25 красавiка 2024, Чацвер, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чырвоны крыж» наважыў перадаць €10 мільёнаў нелегальным мігрантам на межах Беларусі ды ЕЗ

51
«Чырвоны крыж» наважыў перадаць €10 мільёнаў нелегальным мігрантам на межах Беларусі ды ЕЗ

Грошы прызначаныя для 12 тысяч чалавек.

Міжнародная федэрацыя таварыстваў "Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца" абвясціла надзвычайны збор на суму 9,5 млн швайцарскіх франкаў (блізу 10 млн еўраў). Мэта збору - дапамога краінам у пераадоленні крызісу з мігрантамі на мяжы Беларусі, Літвы і Польшчы.

Пра гэта паведаміла дырэктарка Еўрапейскай Рэгіянальнай Сядзібы арганізацыі Біргітэ Бішаф Эбэзэн.

У закліку, апублікаваным арганізацыяй, гаворыцца, што дапамога патрабуецца 12 тысячам чалавек, а агулам праблема закранула прыкладна 20 тысяч чалавек. "Гэтая лічба ўключае нядаўнія звесткі беларускіх улад аб 7000 мігрантаў у Беларусі, а таксама 3500 мігрантаў у цэнтрах у Літве і невядомая колькасць у цэнтрах у Польшчы", гаворыцца ў дакуменце.

Сабраныя грошы плануюць накіраваць нацыянальным таварыствам Чырвонага Крыжа ў Беларусі, Літве і Польшчы. Чакаецца, што гэтая сума пойдзе на дапамогу з размяшчэннем, перамяшчэннем, аховай здароўя, а таксама бытавыя патрэбы.

«Як толькі мы збяром гэтую суму, будзе дадзеная дапамога БТЧК. Мы ўжо перавялі пэўную суму, якая з'яўляецца часткай гэтай міжнароднай падтрымкі - 266 тысяч еўраў», - расказаў выданню Sputnik кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай федэрацыі таварыства «Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца» у Расеі і Беларусі Джон Энтвісал.

Акрамя таго, да дзейнасці на беларуска-польскай мяжы залучылі міжнародных экспертаў, якія дапамогуць беларускім калегам сваімі ведамі.

Штодня, паводле звестак генеральнага дырэктара "Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа" Дзмітрыя Шаўцова, выдаткі толькі на ежу складаюць блізу 10 тысяч еўраў. І гэта не лічачы шматлікіх іншых, «непрыкметных» выдаткаў: войска, хуткая дапамога, МНС, праца ТЛЦ, гуманітарныя тавары, арганізацыя ўсёй інфраструктуры.

Нагадаем, што 8 лістапада рэжым Лукашэнкі зладзіў маштабную правакацыю на польскай мяжы. Тысячы мігрантаў пад кантролем беларускіх спецслужбаў штурмавалі мяжу Польшчы. Польскі бок паведамляе, што ў наступных штурмах мяжы могуць удзельнічаць да 10 тысячаў нелегалаў.

15 лістапада беларускія вайскоўцы сагналі нелегалаў пад канвоем з іх лагера на мяжы з Польшчай да КПП "Брузгі-Кузніца".

16 лістапада мігранты пайшлі на штурм польскай мяжы.

Пасля гэтага мігрантаў размясцілі ў лагістычным цэнтры "Брузгі" на мяжы. Польская выведка паведаміла, што беларускія сілавікі ператварылі цэнтр "Брузгі" ў базу для нападаў мігрантаў на Польшчу.

26 лістапада Лукашэнка пабываў у лагеры мігрантаў, каб падняць іх на новы штурм польскай мяжы.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках