28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каго Глеб вінаваціць у тым, што ў Беларусі несур'ёзна ставяцца да COVID-19?

27
Каго Глеб вінаваціць у тым, што ў Беларусі несур'ёзна ставяцца да COVID-19?

Вы будзеце здзіўленыя.

Каранавірус для беларускага спорту – тэма табуяваная. Паказальных прыкладаў тут хапае: з апошняга можна згадаць «некаторае захворванне» ў БАТЭ (так пра выпадкі заражэння ў клубе першапачаткова казаў галоўны трэнер Віталь Жукоўскі) ці ковід ва Уладзіміра Базанава і Юрыя Вяргейчыка, чаму «Шахцёр» атрымаў чэмпіёнскі кубак са спазненнем у тур, а медалі дык увогуле прывязуць у апошнім матчы – аднак у АБФФ афіцыйна паведаміць пра хваробу сваіх першых асобаў і не падумалі, піша «Трыбуна».

І ў цэлым у гэтым няма нічога дзіўнага, бо на дзяржаўным узроўні да каранавірусу транслюецца даволі халатнае стаўленне. Даўно ўжо ператварыліся ў мем (хутчэй сумны, чым смешны) леташнія парады Аляксандра Лукашэнкі ў барацьбе з пандэміяй з дапамогай трактара, гарэлкі, лазні і козачак. Называў экс-прэзідэнт НАК у якасці «самых сапраўдных антывірусных лекаў» і хакей – але неэфектыўнасць гэтага нетрадыцыйнага метаду ўжо павінна быць зразумелая нават яму.

Пры гэтым рэальны маштаб праблемы хаваецца. Белстат не публікуе статыстыку смяротнасці з чэрвеня 2020-га, аднак звесткі са зліву ад «Кіберпартызанаў» кажуць, што з сакавіка мінулага года да сакавіка гэтага залішняя смяротнасць у краіне склала 32 тысячы чалавек. Афіцыйна ж за гэты перыяд налічылі 2247 памерлых ад ковіду – гэта значыць колькасць можа быць заніжаная амаль у 15 разоў.

Падыход не змяніўся і цяпер, калі ў Беларусі шалее ўжо чацвёртая хваля ковіду і нават дзяржстатыстыка фіксуе як ніколі раней высокія лікі хворых і памерлых. Уведзены ў краіне 9 кастрычніка абавязковы маскавы рэжым, за невыкананне якога збіраліся нават штрафаваць, не пратрымаўся і двух тыдняў – пасля таго, як Лукашэнка жорстка выступіў супраць такіх абмежаванняў, Міністэрства аховы здароўя адразу ж іх скасавала. Пасля гэтага кантраляваць пачалі не выкарыстанне сродкаў абароны, а адсутнасць напамінаў пра іх неабходнасць – налепкі і плакаты, якія заклікаюць да нашэння масак, прымушалі здымаць у гарадскім транспарце, аб'ектах гандлю і іншых грамадскіх прасторах.

Сам жа Лукашэнка здымае маску ў «чырвонай зоне» і цісне там руку адной з пацыентак, а еўрапейскія і амерыканскія вакцыны, у адрозненне ад расейскага «Спадарожніка» прызнаныя ва ўсім свеце, адмаўляецца завозіць у краіну, бо мяркуе, што гэта дасць людзям магчымасць «ехаць на Захад і атрымліваць інструкцыі». Паказальнае і стаўленне да самой прышчэпкі: 19 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што «вакцынавацца трэба», ды і ён сам нібыта «ніколі супраць гэтага не быў» – а ўжо на наступны дзень паведаміў, што ўжыве выключна беларускую вакцыну, якую быццам бы выпусцяць у 2023 годзе.

У выніку многія беларусы сапраўды не вельмі сур'ёзна ставяцца да пагрозы каранавірусу. У краіне даволі нізкі адсотак прышчэпленых (3,3 млн чалавек атрымалі адну дозу вакцыны, 2,6 млн – дзве) і прахалоднае стаўленне да масак – нават калі ў кастрычніку яны былі абавязковыя, на спартовых арэнах гэтыя сродкі абароны ігнараваліся.

Хто ж у гэтым вінаваты? Адказ ёсць у Аляксандра Глеба. Яго самога ўжо «сур'ёзна ламала» ад каранавірусу, так што да пандэміі сям'я экс-футбаліста ставіцца цалкам сур'ёзна – паводле ягоных словаў у гутарцы з расейскім сайтам Sport24, яны «імкнуцца не бываць у месцах вялікай колькасці людзей, выконваюць правілы гігіены, п'юць вітаміны для ўмацаванні імунітэту». А вось бестурботнасць беларусаў у дачыненні да ковіду Глеб не ўважае за вынік адпаведнай дзяржаўнай палітыкі – на ягоную думку, уся рэч у саміх суайчынніках.

«Думаю, трэба ўважліва і правільна выконваць захады, пра якія кажуць лекары. Маскі ў грамадскіх месцах проста неабходныя. Але, на жаль, у нас такі менталітэт, сам ведаеш. Усе думаюць: "Ану праскочу, мяне гэты вірус бокам абыдзе". Таму часам людзі расслабляюцца, забываюцца на захады бяспекі», – заявіў былы паўабаронца «Арсенала» і «Барселоны».

Да гэтага Глеб выказаўся пра каранавірус на старце пандэміі – у сакавіку 2020-га ў інтэрв'ю The Sun. Ангельскі таблоід звярнуўся да яго па каментар, бо тады якраз стартаваў чэмпіянат Беларусі – нягледзячы на тое, што астатнія еўрапейскія лігі пайшлі на паўзу ці не пачалі сезон праз эпідэміялагічную сітуацыю. Паводле версіі, апублікаванай The Sun, Глеб расказаў, што сам ставіцца да хваробы адказна і знаходзіцца на самаізаляцыі, каб не кантактаваць з пабочнымі, а сітуацыю ў цэлым пракаментаваў так: «Улады Еўропы, УЕФА зрабілі правільна, скасаваўшы спартовыя спаборніцтвы. Але ў Беларусі гэта нібыта нікога не хвалюе. Гэта неверагодна. У нашай краіне людзі ў адміністрацыі Лукашэнкі мяркуюць, што гэта не так экстрэмальна, як гаворыцца ў навінах».

Аднак неўзабаве пасля трапляння інтэрв'ю ў беларускія СМІ Глеб напісаў вялікі пост-аспрэчанне ў сваім інстаграме, у якім выказваў здзіўленне «непазнавальнай інфармацыі» і ўносіў удакладненні. «Так, я цяпер на самаізаляцыі, і ў нашай краіне дазволена гэта зрабіць тым, хто рэальна бачыць у гэтым неабходнасць, але пры гэтым у інтэрв'ю я сказаў, што раз адміністрацыя прэзідэнта не бачыць рэальнай неабходнасці сыходзіць краіне на каранцін, значыць сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Я супраць якой-небудзь панікі. Пра наведванне футбольных матчаў – тут ужо кожны сам вызначае. Нашы футбалісты без панікі выходзяць на поле і гуляюць. Сярод іх мноства маіх знаёмых і, калі наступіць рэальная пагроза іхняму здароўю, здароўю гледачоў, я ўпэўнены, матчы спыняцца», – заявіў ён тады.

У свежым інтэрв'ю журналіст Sport24 спытаў Глеба пра тую сітуацыю з The Sun. Экс-футбаліст у адказ выдаў трэцюю версію сваіх словаў: «У інтэрв'ю [The Sun] я сказаў, што ў нас у краіне нацыянальны чэмпіянат праходзіць з захаваннем захадаў бяспекі, усё пад кантролем. А яны напісалі, што ў Беларусі ўладам пляваць на каранавірус».

Свежая рыторыка Глеба блізкая да таго, што выкладаюць беларускія спартовыя службоўцы. Яшчэ ў канцы мінулага года Уладзімір Базанаў заяўляў, што ў АБФФ нават тэлефанавалі з УЕФА, каб пераняць досвед правядзення чэмпіянату ў пандэмію. А днямі ў тым жа духу выказаўся міністр спорту Сяргей Кавальчук. Ён не толькі адрапартаваў пра цікавасць еўрапейскіх футбольных функцыянераў – паводле ягонай версіі, комплекс абмежавальных захадаў, ужытых тады ў ЧБ, цяпер ужываюць увогуле ўсе краіны. Рассыпаўся Кавальчук у кампліментах беларускім кіраўнікам – маўляў, быў «штодзённы маніторынг сітуацыі», пра кожны матч прымалася «абдуманая, узважаная пастанова» і ўвогуле ўсе «разумелі ўзровень адказнасці». Прыгожая гісторыя – вось толькі лёгкі фактчэкінг разбівае яе проста дашчэнту.

Ну, а вяртаючыся да словаў Глеба пра тое, што ў стаўленні беларусаў да ковіду вінаваты менталітэт, можна зафіксаваць, што ў белспорту з'явіўся яшчэ адзін пункт ва ўжо і так дастаткова доўгім спісе прэтэнзій да народцу.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках