25 красавiка 2024, Чацвер, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы прэм'ер Чэхіі: Што вядома пра прафесара, які перамог алігарха

4
Новы прэм'ер Чэхіі: Што вядома пра прафесара, які перамог алігарха

Сярод чэшскіх палітыкаў Пётр Фіяла – незвычайная ў многіх сэнсах з'ява.

Пётр Фіяла каталік, які рэгулярна наведвае царкву ў краіне, дзе толькі 12 адсоткаў з дзесяці з лішнім мільёнаў жыхароў кажуць, што яны рэлігійныя. Ён першы з часоў першага прэзідэнта Чэхаславацкай рэспублікі Томаша Масарыка ўніверсітэцкі прафесар на высокай дзяржаўнай пасадзе. І ён вось ужо тры дзесяцігоддзі жанаты з адной і той жа жанчынай, з якой у яго трое дзяцей, паведамляе "Нямецкая хваля".

Прафесар Фіяла перамог алігарха Бабіша

Фіяла зусім не адпавядае вобразу ўдзельніка выбарчай барацьбы ў эпоху Twitter-камунікацыі і перадвыбарных кампаній, якія больш нагадваюць маркетынгавыя шоу. І тым не менш ён – лідар і кандыдат правацэнтрысцкай кааліцыі SPOLU, якая складаецца з ліберальна-кансерватыўнай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ODS), ліберальнай TOP 09 і Хрысціянска-дэмакратычнага звязу – Чэхаславацкай народнай партыі (KDU-CSL), здолеў атрымаць перамогу на парламенцкіх выбарах, якія праходзілі 8 і 9 кастрычніка.

Фіяла абышоў Андрэя Бабіша – алігарха, які са сваёй папулісцкай партыяй АНО восем гадоў панаваў у чэшскай палітыцы. І пра стварэнне ўрадавай кааліцыі ў складзе SPOLU, партыі Старасці і незалежнасці (STAN) і Чэшскай пірацкай партыі ён таксама дамовіўся. Кааліцыя Пятра Фіялы мае ў парламенце ўпэўненую большасць 108 з 200 дэпутацкіх мандатаў.

Такая адназначная расстаноўка палітычных сілаў прымусіла прэзідэнта Мілаша Земана, які ўвогуле з'яўляецца прыхільнікам Бабіша, даручыць Фіялу фармаванне ўрада і прызначыць яго 28 лістапада прэм'ер-міністрам.

Каталік з габрэйскімі каранямі

Фіяла паходзіць з паважанай буржуазнай сям'і. Ягоны дзед быў юрыстам і важным чыноўнікам у гады першай Чэхаславацкай Рэспублікі, якая існавала з 1918 да 1938 года. Бабуля паводле бацькоўскай лініі была габрэйкай. Падчас нацысцкай акупацыі (1939–1945 гады) уся сям'я была інтэрнаваная і знаходзілася ў канцлагеры.

Пётр Фіяла нарадзіўся ў 1957 годзе, ва ўніверсітэце вывучаў чэшскую мову і гісторыю, з 1989 года ўдзельнічаў у акцыях каталіцкай царквы супраць камуністычнай дыктатуры. Рэлігія – важная частка ягонага жыцця. "Я сам прыйшоў да веры, – расказаў Фіяла ў інтэрв'ю інтэрнэт-парталу Prostor X. – Хрысціўся ва ўзросце 22 гадоў, і з тых часоў вера для мяне – нешта вельмі асноватворнае".

З універсітэта ў палітыку

Пасля 1989 Фіяла стаў адным з заснавальнікаў новай чэшскай палітычнай навукі. Быў прафесарам, а потым – двойчы – рэктарам універсітэта Масарыка ў Брно, які спаборнічаў з Карлавым універсітэтам у Празе за званне найлепшай ВНУ ў краіне. У 2012 годзе ён заняў пасаду міністра адукацыі ва ўрадзе Пятра Нечаса з ODS, а пасля адстаўкі ягонага кабінета і поўнай паразы на выбарах у 2014 годзе ўзначаліў гэтую партыю. Перадвыбарную кааліцыю SPOLU Фіяла стварыў, стаўшы яе лідарам толькі вясной 2021 года.

"Поспех гэтага навукоўца-палітолага ў палітыцы ўнікальны для Чэхіі, – кажа прафесар Станіслаў Балік, дэкан факультэта сацыяльных навук ва ўніверсітэце Масарыка. – Адзін з талентаў, якімі валодае Пётр Фіяла, – гэта здольнасць шукаць і знаходзіць разумны кампраміс". Менавіта дзякуючы гэтаму таленту, мяркуе Балік, Фіяла і здолеў сфармаваць кааліцыю SPOLU.

Не народны трыбун

Мікулаш Бек, які змяніў у 2011 годзе Фіялу на пасадзе рэктара ўніверсітэта Масарыка, мяркуе, што "Фіялу цяпер спатрэбіцца перш за ўсё цярпенне і дальнабачнасць, а таксама здольнасць прыслухоўвацца да іншага меркавання і шукаць кампрамісы". Але чаго новаму прэм'еру, як чалавеку з акадэмічных колаў, не стае, кажа Бек у інтэрв'ю DW, дык гэта блізкасці да народа і харызмы, якія дапамаглі прыйсці ва ўладу прэзідэнту Мілашу Земану і папярэдніку Фіялы на пасадзе прэм'ера Чэхіі Андрэю Бабішу.

"Пётр Фіяла – тыповы ўніверсітэцкі навуковец, што выяўляецца ў моцнай схільнасці да пошуку рацыянальных пастановаў", – паказвае Яраслаў Мілер, былы рэктар Універсітэта Палацкага ў Оламаўцы, а цяпер – рэктар Англа-Амерыканскага ўніверсітэта ў Празе.

"Я бачыў яго на адным перадвыбарным мерапрыемстве ў невялікім горадзе, – успамінае ён. – Фіяла быў у гарнітуры і звяртаўся да людзей у сваім акадэмічным стылі, які быў, відавочна, чужы цёткам з торбамі, якія вярталіся з крамаў". Але тое, чаго яму, як палітыку не стае, дадае Мілер, Фіяла кампенсуе выдатным веданнем справы і здольнасцю прымаць пастановы на аснове наяўных фактаў".

Што дапамагло Фіялу перамагчы на выбарах

Пасля некалькіх гадоў знаходжання ва ўладзе алігарха-папуліста Бабіша якасці, якія, на першы погляд, не здольныя прывабіць выбарнікаў, сталі перавагай. "Прычына поспеху Фіялы, які заўсёды паводзіць сябе ветліва і апранаецца як ангельскі джэнтльмен, – у нетыповай сітуацыі, якая склалася пасля некалькіх гадоў знаходжання ва ўладзе ўрада Бабіша", – мяркуе Павел Маскарынец, палітолаг з Універсітэта Яна Евангеліста Пуркіне ва Усці-над-Лабем.

"Калі б у сітуацыі, якая склалася пасля некалькіх гадоў кіравання Бабіша, не была створаная выбарчая кааліцыя, палітыку з тыпажом Фіялы было б цяжка прывабіць на свой бок выбарнікаў", – прызнае эксперт.

Новы прэм'ер Чэхіі ні ў якай ступені не перабольшвае складаную сітуацыю, у якой ягоны ўрад пачынае працу. "Чэшская Рэспубліка знаходзіцца ў самай цяжкай фазе сваёй постсавецкай гісторыі. Нашай краіне даводзіцца змагацца не толькі з крызісам, выкліканым пандэміяй каранавірусу, але і з наступствамі безадказнасці папярэдняга ўрада", – мяркуе Фіяла.

Чэшская апазіцыя пра Пятра Фіялу

Нягледзячы на крытыку, апазіцыя таксама прызнае пазітыўныя якасці новага прэм'ера. "Ён – кансерватар, які паслядоўна адстойвае сваю пазіцыю, выкарыстоўваючы спакойны тон і без эмоцый", – адзначае ў інтэрв'ю Дзіта Чаранзава, намесніца старшыні Еўрапейскага парламента, чалец партыі Бабіша АНО.

У пытаннях, якія тычацца еўрапейскай і міжнароднай палітыкі, Фіяла можа спадзявацца на свае шырокія веды прынцыпаў функцыянавання ЕЗ. "Ён выдатна разбіраецца ў праблемах еўрапейскай інтэграцыі і напісаў пра гэта некалькі кніг, якія атрымалі высокія водгукі. У ЕЗ ён можа напоўніцу выкарыстаць сваё ўменне весці перамовы і дамагацца кампрамісаў", – мяркуе Станіслаў Балік. Разам з тым Фіяла захоўвае свае кансерватыўныя і рэалістычныя пазіцыі.

"Я з'яўляюся большым аптымістам у дачыненні да валюты еўра, чым Пётр Фіяла, – кажа Мікулаш Бек. – Але ў нас заўсёды былі сяброўскія рознагалоссі, з якімі можна мірыцца і працаваць". З гледзішча палітолага Маскарынца, Фіяла наўрад ці зробіць еўра нацыянальнай валютай Чэхіі. "Але ён можа вярнуць Чэшскую Рэспубліку ў мэйнстрым еўрапейскай палітыкі", – перакананы эксперт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках