуле, тыранія абярнулася для Рыма яшчэ і безупыннай ганьбай.

І надышоў момант, калі чара трывання перапоўнілася. Рымскія гісторыкі апавядаюць, што нагодай стала рамантычная гісторыя з трагічным канцом. Але я не буду яе пераказваць, бо, мусібыць, гэтая гісторыя - проста легенда.

Напраўду не важна, што стала нагодай. Нагоды дэцэмвіры давалі штодня. Важна, што надышоў дзень, калі народ супольна наважыў выказаць сваё абурэнне ўголас.

А маю табе сказаць, што пры ўсёй іхняй ваяўнічасці рымляне былі наўздзіў законапаслухмяныя. Яны не ўзнялі, напрыклад, узброенага паўстання і не ўчынілі бунту. Замест гэтага яны ўсім народам абвясцілі байкот.

Раніцай месцічы пакінулі дамы і перасяліліся на размешчаны ў суседстве з Местам Авентынскі ўзгорак. «Абязлюдзелы Рым ператварыўся ў пустэльню, на форуме не было нікога, акрамя некалькіх старых (З)».

Пасля гэтага пасланцы ад народа паведамілі сэнату, што рымляне будуць страйкаваць і не возьмуць у рукі зброі для абароны краіны датуль, пакуль у Рэспубліцы не будзе адноўленая законнасць.

І вось тут абурыліся ўжо нават прыхільнікі дэцэмвіраў. «Што ж гэта за ўлада, за якую вы так моцна трымаецеся? – пыталі яны. – Ці вы мерыцеся чыніць суд над дахамі і мурамі?». І, сапраўды, выявілася, што ўся ўлада, якую дзесяць тыранаў забралі сабе, нічога не вартая, калі ніхто не ладзіцца ёй падпарадкоўвацца.

Увогуле на аднаўленне законнасці запатрабавалася літаральна пару дзён. Двое з дзесяці тыранаў былі аддадзеныя пад суд і скончылі жыццё самагубствам да вынясення выраку. Астатнія восем уцяклі з краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках